В Ушачах прошёл митинг-реквием, посвящённый 80-й годовщине начала Великой Отечественной войны

Общество

Мітынг-рэквіем, што адбыўся 22 чэрвеня ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у райцэнтры, атрымаўся сёлета асабліва ўзнёслым і шчымлівым: прайшло 80 гадоў з бадай самага трагічнага моманту нашай гісторыі – пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая стала суровым выпрабаваннем для ўсяго савецкага народа.

З першага дня Беларусь аказалася арэнай самых жорсткіх бітваў. На франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як 1,3 мільёна нашых землякоў. Доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом беларуская зямля. Гітлераўцы чынілі на ёй небывалыя зверствы. У межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета, карнікамі спалена больш 9 тысяч вёсак. Шмат пакут вынесла і Ушаччына, якая на франтах страціла звыш 3,8 тысячы сваіх жыхароў, амаль 5 тысяч склалі ахвяры сярод партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян. На тэрыторыі раёна захопнікамі знішчаны 91 населены пункт, прычым, некаторыя – разам з людзьмі, 4 вёскі – Асавіна, Ралля, Тухаціна, Мурагі – не аднавіліся. Усе гэтыя трагічныя факты прыгадалі ў сваіх прамовах на мітынгу старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская.

Памяць ахвяр фашызму прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Благачынны Ушацкага раёна іерэй Аляксандр Таляронак адслужыў ліцію па памерлых. Сімвалам жалобы і смутку сталі запаленыя лампадкі, вянкі і кветкі, якія прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, прадпрыемстваў і арганізацый, жыхары Ушаччыны ўсклалі да падножжа помніка і пліт з прозвішчамі загінуўшых.

Усё больш часу аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінуўшых у баях, трагедыі мільёнаў бязвінных людзей ніколі не будуць забыты на нашай шчодра палітай крывёю зямлі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *