Про загруженность, развитие и родные места Ушаччины. Интервью с директором «SYNLAB Belarus» С.А.Васюковичем

Общество

– Нічога, што я без маскі, – павітаўшыся, запытаў Сяргей Анатольевіч Васюковіч. – Я толькі што тэст рабіў, праверыўся – сын і жонка захварэлі, а я не, правакцынаваўся “Спутнікам” раней”. Так – з месца ў кар’ер – і пачалася наша гутарка з земляком, выпускніком Ушацкай школы, а зараз дырэктарам беларускага аддзялення сусветнай дыягнастычнай кампаніі “SYNLAB”.

– Ці часта наогул правяраюць стан здароўя медыкі, якія дыягнастуюць іншых?

– Усе супрацоўнікі кампаніі раз у год праходзяць стандартны медагляд. Калі выяўляецца праблема, тады і трэба рабіць больш глыбокае вузкае даследаванне.

– Ну а маючы такія ўнікальныя магчымасці, асабіста ў Вас не паўстае жадання падстрахавацца?

– Не, гэта ўласціва хутчэй маім ранейшым падапечным – я дзесяць гадоў адпрацаваў у Мінскай псіхіятрычнай клініцы. Але раз у год абследавацца раю ўсім, каб не зацягваць працэс. Напрыклад, павышаную глюкозу на першых парах можна знізіць проста дыетай, а калі зацягнуць, спатрэбіцца пастаяннае медыкаментознае лячэнне.

– Як Вы трапілі ў кампанію?

– Шукалі кіраўніка з веданнем англійскай мовы для адкрыцця падраздзялення ў Беларусі. Я ж яшчэ студэнтам меў вопыт работы ў камерцыйных структурах, вось так у 2006 годзе і стаў дырэктарам. Трэба было ствараць усё з нуля. Гэта ў дзяржаўнай медыцыне адлажданая сістэма, а там – набіраў штат, разам ездзілі па розных краінах свету, спачатку выбіралі абсталяванне, потым ужо вучыліся непасрэдна ў лабараторыях. Крыху раней яны з’явіліся ў Расіі, Прыбалтыцы, Польшчы.

– Вы сказалі, патрэбна было добрае веданне англійскай мовы, гэта спадчына Ушацкай школы?

– Шчыра кажучы, англійскую мову пасля школы я ведаў не вельмі добра. Проста калі ўстройваўся на падпрацоўку падчас студэнцтва, гэта было абавязковай умовай. Наняў рэпетытараў, потым запісаўся на курсы. І быў прыняты – галоўнае ў любой справе – матывацыя. Наогул мовы для мяне – не праблема. Калі еду ў Францыю, за два тыдні падцягваю французскую, галоўнае, ведаць для чаго: каб цябе зразумелі ў магазіне, ці для зносін з калегамі. Штаб-кватэра ў нас у Германіі, і шмат супрацоўнікаў раней не ведалі добра англійскай, таму давялося асвойваць нямецкую граматыку, каб перапісвацца – дасылаем шмат лістоў.

– Тым не менш паступілі ў Мінскі медыцынскі інстытут, канечне, маючы добры багаж ведаў.

– Я скончыў Ушацкую школу з сярэбраным медалём. Перад паступленнем хіміяй і біялогіяй са мной дадаткова займалася Надзея Фамінічна Жынь. Але асноўным, першым экзаменам, у 1990 годзе ў “медзе” была фізіка, якую я выдатна ведаў дзякуючы Тамары Ільінічне Калеснік, ездзіў і на абласныя алімпіяды. Таму атрымаў першую “пяцёрку” і быў залічаны. Наогул савецкую школу адукацыі лічу выдатнай: усе дысцыпліны патрэбны для агульнага развіцця. Неяк бегаю і бачу ў скверы жанчыну, якая з дзіцём збірае букет амброзіі (канадскі сумнік). Прыгожая кветка, расце ля дарог, але з’яўляецца моцным алергенам. Нядаўна, дарэчы, з’явіўся тэст, які вылучае менавіта гэты носьбіт захворвання.

– Вы займаецеся чыста адміністрацыйнай работай або і самі пастаянна вучыцеся, бо ў дыягнаставанні ўсё вельмі хутка мяняецца?

– Па-першае, я таксама здаў пацвярджэнне на ўрача лабараторнай дыягностыкі і з’яўляюся практыкуючым дырэктарам. Зразумела, што цікаўлюся навінкамі і ўкараняем іх пастаянна, інакш у нашай галіне можна вельмі хутка страціць напрацаваны аўтарытэт. Мы робім амаль 4 мільёны даследаванняў у год. Лабараторыі акрамя Мінска адкрыты ў Віцебску, Гродне, Гомелі, ёсць і ў раённых гарадах – Барысаве, Слуцку, Салігорску. Аказваем увесь спектр лабараторных даследаванняў, прычым, некаторыя эксклюзіўныя, напрыклад, выяўляем аўтаімунны энцэфаліт.

«Сінлаб» – міжнародная кампанія, якая аказвае дыягнастычныя паслугі ў 40 краінах свету, у ёй працуе 20 тысяч супрацоўнікаў. У лабараторыях робяцца аналізы для медыцыны і ветэрынарыі, а таксама для аналізу навакольнага асяроддзя і фармацэўтычнай прамысловасці.

– Мяркуеце пашыраць сетку?

– Канечне. Аднак гэта магчыма не толькі шляхам адкрыцця нашых стацыянарных лабараторый. Са Шчучынскай раённай бальніцай у нас па ініцыятыве галоўнага ўрача заключаны дагавор. Забор крыві яны робяць на месцы, а наш кур’ер забірае біяматэрыял два разы на тыдні. Такім чынам насельніцтва мае магчымасць зрабіць дыягностыку, якая не робіцца ў раёне, не трэба ехаць у абласны цэнтр, губляць час і грошы. Гэта дадатковыя платныя паслугі паліклінікі. Такія спробы былі і ў Віцебскай вобласці, аднак пакуль справа “заціхла”.

– Вы, напэўна, вельмі загружаны. Як спраўляецеся?

– Дапамагаюць сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, з усімі падраздзяленнямі лабараторый, усімі іх аддзеламі я злучаны ў месэнджэры “Мегаплан”. Фізічна, канечне, не магу пабываць ні на тысячнай плошчы мінскай лабараторыі, ні ў падраздзяленнях, а дзякуючы справаздачы супрацоўнікаў знаходжуся ў курсе ўсяго, што адбываецца. Так праходзяць канферэнцыі, адпрацоўка задач. Нічога не губляецца і не знікае. Я прачытаў усе пяць тысяч зваротаў, якія паступалі да кампаніі і магу ў любы час адкрыць адказы на іх.

– Што робіць Сяргей Васюковіч для адпачынку, разгрузкі?

– Бегаю, нават у марафонах удзельнічаў. Але гэта больш для таго, каб праверыць, ці змагу пераадолець сябе. Для пастаянных выхадаў на 42 кіламетры патрэбны трэніроўкі, час, якога ў мяне няма. Таксама “запытаўся”, ці па сілах падцягнуцца на адной руцэ – магу. Перакананы, што для таго каб быць здаровым, не патрэбны ні суперсучасныя трэнажоры, ні басейн. Было б жаданне. Калі бываю ва Ушачах, таксама хаджу на стадыён, чакаю, калі адрамантуюць ля школы.

– Ці часта наведваеце маму Ганну Міхайлаўну і ці любіце бываць на Ушаччыне?

– Канечне, гэта ж мая радзіма. Я многа дзе пабываў, шмат прыгожых мясцін бачыў, але гэта чужая прыгажосць. А тут родная, і ў нас сапраўды вельмі хораша. Да матулі стараюся прыязджаць раз у месяц-паўтара. Ведаюць Ушаччыну і мае сыны.

– Мабыць працягваюць бацькаў шлях у медыцыну?

– Не, старэйшы вучыцца ў Вышэйшай парыжскай кансерваторыі, прайшоў адбор у сто чалавек на месца. Ён піяніст. Малодшы таксама займаецца музыкай, спявае, але яму пакуль 12 і вызначацца яшчэ рана.

– У каго музычныя схільнасці?

– Калі ўлічыць, што мяне ў свой час не прынялі ў музычную школу, то атрымліваецца, што ў маму. Яна ў нас актрыса, скончыла тэатральна-мастацкі інстытут, хоць у тэатры праслужыла і нямнога, у перабудовачны час шукалі больш прыбытковы занятак.

– Дзякуй, што завітаўшы ва Ушачы на палову дня, знайшлі час на гутарку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *