Ушачские спасатели провели рейд в населённых пунктах по профилактике пала сухой травы

Профилактика и безопасность

Увесь красавік у навінах з’яўляліся звесткі аб пажарах па прычыне выпальвання сухой травы, а выратавальнікі, эколагі не стамляліся праз усе СМІ казаць пра шкоду палаў і ўнушальныя штрафы за гэта. Наколькі законапаслухмяныя ў гэтым плане ўшачане? Гэта мы высветлілі падчас сумеснага рэйду з выратавальнікамі, праехаўшы на мінулым тыдні па населеных пунктах раёна.

Шматлікія чорныя плямы ўздоўж дарог, на палях, агародах, у садах сведчылі, што многія па-ранейшаму не ўсведамляюць, да чаго можа прывесці такое навядзенне парадку. Так, напрыклад, зусім не ўзрадавалі краявіды паблізу Дворыцы – тут абочыны каля дарогі і аўтобуснага прыпынку таксама пярэсцілі чорным колерам. Гэтак жа непрыгожа выглядалі палеткі непадалёк ад Азаранак. А вось у Старым Сяле нехта вырашыў “зрабіць добрую справу” і з дапамогай запалак пазбавіцца ад травы ў цэнтры вёскі: агонь хутка бег да аднаго з незаселеных домікаў і толькі дзякуючы нераўнадушным жыхарам вёскі абышлося без пажару.

“Мы толькі сухое лісце спальваем, невялікі агонь кантралюем!” – казалі вяскоўцы ў Жарах, якіх засталі якраз за ўборкай. Пазбавіцца такім чынам ад смецця можна, толькі выключна ў бязветранае надвор’е пад наглядам і не забываючыся пра васьмімятровую “дыстанцыю” ад пабудоў і абсталяванае для гэтага месца. Аднак прытрымліваюцца правілаў не ўсе – у тым жа населеным пункце ўбачылі, як дагарала смецце, а паблізу нікога не было.

Сляды палаў убачылі і ў іншых населеных пунктах Вялікадолецкага, Кубліцкага сельсаветаў. Ды і далёка за прыкладамі хадзіць не трэба: кожную вясну выгарэлую траву можна ўбачыць і ў наваколлі Ушач. У сёлетнім сезоне выратавальнікам дзясяткі разоў паступалі паведамленні аб загаранні смецця і травы.

– Гэта значна менш, чым у папярэднія гады, калі пажарныя машыны часам не паспявалі вяртацца з аднаго выкліку, як паступаў другі. Тым не менш, з-за палаў сёлета поўнасцю знішчаны агнём лазні ў Кісялёве і Янове, – адзначае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС В.В.Карэйша. – У такіх выпадках складана вызначыць віноўнікаў пажару.

На гэтым тыдні халоднае і мокрае надвор’е звяло да мінімуму колькасць палаў, ды і ў рост ужо актыўна пайшла зялёная трава. Рызыка пажараў па прычыне выпальвання сухой расліннасці засталася на пустуючых закінутых участках па вёсках, дзе летась не выкошваўся бур’ян.

Наперадзе цёплы сезон, супрацоўнікі МНС заклікаюць выконваць правілы бяспекі падчас “ліквідацыі” смецця на сваіх участках, адпачынку ў лясах і на прыродзе, арганізуючы шашлыкі на сваёй сядзібе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *