Погода показывает характер. Как ушачане устраняли последствия стихии

Общество

На гэтым тыдні многія раёны Беларусі цярпелі ад урагану. З­за праходжання  навальнічнага фронту пацярпелі больш пяцісот населеных пунктаў у розных абласцях. Пашкоджаны дахі дамоў і вытворчых, сельскагаспадарчых  памяшканняў, падтоплены будынкі і падворкі, зафіксаваны падзенні больш чатырох тысяч дрэў, з іх 447 выпадкаў – на транспартныя сродкі. Не абышла бура і сталіцу, там у нацыянальным аэрапорце “Мінск” стыхія не толькі выбіла вокны, а нават пашкодзіла 8 самалётаў (на шчасце, абышлося без ахвяр і пацярпелых), з­за моцных падтапленняў многіх раёнаў сталіцы для ліквідацыі наступстваў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях увяло план “Пасейдон”.

У панядзелак стыхія прайшлася і па нашым раёне, пасля чаго нязручнасці адчулі жыхары  некаторых населеных пунктаў раёна.

Ва ўзмоцненым рэжыме ў панядзелак працаваў Ушацкі раён Полацкіх электрасетак. З­за ўрагану месцамі былі зламаны апоры на лініях электраперадач 4 і 10 кВт, назіраліся абрывы правадоў і падзенне на іх дрэў. Без электрычнасці засталіся часткова гарпасёлак, Гута, Наваселле, Мосар – менавіта гэтыя населеныя пункты аказаліся ў эпіцэнтры буры. Аднавіць падачу святла ва Ушачах энергетыкі змаглі ўжо праз пару гадзін, да двух ночы яно з’явілася ва ўсіх астатніх вёсках, за выключэннем Мосара. Да 9 гадзін раніцы аўторка падача электраэнергіі была поўнасцю адноўлена. Працаўнікі электрасетак даволі аператыўна справіліся з надзвычайнай сітуацыяй, было задзейнічана 12 адзінак тэхнікі і практычна ўвесь штат арганізацыі.

Тэрміновая дапамога ўшацкіх выратавальнікаў у час урагану, на шчасце, нікому не спатрэбілася, а вось выязджаць на ліквідацыю наступстваў прыйшлося неаднаразова. Так, работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях на вуліцы Віцебскай у гарпасёлку адпампоўвалі ваду, а аўтамабільную дарогу Ушачы­Лепель у прамежку ад Ушач да Ільюшына ачышчалі ад паваленых дрэў. У Жарах на помнік ля былой школы трапіла дрэва (помнік не пашкоджаны), якое ўбіралі таксама работнікі райаддзела. У цяперашні час яны аказваюць паслугі насельніцтву па ўборцы паваленых і зламаных дрэў у населеных пунктах раёна.

На Ушаччыне такіх маштабных разбурэнняў, якія панёс Шаркаўшчынскі раён пасля тарнада 11 ліпеня, не назіраецца. Начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Лепельскім раёне Тамара Васільеўна Зімніцкая адзначае, што мінулая непагадзь не выклікала масавага наплыву страхавальнікаў.

Аднак звароты па страхавых выпадках усё ж паступілі. Былі сур’ёзна пашкоджаны дахавыя канструкцыі ў Гарадцы, Гуце, Наваселлі, Старым Сяле Ушацкага сельсавета і самім гарпасёлку. Пацярпелі дамы і падсобныя гаспадарчыя памяшканні. У адным з прыгаданых населеных пунктаў абломкі страхі гаража пашкодзілі аўтамабіль, які знаходзіўся ўнутры (машына не была застрахавана па “Аўтакасцы”).

Разам са шквалістымі вятрамі ўрон нанеслі таксама навальніцы. Перанапружанне электрычных сетак з­за ўдараў маланкі прывяло да псавання бытавых электрапрыбораў і газавых ацяпляльных катлоў. Грамадзяне, якія маюць поліс добраахвотнага страхавання пабудоў (катлы адносяцца да элементаў будынку), пры аварыі ацяпляльнай сістэмы атрымаюць кампенсацыю ў памеры 100% ад выдаткаў на яе аднаўленне. Дагавор абавязковага страхавання будынкаў пакрывае толькі палову зрасходаванай сумы.

За апошнія некалькі дзён зафіксавана больш за 20 заяў аб страхавой выплаце з­за метэаралагічных умоў. Верагодна, гэта лічба можа ўзрасці, бо надвор’е застаецца няўстойлівым.

Напэўна ўсе ўшачане бачылі наступствы стыхіі ў суседніх раёнах па тэлебачанні і ў інтэрнэце. А некаторыя нават сталі сведкамі разбурэнняў, бо дапамагалі родным і знаёмым справіцца з нечаканай бядой. Напрыклад, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук вечарам 11 ліпеня быў у Шаркоўшчыне.

– Хата цёшчы апынулася ў самым эпіцэнтры непагоды, – у мабільным тэлефоне Міхаіла Аляксандравіча маюцца здымкі жылля, якое засталося фактычна без даху. – Адзін скат сарвала ветрам, а з другога боку шыфер пабіла, калі на яго прыляцелі рэшткі даха суседскага дома. Практычна нічога не засталося і ад шкляной цяпліцы. У прынцыпе, уцалець яна і не магла, бо сіла ветру была такая, што метрах у 150 па вуліцы, на якой практычна не знайсці непашкоджанага дома, несла гандлёвы павільён разам з людзьмі, якія там знаходзіліся.

Падрыхтавалі Вольга КАМАРКОВА, Вольга СЕВЕРЫНА, Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *