В Ушачах юные самбисты области боролись за победу на III открытом турнире памяти тренера С.Г.Соснина

Cпорт

Маштабнай і эмацыянальнай падзеяй завяршылася праграма сёлетніх спаборніцтваў на спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”. У мінулую пятніцу тут сабраліся юныя самбісты вобласці, каб разыграць узнагароды ІІІ адкрытага турніру памяці трэнера С.Сасніна.

Падобныя падзеі з’яўляюцца не толькі аглядам магчымасцяў пачынаючых барцоў, а і нагодай для сустрэч спецыялістаў, былых выхаванцаў Ушацкай ДЮСШ. Вось і ў гэты раз было прыемна бачыць у зале Валерыю Джураеву, якая з мінулага года працуе ў новаствораным аддзяленні самба Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па адзінаборствах. Паколькі гэты від мяркуюць уключыць у праграму Алімпіяды, увага да яго зараз асаблівая, і менавіта наша зямлячка адказвае за падрыхтоўку самбістаў Прыдзвіння. Спраўляецца з гэтым добра: на нядаўнім маладзёжным чэмпіянаце свету прадстаўнікі нашай вобласці заваявалі некалькі медалёў. Займаецца Цэнтр і пачатковай падрыхтоўкай малышоў – на ўшацкі турнір Валерыя Мікалаеўна прывезла выхаванцаў, для большасці з якіх гэта былі першыя афіцыйныя спаборніцтвы.

Ну а самым юным удзельнікам мемарыяла аказаўся ўшачанін Ягор Бараніч, які нарадзіўся ў 2015-м і хоць спаборнічаў з хлопчыкамі, што на два-тры гады старэй за яго, узышоў на вышэйшую прыступку п’едэстала! “У мяне чацвёра дзетак, двое зусім маленькіх, таму папрасіла сябровак прыглядзець за імі, каб прыйсці пахварэць за Ягора. Але гэтае відовішча яўна не для маіх нерваў: хвалявалася так, што нават і зараз рукі дрыжаць”, – шчыра дзялілася эмоцыямі мама юнага самбіста Юлія.

Прыём праводзіць С.Раманоўскі.

Дарэчы, быў у нашай камандзе і яшчэ адзін рэкардсмен: уявіце сабе, сямігадовы Улад Пугач важыць усяго 19 кілаграмаў, але пры гэтым вельмі спрытны і бясстрашны, што і дазволіла яму выйграць “золата”. А вось Мацвей Плігаўка ў турнірных выпрабаваннях ужо не навічок: бароўся і ў Полацку, і ў Віцебску, аднолькава паспяхова асвойвае дзюдо і самба, аднак кажа, што больш душа ляжыць да апошняга, бо там шырэйшы арсенал захопаў і прыёмаў. У хлопчыка, які ў выніку стаў срэбраным прызёрам спаборніцтваў, была моцная падтрымка: у залу прыйшла ўся яго сям’я – дарэчы, таксама шматдзетная. “Нарэшце я змог паназіраць за паядынкамі сына, бо ў цёплы перыяд года вырвацца з бясконцага кола клопатаў і абавязкаў кіраўніка сельгаспрадпрыемства практычна немагчыма, – зазначыў тата самбіста Сяргей Аляксандравіч. – А ўвогуле мы з жонкай Валянцінай вельмі задаволены, што нашы старэйшыя сыны займаюцца спортам: Мацвей захоплены барацьбой, а сямігадоваму Ягору больш даспадобы прыйшоўся футбол”.

Што датычыцца іншых пераможцаў і прызёраў турніру, то не мелі сабе роўных ушачане Павел Марковіч, Уладзіслаў Паршонак, Павел Шакута, Сяргей Жарнасек, Уладзіслава Цюкала, Карына Лецкая, Аляксандра Міхаль і Яўгенія Крывёнак. Другімі сталі Савелій Раманоўскі, Раман Ардынскі, Андрэй Жарнасек, Яўген Стажык, Аляксандра Храмёнак, Кацярына Рубанік, Дар’я Кіслякова, Паліна Пацэвіч і Каміла Первянёнак. “Бронза” на рахунку Максіма Цвяцінскага, Яўгена Крыскевіча, Рамана Сіроткі, Станіслава Пацэйкі, Уладзіслава Сматрова, Германа Быкава, Руслана Шаўчэнкі, Ангеліны Алексяёнак, Віялеты Папко і Ксеніі Цвяцінскай.

Гэтая падзея для выхаванцаў ушацкіх трэнераў Святланы Фядосенкі, Канстанціна Дука, Веры Кілінай і Кацярыны Маркевіч будзе запамінальнай яшчэ і тым, што свае ўзнагароды яны атрымалі з рук праслаўленай беларускай спартсменкі, чэмпіёнкі свету і Еўропы Анастасіі Архіпавай, якая заўсёды прыязджае на турніры, што арганізуе яе родная Ушацкая ДЮСШ. На адным з першых у сваім жыцці спартыўным мерапрыемстве пабывала і яе маленькая дачушка (наша зямлячка таксама летась набыла статус мнагадзетнай мамы).
Такім вось цікавым, азартным і “сямейным” атрымаўся чарговы мемарыял С.Сасніна. Ну а юныя спартсмены ўжо ва ўсю рыхтуюцца да новых стартаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *