Нынешняя весна принесла Ушачской ДШИ большой урожай конкурсных достижений

Культура

Сёлетняя вясна прынесла Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў багаты ўраджай конкурсных дасягненняў.

У рангу фаварыта адпраўляўся на Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” Узорны дзіцячы хор “Вясёлка”, якім кіруе Жанна Віктараўна Савіцкая, а канцэртмайстрам з’яўляецца Вольга Аляксандраўна Цітова. З-за пандэміі сёлетні конкурс “Браслаўская харавая асамблея”, што ладзіцца ў рамках свята, не далічыўся некаторых замежных удзельнікаў, аднак канкурэнцыя ўсё роўна была высокая, а пры вызначэнні пераможцы сярод дзіцяча-юнацкіх хароў галасы журы раздзяліліся паміж калектывамі з Лепеля і Ушач. У наш бок чашу вагаў схіліла больш складаная праграма – і ўшачане ў трэці раз запар сталі пераможцамі прэстыжнага форуму!

Д.Жахоўская.

Вырашылі нашы выканаўцы паспрабаваць свае сілы і ў Першым міжнародным харавым конкурсе імя Віктара Роўды – заснавальніка айчынных харавых акадэмічных спеваў, які адзначыў бы сёлета сваё стагоддзе. Конкурс праводзіўся дыстанцыйна, а каб трапіць у фінал, дзе былі прадстаўлены калектывы з 7 краін, давялося прайсці адборачны тур, з чым нашы ўдзельнікі паспяхова справіліся. Усяго для конкурсу ўшачане падрыхтавалі пяць разнастайных твораў, а іх выкананне было высока ацэнена міжнародным журы: наш хор стаў лаўрэатам другой ступені і атрымаў спецыяльны Дыплом за пераканаўчую прэзентацыю калектыву.

П.Салаўёва.

Папоўнілі калекцыю ўзнагарод і выхаванцы эстраднага аддзялення. Прыемна, што запаліліся новыя зорачкі. Так, на Міжнародны вакальны конкурс-прэмію маскоўскага кампазітара Ганны Пятрашавай “Вольная птушка” адправілі свае відэа Дар’я Жахоўская і Варвара Ларчанка. Для дэбюту Даша і педагог аддзялення Алена Анатольеўна Сазонава выбралі адказную намінацыю, удзельнікі якой выконвалі творы заснавальніцы конкурсу. Песня “Мой новы дзень” вядомая, бо гучала на леташнім дзіцячым “Еўрабачанні”, аднак Дар’я здолела стварыць свой вобраз і стала лаўрэатам трэцяй ступені. Ну а з Вары атрымалася цудоўная “Хуліганка” (так называўся яе нумар) – у дзяўчынкі лаўрэацкі дыплом другой ступені.

“Дзецям заўсёды прыемна бачыць плён сваіх старанняў, а здабытыя ў творчай барацьбе дыпломы і сувеніры – гэта каштоўныя артэфакты, якія будуць нагадваць пра шчаслівыя часы вучобы ў “музыкалцы”, – лічаць Ж.Савіцкая і А.Сазонава. – Менавіта таму мы імкнёмся заахвоціць вучняў да ўдзелу ў конкурсах і, канечне, шчыра ўдзячныя іх бацькам, іншым людзям, якія дапамагаюць гэта ажыццявіць”.

Удалым аказаўся для эстраднікаў і ІІ Рэспубліканскі завочны конкурс “Рытмы планеты”. У ім вырашыла паспрабаваць сябе ўжо вопытная канкурсантка Паліна Салаўёва. Песню для выступлення падбіралі доўга: у складаным па вакале трэку “Language” не хапала “драйву”, але педагог школы мастацтваў Уладзімір Мірончыкаў зрабіў новую аранжыроўку – і твор загучаў па-іншаму. Журы ацаніла ўзровень нумара і прысудзіла Паліне першае месца ў намінацыі “Джазавы вакал”. Не засталіся без узнагарод і яшчэ дзве ўшачанкі, што спаборнічалі сярод выканаўцаў эстрадных твораў: Надзея Раманоўская і Варвара Ларчанка сталі лаўрэатамі другой і трэцяй ступені адпаведна. Паліна ж прадоўжыла заваёўваць трафеі: на міжнародным конкурсе “Мая мара”, які сабраў больш 1000 удзельнікаў з Расіі, Беларусі, Кітая, Польшчы, наша прадстаўніца атрымала дыплом лаўрэата другой ступені.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Нынешняя весна принесла Ушачской ДШИ большой урожай конкурсных достижений

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *