Ушачанка Галина Шорец вручила в дар церкви икону «Всех скорбящих Радость»

Общество

Падарыць царкве ікону “Всех скорбящих Радость” Галіна Сяргееўна Шорац рашыла даўно. Малілася перад ёй аб тым, каб ва Ушачах з’явіўся храм і паклялася, што перадасць туды сямейную рэліквію. І вось 6 лістапада, якраз на “імяніны” іконы, яна і пляменнік Уладзімір Жаваранак прыйшлі ў храм Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры з вялікай і вельмі прыгожай іконай, накрытай рушніком.

У.Жаваранак, В.Лобец, Г.Шорац.

Цікава б было даведацца, колькі ёй год, хто пісаў і адкуль прыйшла на Ушаччыну. Аднак гэта хутчэй за ўсё і застанецца таямніцай. Пакуль жа дакладна вядома, адкуль яна трапіла да Галіны Сяргееўны.

Сям’я Сямёна Захаравіча і Ганны Васільеўны Аўласенка (дзеда Г.Шорац) жыла ў вёсцы Гушчына. Размяшчалася яна на дарозе Кублічы – Судзілавічы, кіламетрах у паўтара ад скрыжавання на Скачыхі. Там да 1927 года вялася служба ў драўляным храме. Бацюшка, які адчуваў, што існаваць царкве нядоўга, дазволіў суседу забраць ікону. Тры дні, каб не пашкодзіць іканастас, вымаў Сямён Захаравіч абраз. І дзякуючы гэтаму ён захаваўся – хутка царква згарэла. Застаўся толькі каменны падмурак у форме крыжа.

– Мы хадзілі туды з бабуляй Марыяй Сямёнаўнай Сазонавай, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч Жаваранак. Яна прыгадвала, што бацька перадаў кожнай з трох сясцёр па іконе. Бабулінай, на жаль, у нас няма, бо ў вайну яна пашкадавала суседа-камуніста, які сваю выкінуў. Калі ж падчас акупацыі немцы заходзілі ў хату і не бачылі іконы, то разумелі, хто тут жыве. Абраз нам так і не вярнулі. А пад іконай “Всех скорбящих Радость” я нарадзіўся, пакуль жылі ў хаце прадзеда.

Было гэта ўжо ў Двор Кублічах, куды пераехала сям’я Сямёна Аўласенкі, калі яшчэ да вайны з хутароў і маленечкіх вёсак перасялялі жыхароў. Галіна Сяргееўна – старэйшая хрышчоная ў сям’і Аляксандры Сямёнаўны Жаваранак. На той час царквы не было ўжо ні ў Гушчыне, ні ў Кублічах, таму дзяцей на таямніцу вазілі ў Празарокі.

Іконе “Всех скорбящих Радость” моляцца як аб здароўі, так і ў любой складанай жыццёвай сітуацыі. Яна дапамагае ўсім, хто пакутуе.

“Ці не шкада было аддаваць такі каштоўны абраз”, – пытаюся ў Галіны Сяргееўны, якой у спадчыну і дасталася ікона. “Ніколькі. Наадварот, мне вельмі лёгка на сэрцы стала, калі вярнула яе ў храм. З царквы прыйшла – у царкве і застанецца. І зноў будзе дапамагаць людзям. На ёй жа і напісана: “Ногим одеяние, больным исцеление”. Мой пляменнік у архіве Санк-Пецярбурга адшукаў запіс 1906 года, што царква называлася Благавешчання Прасвятой Багародзіцы Гушчынскага праваслаўнага прыходу. Там жа знайшоў і здымак кубліцкай царквы Пятра і Паўла, званы якой былі чутны па ўсім наваколлі”.

Айцец Вячаслаў запрашае вернікаў прайсці ў цэнтр храма, цалуе ікону. Падобная ў царкве ёсць, аднак сучасная. Гэтая ж, як з першага позірку адзначае настаяцель, дзевятнаццатага стагоддзя: “Фарбы асаблівыя, ды і сусальным золатам пакрыта. Канечне, каштоўная, а дзякуючы таму, што была заўсёды ў доме, захавалася выдатна. Добра, што дзякуючы ахвяраванню Г.Шорац, зараз будзе заступніцай для многіх вернікаў».

Варыянтаў гэтай іконы, якая ў канцы сямнаццатага стагоддзя праславілася цудам, многа. Невядома, колькі разоў станавілася заступніцай “Гушчынская”, але тое, што ўцалеў і дом, і сам абраз, ужо цуд. Я ж, убачыўшы першы раз вялікую драўляную ікону, на некалькі хвілін застыла. Ад яе зыходзіць надзвычайнае святло. Мяркую, адчуюць гэта і іншыя вернікі. Ну а за Галіну і Уладзіміра цяпер заўсёды будуць маліцца ў храме Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *