Ушачанка Виктория Волох уже в начале карьеры врача-акушера заполучила репутацию грамотного специалиста

Общество

“Жанчына трапіла да нас позна ды яшчэ з нажным размяшчэннем плоду”, – распачынае гутарку пасля самай, як прызнаецца, складанай сваёй змены ўшачанка Вікторыя Волах, урач-акушэр, якая зараз працуе ў Маладзечне.

Што пойдзе ў медыцыну, дзяўчына ведала з садка, хоць не мела сярод сваякоў людзей гэтай прафесіі. Ва Ушацкай школе мэтанакіравана займалася біялогіяй, хіміяй і беларускай мовай, удзельнічала ў алімпіядах. І кажа, што дзякуючы моцнай базе ў ВНУ было лягчэй. Яна абрала Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт і скончыла яго з чырвоным дыпломам. У Маладзечне прайшла інтэрнатуру, туды ж паехала і па размеркаванні. Хацела трапіць у стацыянар і каб была магчымасць аперыраваць – так яно і атрымалася. Яе прынялі ў радзільны блок, што для маладога спецыяліста – вялікі поспех. Але ён не быў выдадзены ў крэдыт: Віка адразу займела рэпутацыю граматнага спецыяліста з пастаўленай рукой.
Добра памятае дату першай аперацыі кесарава сячэння, якую зрабіла самастойна: 7 жніўня 2019 года. “Вельмі хацела прыняць дзяўчынку, бо яны больш жывучыя. Моцна хвалявалася, аднак усё добра прайшло, а нарадзіўся хлопчык”.

Яна занятая 320 гадзін у месяц. У сярэднім за змену брыгада прымае каля трох-чатырох родаў, ёсць і дзяжурствы. “Складаны, непрадбачаны працэс, аднак гэтым і падабаецца. Калі радзіха паступае з адслойкай плацэнты, то на ўсе маніпуляцыі застаецца некалькі хвілін, – расказвае пра свае будні Віка. – У год здараецца каля шасці выпадкаў з дародавай смерцю плода. У аддзяленні тады стаіць няёмкая цішыня і не ведаеш, чым суцешыць. На зменах вельмі збіваецца жыццёвы рытм, выхадныя падаюцца перарванымі, няма часу на сябе і на асабістае. І нікуды не можаш падзецца ад начных званкоў: “Я ў вас нараджала месяц таму, парайце, калі ласка…”

Суразмоўца кажа, што пэўная палёгка для жанчын – партнёрскія роды. На жаль, з-за пандэміі пакуль адмененыя. А момант, калі бацьку даеш перарэзаць пупавіну і пасля ён бярэ на рукі дзіцё, кожны раз расчульвае да слёз усіх прысутных. Увогуле раіць парам праходзіць поўнае медыцынскае абследаванне, вырашыць выяўленыя праблемы, а пасля адпраўляцца ў плаванне бацькоўства.

Вікторыі хочацца расці, удасканальвацца, аперыраваць на матках, яечніках, займацца рэпрадукталогіяй. Ну а найперш у планах – здаць экзамен на катэгорыю і атрымаць сертыфікат на права праводзіць ультрагукавую дыягностыку. Яна разумее, што медыцына – не тая сфера, дзе будуць хуткія вынікі. Сапраўдным урачом становішся ледзь не праз дзесяць гадоў працы, і перад тым, як ісці ў прафесію, лепш усё добра абдумаць. У ёй будзеш больш аддаваць, чым атрымліваць.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *