В Ушачском районе впервые удалось подготовить собственную элиту семян сурепицы

Сельское хозяйство

“Упершыню ў гісторыі раёна мы змаглі падрыхтаваць уласную эліту насення свірэпіцы”, – вядучы аграном інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Мікалай Віктаравіч Азевіч спецыяльна завітаў у рэдакцыю, каб падзяліцца прыемнай інфармацыяй. Вырасціла масланасенне ААТ “Ільюшынскі”, ачысціў філіял “Маяк-Ушацкі”, ну а падзелена для сяўбы яно бузе сярод усіх гаспадарак раёна.

М.Лук’янаў, М.Саўчанка.

Прыгожая карычнева-залацістая горка ляжыць у арачніку філіяла ў былой вёсцы Пралетарый. У 2013 годзе тут аднавілі лінію па ачыстцы, якая служыць зараз усяму раёну. “Збіралі са свету па нітцы. “Петкусам” гаспадарак ужо па 50 гадоў, гэты самы малады – у 1993-м прывозіў яго з Ноўгарада. Працаваў аграномам у “Райсельгастэхніцы”, спецыяльна набывалі, каб рыхтаваць ячныя крупы і грэчку – была вялікая падсобная гаспадарка, – расказвае М.Азевіч. – Пасля ўсіх рэарганізацый машына аказалася на былым зернесушыльным пункце ў Пліна. Дзякуй Богу, што ўдалося перавезці нераскамплектаванай. Шнэкі з былой “Савецкай Беларусі” даставілі, паветраводы – з нуля. Хлопцы ўсё правільна сабралі і трывала ўстанавілі. Гэта зусім няпроста, разбірацца трэба. Добра, што Мікалай Лук’янаў працаваў на ачыстцы яшчэ ва “Ушацкім”. І чалавек вельмі адказны. Не толькі рапс, зерне, 20 тон канюшыны “Агра-Селішчу” летась ачысціў, не гаворачы пра аб’ёмы сваёй гаспадаркі”.

Д.Бучынскі.

Думала, што працэс гэты амаль поўнасцю механізаваны: насенне падаецца і праз некалькі хвілін сыплецца чыстае. А аказалася, што ад канвеера не адыходзіць ні Мікалай Пятровіч, ні яго памочнік Дзмітрый Васільевіч Бучынскі. Сіты часта забіваюцца, таму, не спыняючы лініі, адзін іх прачышчае, а другі дапамагае цячы дзвюм карычневатым струйкам.

Летась “Ільюшынскі” атрымаў з насенняводчай гаспадаркі дзве тоны суперэліты сорту “Вераніка”. Сёлета мае больш 15 тон эліты, за тону якой гаспадаркі даюць таварыству дзве масавых рэпрадукцый.

“Нам бы другое сіта, два “Петкусы” б запусцілі. Пры ачыстцы азімых адным складана”, – прасілі аператары. Сапраўды, працэс гэты хуткім не назавеш. За дзень прапускаюць па 400 кілаграмаў. У халодныя месяцы, калі рыхтуюць яравыя, спяшацца няма куды. А паколькі насенне азімых хутка пойдзе на чарговы круг, летам пераходзяць на двухзменку і на чыстцы, і на сушцы. Незаменны ў гэтым працэсе і Валерый Іванавіч Кісель. Ён працуе ў гаспадарцы на ўласным невялікім трактары, якім падаецца ці вывозіцца насенне. Вось толькі не заплацілі сёлета за арэнду тэхнікі, што непакоіла і гаспадара, і іншых работнікаў. Не будзе трактара – спыніцца канвеер.

Не менш адказны ўчастак за Мікалаем Макаравічам Саўчанкам, ну а абсталяванне ўвогуле блізка да касмічнага. “Як у самалёце”, – раскрываючы шчыт зернесушылкі, паказвае аператар мноства правадоў і кнопак. – Раней яна была перасоўная, пераабсталявалі пад стацыянарную. Усё аўтаматызавана. Калі фураж сушым, дык і 80 градусаў тэмпературу носьбіта стаўлю. Ну а на насенне – не больш 40, каб не перасушыць, не сапсаваць ядро. Пераправяраю гатоўнасць яшчэ і вільгацямерам. Бывае і наверх сушылкі лажу. Вышыні не баюся, пасля Афгана і Чарнобыля мне нічога не страшна”.

В.Кісель.

Мікалай Макаравіч сёлета сушыў рапс, ну а на пляцоўцы ўжо чакала першая партыя зерневых – пшаніца. Гатовае насенне перабіраецца ў зернесховішча, якое летась адрамантавала будаўнічая брыгада камбіната хлебапрадуктаў. Дах працякаў, ды і праём быў толькі пад ГАЗ-53, якіх ужо няма, а МАЗы не праходзілі. Павялічылі і, галоўнае, справіліся да пачатку леташняй уборачнай кампаніі. Наогул сіламі КХП за апошнія гады адрамантавана 6 зернесховішчаў гаспадарак.

Трымаю ў руках чыстую свірэпіцу. Паколькі эліта – насенне больш светлае, чым звычайна, і буйнейшае. З віду яно як гарчыца, па смаку хоць і не пячэ, як распаўсюджаная прыправа, усё ж нагадвае яе. Са свірэпіцы, як і з рапсу, робяць харчовы і тэхнічны алей, з адходаў атрымліваецца шрот з высокім утрыманнем бялку. І як мы паведамлялі раней, сёлета перапрацоўшчыкі прымаюць яе ў залік дзяржзаказу па рапсе. А паколькі ўбіраецца свірэпіца першай, то і прыносіць гаспадаркам такія неабходныя перад уборачнай сродкі. Кошт з тэхнічным рапсам сёлета аднолькавы і амаль у два разы вышэй за мінулагодні, а вось у доглядзе свірэпіца некапрызная. Так што затрымаецца Вераніка на ўшацкіх палетках, хоць колькі год была незаслужана забыта.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *