Смогли задействовать весь потенциал: в Ушачском районе провели масштабные комплексные учения

Профилактика и безопасность

У выніку праходжання па тэрыторыі краіны цыклона з ліўневымі дажджамі і шквалістым ветрам з парывамі да 30 метраў у секунду найбольшы ўрон нанесены Віцебскай і Мінскай абласцям, маюцца пашкоджанні дамоў, сацыяльных аб’ектаў, зафіксаваны падзенні дрэў.

З такога паведамлення пачаліся маштабныя комплексныя вучэнні, што праводзіліся 22-24 верасня ва Ушацкім раёне. Удзел у іх прынялі каля двух дзясяткаў прадпрыемстваў і арганізацый. Мэтай жа было вызначыць гатоўнасць раённага звяна дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый па абароне насельніцтва ад здарэнняў і катаклізмаў у мірны і ваенны час. “Такія вучэнні праходзяць у раёнах раз у 5-7 гадоў. Адразу адзначу, што яны не фармальныя, а вельмі патрэбныя, дапамагаюць выпрацаваць дакладны алгарытм, а службы атрымліваюць падчас іх бясцэнны вопыт. Прывяду прыклад: падчас нядаўняга ўрагану ў Расонах вышка МТС упала на будынак райвыканкама, поўнасцю адсутнічала мабільная сувязь. І ў гэты момант хаоса нават не ўсе ўспомнілі пра стацыянарныя тэлефоны. Па выніках вучэнняў інфармацыя будзе перададзена кіраўніку вобласці, дадзена ацэнка дзеянняў кожнай арганізацыі і яе начальніка, – адзначыў напачатку кіраўнік вучэнняў, намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС А.У.Мозаль.

Умоўны ўраганны вецер нарабіў шкоды ў Арэхаўне: зламаны вялізны клён паралізаваў рух па ажыўленай дарозе каля царквы, а на суседняй вуліцы на праезную частку ўпала хвойнае дрэва. Дапамога медыкаў нікому не спатрэбілася, а вось праваахоўнікам давялося часова арганізоўваць рух у аб’езд. Аператыўна з разборкай завалу справіліся лясгасаўцы, тут былі задзейнічаны не толькі работнікі з піламі, а і спецтэхніка з Сарочынскага лясніцтва. Разам з МНС яны гэтак жа аператыўна ліквідавалі і другі завал. Адзначым, што тут вучэнні мелі двайную карысць: у першым выпадку стары клён мог упасці не па плане падчас сапраўднага ўрагану і нарабіць бяды, у другім векавое дрэва расло прама каля дома інваліда, веткі пастаянна падалі мужчыну на ганак ды і паваліцца хвоя магла прама на будынак.

Тым часам вецер пагаспадарыў і ў Ільюшыне, дзе без электраэнергіі застаўся жывёлагадоўчы комплекс мясцовай гаспадаркі. Асноўны цяжар па ліквідацыі аварыі на аб’екце лёг на раён электрычных сетак, работнікам якога давялося аднаўляць падачу энергіі.

Надзвычай маштабнай па прыцягненні сіл і сродкаў аказалася яшчэ адна праверка. На былой малочнатаварнай ферме ў Ліпаўцы адбылося абрушэнне будынка, пад заваламі знаходзілася 7 чалавек. Першымі на месца прыбылі выратавальнікі, якія пыступілі да пошуку людзей і разгарнулі штаб па ліквідацыі здарэння. Прыбыўшыя дзве карэты “хуткай дапамогі” гатовы прыняць пацярпелых, энергетыкі адключаюць падачу электраэнергіі, газавікі правяраюць загазаванасць і дапамагаюць у асвятленні, неабходныя матэрыялы падвозіць лясгас, пункт сувязі разгортваюць сувязісты, будаўнікі падганяюць тэхніку для разбору завалаў, супрацоўнікі міліцыі ачапляюць небяспечнае месца. Зразумеўшы, што выратавальныя работы маюць зацяжны характар, работнікі Ушацкага філіяла разгортваюць пункт абагрэву і палявую кухню… Умовы і дзеянні былі настолькі набліжаны да рэальных, што часам сціскалася сэрца і здавалася, што адбываецца гэта сапраўды. Напрыклад, у кожнага вынесенага пацярпелага быў свой “дыягназ” і медыкам трэба было паказаць правяраючым рэальныя дзеянні па аказанні першай дапамогі ў выпадку пераломаў, пашкоджанняў пазваночніка і інш. Дарэчы, на гэтым аб’екце вучэнні таксама мелі двайную карысць – патэнцыйна небяспечны будынак быў знесены.

Прадпрыемствы і арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі ўмоўных сітуацый, загадзя не ведалі ні пра месца чарговага сігналу, ні тым больш пра іх дакладны час. Так, нечаканай была пагроза выбуху газу ў шматпавярхоўцы па Камсамольскай, а таксама аварыя на цэнтральнай кацельні. Асноўны цяжар у гэтых выпадках трымалі на сабе газавікі і выратавальнікі. А вось на ліквідацыі паблізу Кублішчына дарожна-транспартнага здарэння, у выніку якога вылілася атрутнае рэчыва, былі задзейнічаны не толькі медыкі і МНС, а і ДАІ, ахова прыроды, ветстанцыя і іншыя арганізацыі.

Падчас трохдзённых вучэнняў таксама былі адпрацаваны планы эвакуацыі ва Ушацкай школе, працэс часовага размяшчэння людзей у “Лясных азёрах”, інфармаванне насельніцтва аб небяспецы праз сістэму апавяшчэння.

– Рэзультаты вучэнняў яшчэ будуць аналізавацца, але па папярэдняй ацэнцы магу сказаць, што ва Ушачах вытрымалі экзамен, змаглі задзейнічаць увесь патэнцыял у рэальным часе, – адзначыў на падвядзенні вынікаў прадстаўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС В.В.Кабачэўскі. – Упэўнены, што ў выпадку сапраўднага здарэння справіцеся з ім аператыўна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *