В рамках проекта «Скориновские дни в Полоцке — 2021» среди лауреатов есть и ушачане

Культура

Напрыканцы мінулага тыдня старажытны горад на Заходняй Дзвіне стаў пляцоўкай правядзення рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекту “Скарынаўскія дні ў Полацку-2021” і Нацыянальнага дзіцячага форуму “Беларусь – краіна магчымасцяў”. Маштабнае мерапрыемства сабрала каля 250 школьнікаў з Беларусі і нават гасцей з Расіі.

У праграме было шмат цікавага: Скарынаўская алімпіяда, адкрытыя ўрокі ля памятных мясцін Полацка “Беларусь: мы разам, мы адзіныя!”, дыялогавыя пляцоўкі, трэнінгі, свята “Салют, Піянерыя!”, вечар сяброўства. А падчас урачыстага закрыцця Скарынаўскіх дзён былі падведзены вынікі і ўручаны ўзнагароды пераможцам конкурсаў, што праходзілі ў рамках праекта. Прыемна паведаміць, што сярод лаўрэатаў аказаліся і ўшачане. Работа выхаванкі аб’яднання па інтарэсах “Лічбавая фотаздымка” Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Златы Бойчанкі заняла другое месца ў Рэспубліканскім фотаконкурсе “Макрапогляд у прыроду” ў намінацыі “Чараўніцтва раслін”. Пералескі высокародныя, якія ўразілі журы, былі сфатаграфаваны падчас заняткаў гуртка ў лесе за возерам Вечалле.

З.Бойчанка.

Прадстаўнікі раённага цэнтра ўзялі ўдзел і ў фотаконкурсе “Бяздоннае багацце”, дзе трэба было зрабіць фотаілюстрацыю да вядомага твора беларускай літаратуры. Як бачыце, сцэна з “Паўлінкі” атрымалася ва ўшачан вельмі жывой і характарнай. Удзел у падрыхтоўцы гэтай работы прымалі выхаванцы творчых аб’яднанняў “Капрыз” і “Танок”, якімі кіруюць Т.Лапёнак і В.Пугачова, ну а ўдалы здымак зрабілі ўсё тыя ж юныя фатографы. Да слова, аб’яднанне “Лічбавая фотаздымка” працуе ў цэнтры трэці год і карыстаецца цікавасцю ў школьнікаў, а сакрэтам мастацтва іх навучае вопытны фотамайстар Уладзімір Жыткоў. На занятках гурткоўцы не толькі вучацца рабіць дасканалыя здымкі, а і самі выступаюць у якасці фотамадэляў. Злата Бойчанка, дарэчы, далучылася да аб’яднання ў ліку першых, а потым прывяла на фотасет старэйшую сястру Алесю, якая ў хуткім часе стала лаўрэатам абласных фотаконкурсаў. Зараз поспех прыйшоў і да Златы, а на заняткі гуртка ўжо ходзіць і іх малодшая сястрычка Віялета. Увогуле ж аб’яднанне наведваюць дзеці і падлеткі рознага ўзросту: як бачна, гэты напрамак дзіцячай творчасці запатрабаваны і перспектыўны – а значыць, наперадзе ў пачынаючых фатографаў нямала важкіх перамог і радасных эмоцый, якія прыносіць творчасць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *