На Ушаччине в ходе проекта «Олимпийский талант» выбирали одарённых детей из 7 районов Витебской области

Cпорт

Працягваецца эксперыментальны праект па адборы адораных дзяцей “Алімпійскі талент”, які быў створаны Прэзідэнцкім спартыўным клубам сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму, а ажыццяўляецца спецыялістамі галіновай лабараторыі спартыўнай біямеханікі Навукова-тэхналагічнага парку БНТУ “Палітэхнік”.

Як мы ўжо паведамлялі, пляцоўкай для правядзення другога этапу праекта стаў спарткомплекс “Юнацтва-Ушачы”. Адабраныя раней на раённым узроўні 9-10-гадовыя школьнікі прыязджаюць сюды, каб прайсці шэраг тэстаў, якія выяўляюць іх здольнасць дакладна кіраваць сваімі рухамі. Гэтай вясной праект распачалі дзеці з Глыбоцкага, Докшыцкага і Ушацкага раёнаў: па выніках этапу былі вылучаны каля двух дзясяткаў самых перспектыўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія былі запрошаны ў Мінск для больш паглыбленага тэсціравання – у іх лік трапіла і пяцёрка ўшачан (на верхнім здымку).

А на мінулым тыдні для правядзення другога этапу “Алімпійскага таленту” на наш комплекс прыбылі школьнікі з яшчэ сямі раёнаў Віцебшчыны: Бешанковіцкага, Лепельскага, Міёрскага, Полацкага, Чашніцкага, Шаркаўшчынскага і Шумілінскага. Яны старанна і захоплена выконвалі практыкаванні, а спецыялісты брыгады лабараторыі з дапамогай сучаснай апаратуры фіксавалі вынікі. А больш за ўсіх, здаецца, хваляваліся выкладчыкі фізкультуры: падказвалі, настройвалі вучняў, каб яны прадэманстравалі ўсё, на што здольныя.

– Добра, што тэсціраванне праходзіць у гульнявой форме, дзецям вельмі цікава. Ды і комплекс надзвычай утульны і прыгожы! – падзяліліся ўражаннямі настаўнікі з Полацкага раёна Арцём Мішчанкоў і Інга Мініна.

Ну а іх падапечныя пасля апошняга тэсту не спяшаліся пакідаць пляцоўку: расказвалі, якія спартыўныя секцыі наведваюць, і нават дэманстравалі прыёмы з арсеналу адзінаборстваў і акрабатыкі. Хто з дзяцей пройдзе адбор на трэці этап – будзе вядома пазней, але і проста ўдзел у праекце – адметная старонка іх пакуль яшчэ кароткай спартыўнай біяграфіі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *