В Глыбочке с жителями обсудили проект изменений и дополнений Конституции Республики Беларусь

Навстречу референдуму Общество

Сустрэча старшыні раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнка з жыхарамі аграгарадка Глыбачка праходзіла ў папулярнай зараз форме дыялогавай пляцоўкі.

Яе ключавой тэмай было абмеркаванне абнародаванага нядаўна праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі нашай краіны. І трэба зазначыць, што размова аказалася прадметнай і зацікаўленай, было бачна, што прысутныя азнаёміліся з палажэннямі дакумента і прааналізавалі іх. Вяскоўцы зазначылі, што асноўнай крыніцай адпаведнай інфармацыі стала для іх раённая газета і іншыя дзяржаўныя выданні, якія выйшлі са спецыяльным укладышам, некаторыя вывучалі праект у інтэрнэце, а асобныя – у тэматычным кутку, які аформлены ў бібліятэцы аграгарадка.

Што датычыцца канкрэтных аспектаў праекта, то глыбачанцы цалкам падтрымалі, напрыклад, дапаўненні ў артыкул 45 наконт таго, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Вылучылі ўдзельнікі сустрэчы і слушныя наватарствы артыкула 32, дзе паняцце “шлюб” удакладняецца як “саюз жанчыны і мужчыны”: глыбачанцы мяркуюць, што гэта спрыяе захаванню ўласцівых нашаму народу маральных традыцый. Прысутныя звярнулі ўвагу на тое, што Беларусь дасягнула значных поспехаў ва ўсталяванні гендарнай роўнасці, таму больш актуальнай стала выглядаць фармуліроўка “Жанчынам і мужчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных магчымасцяў у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і прасоўванні па рабоце, у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці…” (раней у ёй слова “мужчынам” не было).

Наталля Мікалаеўна нагадала, што прапановы і меркаванні па змесце праекта можна агучыць праз раённую і абласную грамадскую прыёмную, патэлефанаваць на нумары “гарачых ліній” (5-99-98), накіраваць па электроннай пошце, праз спецыяльную форму ў інтэрнэце ці даслаць звычайным пісьмом у Нацыянальны Цэнтр прававой інфармацыі.

Вядома ж, у ходзе зносін былі закрануты і актуальныя для населенага пункта тэмы. Аднак нараканняў прадстаўнікі раённай улады практычна не пачулі – і гэты факт сведчыць пра тое, што асноўныя праблемныя пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні. Прыемна было прысутным пачуць інфармацыю старшыні сельвыканкама В.В.Шаршнёва аб тым, што ўпершыню за некалькі апошніх год насельніцтва Глыбачкі ў 2021-м не зменшылася, а нават прырасло на 4 чалавекі. Аптымістычным штрыхом можна лічыць і тое, што жыхары аграгарадка сярод лідараў у раёне па ўсталяванні ў дамах электрычнага ацяплення. У мінулым годзе шмат зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, у складанай эпідсітуацыі на ўзроўні было медыцынскае абслугоўванне, падставу для гонару давалі глыбачанскія школьнікі. Відавочна, што ва ўсім гэтым можна ўбачыць плён праводзімай дзяржавай палітыкі па падтрымцы вясковага насельніцтва, захаванні сацыяльных стандартаў і, адпаведна, павышэнні якасці жыцця ў сельскай мясцовасці. І няма сумненняў, што гэтыя прыярытэты ў Беларусі і надалей застануцца непарушнымі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *