Единый день информирования на предприятиях Ушаччины был посвящён киберпреступлениям и вакцинации от COVID-19

Общество

Адзіны Дзень інфармавання, што прайшоў на мінулым тыдні на прадпрыемствах раёна, прысвячаўся дзвюм надзвычай актуальным зараз тэмам: прафілактыцы кіберзлачынстваў і правядзенню на Ушаччыне вакцынацыі ад каранавіруса. Адметна, што ўдзел у сустрэчах акрамя прадстаўнікоў раённай улады, ідэалагічнага актыву прынялі праваахоўнікі і медыкі, якія непасрэдна курыруюць гэтыя пытанні. Такі фармат, дарэчы, аказаўся плённым: акрамя цікавай інфармацыі прысутныя атрымлівалі адказы на хвалюючыя пытанні, як кажуць, з першых вуснаў.

Калі давер не на карысць…

Пра розныя віды інтэрнэт-махлярства чулі, напэўна, усе. Але менш такіх злачынстваў не стала – дзякуючы новым улоўкам, зламыснікі працягваюць зарабляць на даверлівасці грамадзян. “Пляцоўкай” жа для выманьвання грошай часта становяцца сацыяльныя сеткі. Атрымаўшы несанкцыянаваны доступ да чужога акаўнта (праз падбор пароля, выкарыстанне фішынгавых сайтаў і адмысловага праграмнага забеспячэння), зламыснік рассылае сябрам ахвяр паведамленні, у якіх просіць перадаць яму грошы ці канфідэнцыйную інфармацыю. Некалькі такіх прыкладаў: “Маша, я знаходжуся ў Расіі, у мяне выкралі кашалёк і тэлефон. Тэрмінова патрэбны грошы на білет дамоў. Адпраў мне на карт-рахунак ці мабільны тэлефон 5000 рублёў (махляр мае на ўвазе расійскія грошы, паколькі не ведае, што ў Беларусі гэта вялікая сума). Усё вярну па прыездзе”; “Прывітанне. У цябе ёсць дзеючая банкаўская картка? Маю заблакіравалі, а якраз сёння мне павінны пералічыць грошы. Можна я дам рэквізіты тваёй? Потым мне аддасі. У даўгу не застануся!”. Каб пераканацца, што гэта сапраўды ваш знаёмы, патэлефануйце яму ці ў перапісцы задайце пытанне, на якое зламыснік гарантавана не будзе ведаць правільны адказ.

Распаўсюджаным стаў фішынг. Як расказаў на сустрэчы з работнікамі райвыканкама старшы оперупаўнаважаны РАУС М.В.Баратынскі, заключаецца ён у падробцы старонкі аплатнай сістэмы і атрыманні даных банкаўскай карты ўладальніка. Фішынгавы сайт капіруе сапраўдны, але мае непрыкметнае адрозненне ў адной літары ці лічбе, напрыклад: belpochta.by, bellpost.by, belpocht.by, belpost.be, europocha.be, kufar.cc, bel-bank.online.by і іншыя. Падробленыя старонкі дасылаюць у мэсэнджэр пакупнікам тавараў з сайтаў аб’яў нібыта для атрымання перадаплаты, афармлення дастаўкі. І грамадзяне ўводзяць канфедэнцыяльныя даныя…

Надзвычай многа зараз фактаў вішынгу. Зламыснікі тэлефануюць з нумара, падобнага на нумар банка, прадстаўляюцца супрацоўнікам гэтай установы ці праваахоўнікам і, каб нібыта вярнуць выпадкова спісаную суму ці спыніць атаку кіберзлачынцаў, просяць паведаміць даныя банкаўскай карты. Бывае, што раяць устанавіць праграмнае забеспячэнне аддаленага доступу для дзеянняў у інтэрнэт- ці М-банкінгу. Падобны выпадак адбыўся нядаўна ў Наваполацку. Мясцовая жыхарка падчас тэлефоннай гутаркі з нібыта супрацоўнікам банка перадала яму сакрэтныя звесткі аб рэквізітах карты, нумары пашпарта і коды смс-паведамленняў ад банка для пацвярджэння аперацый. У выніку жанчына страціла больш за 30 тысяч долараў.

Праваахоўнікі нагадваюць: нікому не варта перадаваць даныя банкаўскай карты, логіны і паролі доступу да банкінгу, коды для пацвярджэння аперацый з смс-паведамленняў ад банка. Выкарыстоўвайце паслугу “3D Secure” і ліміты на максімальныя сумы анлайн-аперацый (можна падключыць самастойна ці ў банку). Для анлайн-пакупак аформіце асобную карту (у тым ліку віртуальную) і не трымайце на ёй вялікія сумы. Будзьце ўважлівыя, калі купляеце нешта праз інтэрнэт, выкарыстоўвайце правераныя і афіцыйныя сайты. Больш інфармацыі – у тэлеграм-канале “Лічбавая адукаванасць” (@cifrgam).

Не чакайце небяспечнага “знаёмства”

“Шчыра скажу: не разумею людзей, якія адмаўляюцца ад магчымасці зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, хваробы надзвычай каварнай, – зазначыла на сустрэчах у філіяле аблспажыўтаварыства і райвыканкаме галоўны ўрач Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы А.А.Міранкова, якая, дарэчы, правакцынавалася ў раёне першай. – Ва ўмовах пастаянных нервовых перагрузак церпяць наша імунная сістэма – верагоднасць займець COVID-19 павялічваецца. А хвароба дае ўскладненні на сардэчна-сасудзістую і нервовую сістэмы, лёгкія, ныркі… Менавіта ад гэтага паміраюць людзі. Вакцынацыя – самы надзейны спосаб абараніць сябе, увесь цывілізаваны свет актыўна ім карыстаецца. Прыемна, што прышчэпку зрабілі ўжо 73 працэнты маіх калег, каля 5 працэнтаў – іншых спецыялістаў і простага насельніцтва. Для выпрацоўкі ж калектыўнага імунітэту патрабуецца павялічыць агульную лічбу мінімум да 60”.

Жадаючых правакцынавацца ад каранавіруса чакаюць з 8 да 18 гадзін у кабінеце №50 паліклінікі, лепш – па папярэдняй дамоўленасці, паколькі прэпарат “Спутнік V” падлягае размарозцы. Дарэчы, дзённы стацыянар для гэтай мэты выбраны невыпадкова: ёсць магчымасць паназіраць за чалавекам 20-30 хвілін пасля працэдуры. Зрабіць прышчэпку можна і ў бальніцах сястрынскага догляду – у Глыбачцы, Вялікіх Дольцах, Дубраўцы.

Па словах Анжалікі Анатольеўны, зараз у нас трэцяя хваля COVID-19. Калі месяц таму пацыентаў (іх было нямнога, у асноўным з лёгкай формай захворвання) не шпіталізавалі, то зараз інфекцыйнае аддзяленне практычна запоўнена. На шчасце, “рэанімацыя” пакуль не задзейнічана ў лячэнні хворых на каранавірус. Адзін апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх часова перададзены ў Полацк, дзе ён надзвычай запатрабаваны.

Медыкі раяць не рызыкаваць, а зрабіць прышчэпку ўжо зараз. Па даных навуковых даследаванняў, моц “Спутніка V” захоўваецца ў сярэднім на працягу года, пры гэтым змяншаецца рызыка захварэць і павышаецца верагоднасць перанесці COVID-19 у лёгкай форме.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *