На Ушаччине чествовали работников сельского хозяйства

Общество

Ушаччына заўжды лічылася сельскагаспадарчым рэгіёнам, і нашы землякі добра ведаюць, як няпроста працаваць на зямлі. А таму прафесійнае свята аграрыяў мы традыцыйна адзначаем з асаблівай урачыстасцю: падводзім у гэты дзень вынікі сезона, ушаноўваем перадавікоў і выказваем шчырую падзяку ўсім людзям, якія звязалі свой лёс з такой цяжкай і пачэснай справай.

Караваі кіраўнікам гаспадарак.

У цэнтр культуры і народнай творчасці героі святочнай імпрэзы звычайна прыбываюць загадзя: вось і сёлета да пачатку было яшчэ паўгадзіны, а дэлегацыі гаспадарак, прадстаўнікі аграрных службаў займалі крэслы ў зале, зацікаўлена праглядалі ў фае шматлікія выставы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі музея, бібліятэкі, Дома рамёстваў, цэнтра дзяцей і моладзі. Так, намесніка начальніка райсельгасхарча Сяргея Аляксандравіча Белагрыўцава зацікавіў гістарычны стэнд са здымкамі сельскагаспадарчай тэхнікі. Нават не чытаючы подпісаў, ён упэўнена называў не толькі сучасныя мадэлі, а і маркі пасляваенных трактароў. А ў дземянецкіх хлебаробаў Мікалая і Аляксандра Яловікаў ноткі настальгіі выклікаў “Ленінскі куток” з чырвонымі сцягамі і расцяжкай “Слава перадавікам вытворчасці!” “З гэтай атрыбутыкай у нас асацыіруецца юнацтва, пачатак працы ў родным калгасе”, – патлумачылі перадавікі, чаму менавіта гэты фон выбралі для памятнага фота.

Дэлегацыя КУСГП «Глыбачаны».

Даволі прадстаўнічай была на свяце глыбачанская дэлегацыя. З большасцю тутэйшых перадавікоў – Аляксандрам Малахавым, Уладзімірам Тараканавым, Генадзем Чыграем, Андрэем Літвінам, Аксанай Пліскевіч – мы неаднойчы перасякаліся ў час падрыхтоўкі сёлетніх матэрыялаў: давалі падставу, бо трымаліся ў лідарах сярод калег. Той жа Андрэй па выніках года ўзначаліў рэйтынг трактарыстаў, выпрацаваўшы амаль пяць з паловай тысячы ўмоўных эталонных гектараў, – і гэта прытым, што яго энерганасычаны трактар значную частку сезона быў на рамонце. А вось Аляксандр Лях у аб’ектыў журналістаў сёлета не трапляў – хоць таксама шчыраваў увесь год: сеяў, працаваў з граблямі, нарыхтоўваў сена. Затое па праве трапіў у лік узнагароджаных Ганаровай граматай райсавета. Не засталася непрыкмечанай і старанная праца аператара машыннага даення Аксаны Валашчук, якая ў “Глыбачанах” ужо 23 гады. “Хоць Падзяку райсавета атрымала менавіта я, але лічу, што ўзнагароды дастойныя і мае калегі Святлана Ружынская, Алена Аваднёва – у нас увогуле добры калектыў і агульны настрой на комплексе станоўчы, мы вельмі стараемся паляпшаць паказчыкі, але не ўсё залежыць ад нас”, – разважае руплівая даярка.

У.Аўдошка і інжынер “Маяка-Ушацкага” І.Скок.

Прыемна было зноў убачыць у зале яе калегу з “Ільюшынскага” Кацярыну Марковіч, пра якую мы пісалі ў святочным нумары два гады таму. За гэты час шмат “малака ўцякло”: жанчына выйшла замуж, змяніла прозвішча – а вось яе стараннасць і спрыт у працы засталіся ранейшымі. За гэта і атрымала сёлета Ганаровую грамату райвыканкама. А вось жывёлавод гэтай жа гаспадаркі Таццяна Лунёнак на ўшанаванні лепшых аграрыяў прысутнічала ўпершыню. Дзяўчына даглядае нованароджаных цялятак – зараз у яе амаль паўсотні гадаванцаў. “Кожнае цяля адрозніваецца па выглядзе і характары, але ўсе аднолькава радуюцца, калі мяне бачаць. За тры месяцы паспяваю так да іх прывыкнуць, што сумую, калі даводзіцца развітвацца”, – расказвае даглядчыца. За адказнае стаўленне да працы райкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў яе Ганаровай граматай.

Не першы год трымаецца ў тройцы лепшых камбайнераў “зялёнага жніва” і перасягае лічбу ў 10 тысяч тон нарыхтаванай масы селішчанец Аляксандр Бараўцоў – і вось нарэшце ўзняўся на вяршыню намінацыі.

Дэлегацыя КУСГП “Вялікадолецкае”.

Традыцыйна шмат узнагарод за прадстаўнікамі флагмана раённай сельгасвытворчасці – “Маяка-Ушацкага”. І калі Пётр Караткевіч, Уладзімір Вашчанка, Павел Казачонак, Сяргей Аўдошка, звёны Галіны Чульбы і Васіля Бучынскага пастаянна сярод прызёраў раённага спаборніцтва, то, напрыклад, дысцыплінаваны і вельмі працавіты механізатар Міхаіл Ражноўскі ў гэтым сезоне паказаў сябе ва ўсім працоўным бляску і стаў другім сярод тых, хто працуе на трактарах сярэдняй магутнасці.

Трэба сказаць, што сёлета ўпор быў зроблены менавіта на ўшанаванне прадстаўнікоў рабочых сельгаспрафесій. Хоць, канечне, агульны поспех немагчымы і без старанняў спецыялістаў, кіраўнікоў арганізацый. Добрым стымулам для галоўнага інжынера філіяла Дзмітрыя Ладзіка будзе Падзяка райсавета. Спецыяліст да гэтага працаваў у адной з гаспадарак Лепельшчыны. “Маяк-Ушацкі” – гэта, канечне, зусім іншыя маштабы і адказнасць, у разы большы парк тэхнікі. А яшчэ – калектыў прафесіяналаў, які нельга падвесці, таму стараюся апраўдваць давер, прымяняць на карысць гаспадаркі свае веды і навыкі”, – падзяліўся з намі спецыяліст.

Мікалай і Аляксандр Яловікі з дырэктарам “Дземенца” Васілём Хамёнкам.

Калі ж вылучаць самага “запатрабаванага” ўдзельніка свята, то ім стаў Анатоль Спірыдзёнак, які аж тройчы ўзнімаўся на сцэну. Ільюшынец апярэдзіў сёлета ўсіх камбайнераў, што працавалі на “Палессі”, стаў лепшым сярод калег на трактарах з магутнасцю рухавіка ад 100 да 250 конскіх сіл, а яшчэ атрымаў Ганаровую грамату райвыканкама. Двойчы давялося выходзіць для ўшанавання і механізатару “Вялікадолецкага” Васілю Алексяёнку. Дарэчы, хоць і працуюць мужчыны ў розных гаспадарках, але з’яўляюцца добрымі сябрамі. Вось і пасля ўрачыстасці не спяшаліся развітвацца, жыва абмяркоўвалі не толькі перыпетыі аграрнага года, а і тое, як у адпачынку разам паедуць на рыбалку. Нам нават удалося падслухаць сакрэтную інфармацыю, што адправіцца яны мяркуюць на любімае возера ў Замошшы, дзе водзяцца вялікія акуні…

Сёлетні сезон падрыхтаваў хлебаробам шмат выпрабаванняў, і яго не занясеш у разрад удалых. Ілюструе гэта і той факт, што па выніках раённага спаборніцтва ў некаторых намінацыях прэміі было вырашана не прысуджаць. Гэта датычылася, у прыватнасці, узнагарод гаспадаркам за павелічэнне ўраджайнасці і вытворчасці зерня, масланасення рапсу, аб’ёмаў нарыхтаваных травяных кармоў, вытворчасці малака і мяса буйной рагатай жывёлы, дзе паказчыкі аказаліся горшымі за леташнія. З-за нізкага намалоту зерня на камбайне КЗС-10К не былі адзначаны работнікі, што занялі другое і трэцяе месцы. Невыкананне ўмоў спаборніцтва (незабеспячэнне росту надою малака да ўзроўню мінулага года) стала прычынай таго, што не было прысуджана першае месца сярод аператараў машыннага даення.

С.Садоўскі віншуе механізатара “Ільюшынскага” Д.Бурака.

Тым не менш, працаўнікі палёў і ферм рабілі сваю справу старанна і самааддана. Гэта падкрэсліваў у віншавальнай прамове і старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. І хоць лічбы ў выніковых зводках не надта ўражваюць, наш раён зрабіў адчувальны ўнёсак у агульны беларускі каравай. Было сабрана 12435 тон зерня, 804 тоны рапсу і 308 – свірэпіцы. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых склала 20,9 цэнтнера з гектара, а лепшым па гэтым паказчыку стала “Агра-Селішча” – больш 27. Апраўдаў сваю назву “Маяк-Ушацкі”, у якім традыцыйна быў самы высокі аб’ём вытворчасці. Разам з тым, як зазначыў кіраўнік раёна, у нас непачаты край работы, – асабліва ў жывёлагадоўлі – галіне, якая можа і павінна прыносіць стабільны прыбытак.

Прыемную місію ўручэння прэмій пераможцам раённага спаборніцтва і грамат райкама прафсаюза работнікаў АПК выканаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. У сваёй прамове ён прывітаў усіх цяперашніх работнікаў АПК, прыгадаў і людзей, якія сваёй працай і ведамі стваралі славу аграрнай галіны раёна, – Уладзіміра Антонавіча Крывапушчанку, Івана Іванавіча Сіпко, Міхаіла Фёдаравіча Мамонава, Васіля Андрэевіча Мазго, Пятра Мечыслававіча Мажэйку, Васіля Рыгоравіча Кісяля, Міхаіла Пятровіча Глінскага, Аляксандра Віктаравіча Шарыпенку, Сяргея Данілавіча Хадана, Вольгу Андрэеўну Вандзілоўскую, іншых ветэранаў працы.

Словы шчырай павагі ў адрас аграрыяў выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, а апроч узнагарод райсавета ўручыла таксама Лісты падзякі і падарункі ад раённай арганізацыі “Белай Русі” – такое заахвочванне атрымалі актывісты пярвічкі ААТ “Ільюшынскі” галоўны аграном Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак і галоўны энергетык Аляксандр Мікалаевіч Кемстач.

Прыемна было прысутным пачуць віншаванні і ад дырэктара Ушацкага лясгаса Сяргея Аляксандравіча Даніловіча, які, вядома ж, прыйшоў на свята не з пустымі рукамі – падарункі ад прадпрыемства атрымалі КУСГП “Вялікадолецкае” і ААТ “Ільюшынскі.

Аздобілі ж гэты святочны вечар песні, танцы і вясёлыя пастаноўкі ў выкананні работнікаў цэнтра культуры і народнай творчасці, вучняў і педагогаў ДШМ.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *