В школах Ушачского района прошли выпускные вечера

Общество

На зыходзе чацвярговага дня ім не надта верылася, што надышоў час развітання з дзяцінствам. Наперадзе былі знакавыя ўрачыстасці з уручэннем атэстатаў сталасці, шчырыя віншаванні, хвалюючыя словы прызнання і спадзявання… 10 чэрвеня 69 экс-адзінаццацікласнікаў школ Ушаччыны – дзяўчаты з прыгожымі прычоскамі і ў вячэрніх сукенках, юнакі ў стыльных касцюмах – сабраліся ў родных альма-матэр на выпускны баль.

Нібы па чырвонай галівудскай дывановай дарожцы, пад пільным позіркам фота- і відэакамер крочылі ўвечары да Ушацкай школы 48 сёлетніх выпускнікоў, іх класныя кіраўнікі Святлана Дзмітрыеўна Галай і Людміла Аляксандраўна Худалеева. Гучнымі апладысментамі спачатку ля ўстановы, а пазней у актавай зале іх віталі настаўнікі, бацькі і госці. Дарэчы, месцы “ля сценачкі” таксама карысталіся попытам. “Адсюль нават лепш бачна ўсё, што адбываецца на сцэне”, – казалі сябры і знаёмыя галоўных віноўнікаў урачыстасці, многія з якіх прыйшлі з кветкамі і падарункамі. Прапусціць такое дзейства не змагла і мінулагодняя выпускніца навучальнай установы Злата Клачок, якая перад пачаткам сесіі ў ВНУ зноў акунулася ў атмасферу свята, падтрымала свайго брата Марата, які сёлета скончыў профільны фізіка-матэматычны 11 “Б”.

На ўрачыстасці ва Ушацкай школе.

“Ніколі не здраджвайце мары, будзьце настойлівымі і працавітымі – тады ўсё атрымаецца, – жадалі юнакам і дзяўчатам намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак, а ад імя бацькоў – Аляксей Віктаравіч Бачэлянкоў. – Дзеля гэтага былі гады вучобы ў школе, атрыманыя веды, якія стануць вырашальнымі на ўступных іспытах”. Госці мерапрыемства падзякавалі педагогам за іх высакародную працу, мамам і татам за тое, што яны разам са школай выхавалі дастойных сыноў і дачок. І зноў звярнуліся да выпускнікоў з пажаданнем дасягнуць усіх вышынь, якія яны паставяць перад сабою. І няхай гэта будзе не толькі асабіста для іх, але і на карысць любімай Радзімы.

Атэстат атрымлівае Ганна Раманоўская.

Падчас святочнага дзейства прысутных чакала нямала сюрпрызаў: сустрэча з першымі настаўнікамі, канцэртныя нумары ў выкананні вучняў і нават бацькоў, цікавыя відэаролікі пра будні экс-адзінаццацікласнікаў. Па добрай традыцыі апошнія закружыліся ў гэты вечар у прыгожым вальсе, прынялі ўдзел у пасадцы туй на алеі выпускнікоў каля школы. Атэстаты ж і Пахвальныя лісты ім уручыў дырэктар Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі.

Выпускнікі Глыбачанскай школы.

Многія мамы і нават таты змахвалі слёзы, калі на экране з’яўляліся фота іх дзяцей. Каб не прапусціць урачыстасць, загадзя адклалі ўсе планы Марына і Алег Харэвічы – сёлета школу закончыла іх дачушка Юлія. Няпроста было справіцца з хваляваннем заўсёды стрыманым Аляксандру і Алене Шакутам, якія прыйшлі на апошні школьны баль дачкі Паліны разам з малодшым сынам Паўлам. Шчыра дзякавалі школе, педагогам Сяргей і Аксана Алабіны – урачыстасць падарыла шмат эмоцый, цёплых зносін з сябрамі іх дачушцы Дар’і, якая па стане здароўя праходзіла навучанне на доме, прычым, не прывычныя 11, а 12 гадоў. Ну а Ірына Маслоўская сёлета была ў дзвюх эпастасях: і як настаўнік англійскай мовы, і як маці выпускніка Радзіёна.

Прыгожа, кранальна прайшлі мерапрыемствы і ў сельскіх установах адукацыі.

Марат Клачок з бацькамі Аляксеем і Ірынай.

Асаблівым лічыць сёлетні выпуск дырэктар Ільюшынскай школы Таццяна Анатольеўна Пахолак. Па яе словах, усе 6 адзінаццацікласнікаў – камсамольцы, актывісты і проста прыгажуны, у якіх энергіі і творчых задум хоць адбаўляй. Так, напрыклад, Юрый Жарнасек (дарэчы, адзіны прадстаўнік моцнай паловы ў класе) паспяхова прымаў удзел у алімпіядным руху па нямецкай мове, Ніна Сімановіч – па біялогіі. У скарбонцы дасягненняў выпускнікоў – дыпломы пераможцы на рэспубліканскім экалагічным конкурсе, фестывалі міжкультурных камунікацый. Пацвярджэнне іх актыўнасці і ў тым, што зараз – у час падрыхтоўкі да ЦТ і ўступных іспытаў (дарэчы, трое абралі вышэйшыя навучальныя ўстановы, столькі ж – медыцынскі каледж) – некаторыя падпрацоўваюць афіцыянтамі ў санаторыі “Лясныя азёры”. Такую працавітасць, адказнасць юнакам і дзяўчатам прывівала іх класны кіраўнік, настаўнік хіміі і біялогіі Галіна Мікалаеўна Аўсіевіч.

Сумаваць па 7 сёлетніх сваіх выпускніках будзе і А.М.Зянюк з Глыбачкі. І хоць “зорак” з вучэбнага небасхілу гэтыя школьнікі не хапалі, стабільна з’яўляючыся моцнымі “серэднячкамі”, Аліна Мікалаеўна не сумняваецца ў іх далейшай паспяховасці (дарэчы, чацвёра плануюць паступаць у ВНУ), пра што казала на ўрачыстасці, наладжанай ва ўстанове ў чацвер. Шмат цёплых слоў у адрас галоўных віноўнікаў урачыстасці прагучала і ад старшыні Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын А.В.Пашковіч. Пад гучныя апладысменты бацькоў, педагогаў, школьнікаў Алена Васільеўна выканала пачэсную місію ўручэння атэстатаў.

Вальс-развітанне ў гарпасёлку.

“А нашы выпускнікі, якіх сёлета 8, – самыя адкрытыя і дружалюбныя, – падзялілася з намі дырэктар Вялікадолецкай школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч. – Нямала ў іх і дасягненняў. Так, напрыклад, Вікторыя Алексяёнак добра заявіла пра сябе на навукова-практычных канферэнцыях “Эўрыка” і “Квант”, займалася гісторыка-краязнаўчай работай, Святлана Дарашкевіч – нязменны экскурсавод нашага музея, Маргарыта Алексяёнак – выдатная пявуння, без якой не абыходзілася практычна ніводнае школьнае мерапрыемства”. Прыкладам жа ва ўсім для іх была класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Канстанцінаўна Спірыдовіч. Напрыканцы мерапрыемства разам з ёй па добрай традыцыі выпускнікі ўсклалі кветкі да помніка ля школы.

…Прыемныя ўспаміны, слёзы хвалявання і радасці, шчаслівыя ўсмешкі і бясконцыя здымкі на памяць з аднакласнікамі, настаўнікамі і бацькамі – усё гэта выпускны баль, які перагарнуў апошнюю старонку дзяцінства і раскрыў перад учарашнімі школьнікамі новыя, нязведаныя прасторы дарослага жыцця. У добры шлях, выпускнікі!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *