«Хотели заниматься любимым делом»: о работах народных мастеров Мурашовых знают многие ушачане

Общество

Паводле апублікаваных нядаўна даследаванняў Праграмы развіцця ААН, у нашай краіне наступствы пандэміі найбольш адчулі на сабе такія сферы, як турызм, перавозкі, грамадскае харчаванне, гандаль. Гэта натуральна, бо людзі сталі менш перамяшчацца, хадзіць па кафэ і магазінах. Што датычыцца апошніх, то асабліва прыкметна знізіўся попыт на тавары, якія не належаць да катэгорыі першай неабходнасці, – у выніку, напрыклад, некаторыя сувенірныя крамы былі вымушаны спыніць сваю дзейнасць. І на гэтым фоне даволі дзіўным выглядала рашэнне сям’і народных майстроў Мурашовых адкрыць ва Ушачах мастацкую майстэрню.

Варта адзначыць, што такая магчымасць прадугледжана беларускім заканадаўствам. Рамеснікі могуць мець кропку, каб ствараць і рэалізоўваць у ёй свае вырабы.

– Перш чым рашыцца на гэту справу, узважвалі ўсе “за” і “супраць”. Разу­мелі, што элементы дэкору, сувеніры і ўпрыгажэнні – не самыя хадавыя рэчы. Але і ў няпростыя часы людзі адзначаюць святы, шукаюць падарункі для родных і сяброў – на гэта і спадзяваліся, – расказвае Вольга Мурашова.

У многім поспех залежаў ад таго, дзе размесціцца майстэрня. Спынілі выбар на фае камбіната бытавога абслугоўвання, дзе раней працаваў прыёмшчык заказаў, – хоць гэта і не асобнае памяшканне, затое месца бойкае, ля якога штодня праходзяць кліенты шматлікіх гандлёвых і сэрвісных кропак. Заключылі дагавор з УП ЖКГ, якому належыць будынак. Прынамсі, арэндная плата – асноўны выдатак гаспадароў кропкі, бо рамеснікі, як вядома, за сваю дзейнасць павінны ўносіць толькі штогадовы збор – яго памер сёлета павялічыўся да дзвюх базавых велічынь, але, зразумела, гэта ўсё роўна сімвалічная сума.

Паколькі ў аснове названай дзейнасці ляжыць ручная праца, народным майстрам не дазволена мець прамысловае абсталяванне, але яны могуць выкарыстоўваць, напрыклад, дрэваапрацоўчы інструмент, бытавую швейную машыну. Працаёмкія падрыхтоўчыя аперацыі Мурашовы ажыццяўляюць дома, а непасрэдна ў майстэрні займаюцца роспісам па дрэве, вышыўкай, вырабам дробных рэчаў. Такім чынам, кліенты могуць не толькі набыць тут сувенір, а і паназіраць за тым, як ён ствараецца.

Вячаслаў, Вольга, Павел і Ганна Мурашовы доўгі час з’яўляюцца ўдзельнікамі народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”, іх вырабы дэманструюцца на прэстыжных выставах, прадстаўлены ў сталічных галерэях.

– Канечне, працаваць вось так, на віду, спачатку было крыху няёмка, да таго ж варта ўлічваць, што паблізу знаходзяцца іншыя работнікі, праходзяць людзі – і мы не павінны ствараць ім нязручнасцяў: таму, напрыклад, закупілі больш дарагія лакі і фарбы, якія не маюць вострага паху, – расказвае Вольга Мурашова.

– А ёсць і станоўчыя моманты! – далучаецца да размовы яе нявестка і напарніца Ганна. – Тут, у КБА, склалася сапраўдная гільдыя майстроў розных сфер. З самай раніцы ў нас на першым паверсе стракочуць машынкі швачак, гудуць фены ў цырульні, шчыруюць спецыялісты па рамонце абутку – так і хочацца хутчэй уліцца ў гэты агульны працоўны рытм!

Дарэчы, якраз суседзі-арандатары былі сярод іх першых пакупнікоў. “Ведаеце, літаральна ў кожнага з нас ужо ёсць дома драўляны посуд і вазы Мурашовых”, – кажа работнік салона сувязі МТС Сняжана Первянёнак. “А мне падабаюцца арыгінальныя ўпрыгожанні для валасоў, набываю іх для дачушкі”, – зазначае цырульнік Ганна Сабін.

Адкрылася майстэрня ў маі. Летам цікавасць праяўлялі дачнікі, адпачываючыя санаторыя. Здзіўляліся высокаму ўзроўню работ і цэнам, што на парадак ніжэй, чым у гарадскіх мастацкіх салонах. Заказвалі і эксклюзіўныя вырабы: даводзілася маляваць на спілах бярозавы гай, пэўных звяроў і птушак. А адзін гараджанін папрасіў адлюстраваць на дрэве выяву любімага сабакі, якога ён нядаўна страціў. У майстэрню часта прыходзяць за падарункамі: так, яе гаспадарам было вельмі прыемна, калі да іх звярнуліся, каб набыць памятныя рэчы да юбілею лясгаса. А яшчэ стыльныя вырабы Мурашовых карыстаюцца попытам у калег-прыватнікаў: візажыстаў, майстроў манікюра, пекараў – з іх дапамогай ствараюць антураж для фотазон, відэаролікаў.

Мінула паўгода пасля адкрыцця кропкі. Канечне, нельга сказаць, што яна мае стабільны камерцыйны поспех, але дакладна паспрыяла росту папулярнасці сямейнага брэнду. Зрэшты, майстры Мурашовы прызнаюцца, што на вялікія прыбыткі і не разлічвалі: проста хацелі займацца любімай справай і дзяліцца яе плёнам з землякамі. А яшчэ прадаўжаць спрадвечныя традыцыі нашых народных рамёстваў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *