«Его игра завораживает»: юный ушачанин Матвей Кондрацкий отличился на футбольном турнире в Глубоком

Cпорт

Месяц таму мы расказвалі пра міні-футбольны турнір у Глыбокім, дзе ўдзельнічала каманда хлопчыкаў 2011-2012 гадоў нараджэння нашага фізкультурна-спартыўнага клуба. Лепшым іграком гэтых спаборніцтваў быў прызнаны ўшачанін Мацвей Кандрацкі, пасля чаго ў сацсетках групы “Футбольнае Глыбокае” з’явіўся відэаролік, прысвечаны нашаму футбалісту.

Яго стваральнікі проста засыпалі хлопчыка кампліментамі. “Яго гульня заварожвае! Але хочацца вылучыць не столькі тэхнічныя і фізічныя даныя, моцны пастаўлены ўдар, як паводзіны і мысленне на полі. На працягу турніру хлопчыкі ўсіх каманд у перапынках гулялі ў “даганялкі”, весяліліся – як і належыць 9-10-гадовым дзецям. Мацвей жа паводзіў сябе інакш: засяроджана сачыў за размінкай сапернікаў, падыходзіў да трэнера і нешта сур’ёзна з ім абмяркоўваў. Нават святкаванне галоў у яго выкананні выглядала па-даросламу…”

У камандзе Мацвей капітан і паказвае сябрам прыклад адносін да справы. “Старанна займаецца са сваёй групай, а потым яшчэ застаецца, каб патрэніравацца са старэйшымі хлопцамі. На максімуме працуе і ў трэнажорцы: асабліва любіць практыкаванні на бегавой дарожцы. Адточвае тэхніку – напрыклад, каля 60 разоў набівае нагой мяч. А яшчэ ён вельмі смелы і каардынаваны: можа выканаць удар праз сябе ці забіць гол са сваёй паловы пляцоўкі”, – расказвае трэнер Раман Мікалаевіч Фядосенка.

Спасылку на відэаролік пра Мацвея можна знайсці ў групе “Патрыёта” “ВКонтакте”.

Дарэчы, аўтары відэароліка ў сваім каментарыі параілі агентам з футбольных акадэмій не марудзіць, бо ўшацкі талент можа хутка памяняць прапіску. І былі недалёкія ад ісціны. Гэтымі днямі Мацвей адправіўся на першы прагляд у філіял “Усход” Цэнтра развіцця футбола. Гэта нядаўна створаная сістэма ўстаноў, дзе самыя адораныя дзеці праходзяць пачатковы этап прафесійнай падрыхтоўкі футбалістаў. Для выхаванцаў Цэнтра створаны ўнікальныя ўмовы: з імі займаюцца кваліфікаваныя выкладчыкі, трэнеры, псіхолагі, дзеці забяспечваюцца харчаваннем і экіпіроўкай. Здольнасці ўшачаніна ўразілі спецыялістаў, і яны выказалі зацікаўленасць у працягу серыі праглядаў. Мы ж не сумняваемся, што пры такіх адносінах да справы наш зямляк абавязкова раскрые свой адметны талент.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *