«Фруктовницу за полчаса » — ушачанин Геннадий Рубаник виртуозно владеет техникой плетения из лозы

Общество

Дом і падворак Рубанікаў па вуліцы Дуброўскага не закрыты высокай шчыльнай агароджай. Было б крыўдна, калі б хавалася ад позіркаў прыгажосць драўлянай альтанкі, кампазіцыя з хвойнікаў, уваход у дом, што патанае ў квецені петуній. На яркі, з густам прадуманы прыдамавы дызайн міжволі звернеш увагу, як і на развесістую вярбу ля самай брамкі. Кожная дошчачка ці плітка-брушчатка зроблена і пакладзена рукамі Генадзя Васільевіча і Дзіны Віктараўны. Так жа ўтульна і ў доме, у кожным пакоі якога вісяць, стаяць вырабы з лазы.

– Пляценнем заняліся даўно, ці калі пакінулі кіраўніцтва аддзелам РАНС і з’явілася больш часу? – пытаюся ў Генадзя Васільевіча.

– Ды гады тры таму і выпадкова. Гуляў як заўсёды з сабакам па наваколлі, вока зачапілася за кусты лазы… і загарэўся. Ну а ў дапамогу прыйшоў інтэрнэт, там зараз можна адшукаць чаго хочаш. І відэа па вырабе пляцёнак з лазы таксама. Вучыўся азам на зялёных, неакароных галінах і мне здавалася гэта прыгожым”, – Генадзь Васільевіч усміхаецца і паказвае мне фотаздымкі сваіх першых кошыкаў. Зялёна-карычневыя, з коскамі, не такія вытанчаныя, як тыя, што заўважыла ў доме, але цікавыя.

– Галіны можна нарыхтаваць летам і адразу плесці, бо яны гнуткія. Лёгка навучыцца рабіць дно, завяршэнне пляцёнкі. Так што, калі нехта будзе пачынаць, раю такі ж шлях. Надта трывалымі іх не назавеш, з часам будуць гуляць і губляць форму, ну а ў якасці кашпо пойдуць.

Зараз самавучка нарыхтоўвае сыравіну, як і водзіцца, толькі зімой. Потым варыць яе, акарае, некалькі разоў сартуе і сушыць. У спецыяльным пакойчыку чакаюць свайго часу даўгія светлыя пруткі рознага дыяметру. У залежнасці ад таго, што будзеш рабіць. Фруктоўніцы, цукерачніцы, свяцільнікі і розныя іншыя малыя формы – з самых тонкіх, ну а куфары, падстаўкі і іншую мэблю – з тоўстага трывалага матэрыялу.

Хоць займаецца гэтым працэсам толькі з восені, калі заканчваецца агародны сезон, з яго пляцёнак ужо можна рабіць выставу. А некаторыя і пабачыць, напрыклад, у Доме рамёстваў. Там знаходзіцца самы шыкоўны экспанат, і самы аб’ёмны за ўвесь час пляцення – дзіцячая калыска на драўляных разных ножках, якія таксама рабіў сам.

На пытанне, хто рукасты ў сям’і, Генадзь Васільевіч адказвае: “Абсалютна ўсе. Бацька столькі дамоў зрубіў. Так што з дрэвам я таксама “на ты”, хоць матэрыял гэты на сённяшні дзень дарагі, а вось лаза – пад рукамі. Вырабы з яе энергазатратныя ў падрыхтоўцы сыравіны, затое дармавыя, не лічачы газу ды клею, якім прамазваюцца пляцёнкі. Самі рэчы, калі асвоіў коску ды іншыя элементы, плесці хутка, фруктоўніцу магу за паўгадзіны зрабіць”.

Не дабавіў майстар, што паколькі гэта хобі, трэба адшукаць час, вольны ад асноўных заняткаў. А яго ў працуючых людзей, каб падтрымліваць у парадку дом ды дачу ў Лозах, зусім няма. “Едзем адпачыць, а вяртаемся яшчэ больш стомленыя. Ля прыватных сядзіб работы заўсёды шмат, ну а Дзіна яшчэ і прыгажосць такую наводзіць. Кампазіцыі з кветак, хвойнікаў – справа яе рук”, – вылучае ролю жонкі ў выглядзе сядзіб Г.Рубанік.

Дарэчы, хоць і завецца вёска, у якой бацькоўскі дом Дзіны Віктараўны, Лозамі, лепшую сыравіну Генадзь Васільевіч адшукаў усё ж на ўскрайку Ушач. А ў Лозах нават пасадзіў лазу, каб разрасталася, паколькі мяркуе там зрабіць з яе дэкаратыўны плот. Кажа, што няпроста знайсці, падабраць эластычную, з якой будзе лёгка працаваць. Асам сябе не лічыць. І таму ахвотна гутарыць з такімі ж умельцамі, шукае новыя падыходы да старадаўняга прыроднага матэрыялу.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *