С 9 октября в Беларуси действует обязательный масочный режим

Здравоохранение

З 9 кастрычніка ў Беларусі дзейнічае абавязковы масачны рэжым. Узмацняць меры прафілактыкі прымушае няпростая эпідэміялагічная абстаноўка.

Цяпер сродкі абароны органаў дыхання (маскі, рэспіратары) НЕАБХОДНА выкарыстоўваць у гандлёвых кропках, транспарце, у тым ліку таксі, пры наведванні аб’ектаў сферы паслуг, прадпрыемстваў і арганізацый. Новаўвядзенне датычыцца таксама сацыяльнага дыстанцыравання – 1-1,5 метра. Яго захаванне больш не носіць рэкамендацыйны характар, а з’яўляецца абавязковым.

Як расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна П.А.Саўчанка, Міністэрствам аховы здароўя ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні ў санітарныя нормы і правілы, якія звязаны з прафілактыкай грыпу і COVID-19. У ліку асноўных “рэформ” – прыцягненне да адказнасці фізічных асоб. Абысціся без маскі яны могуць толькі на свежым паветры.

Пакуль упор робіцца на сумленне грамадзян. Кантраляваць выкананне патрабаванняў будзе санітарна-эпідэміялагічная служба, міліцыя, Мінтранс. Спачатку парушальнікаў паспрабуюць проста пераканаць. Калі не падзейнічае – гаворка пойдзе аб прыцягненні да адказнасці. У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжаны артыкул 17.5, згодна з якім “парушэнне гігіенічных нарматываў, патрабаванняў абмежавальных мерапрыемстваў, уведзеных у адпаведнасці з заканадаўствам у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва” караецца сур’ёзным штрафам. Так, чалавек, які парушыў масачны рэжым, можа пазбавіцца да 30 базавых велічынь (870 рублёў), індывідуальны прадпрымальнік – да 200 (5800), юрыдычная асоба – да 500 (14500).

Тым часам у Міністэрстве аховы здароўя нагадваюць: маску мала толькі надзець – важна зрабіць гэта правільна: закрываючы нос, рот і падбародак! Мяняць жа такі сродак абароны органаў дыхання трэба кожныя дзве гадзіны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *