В Ушачском районе из-за участившихся пожаров усиленно проводятся профилактические работы

Профилактика и безопасность

Яшчэ адзін пажар зарэгістраваны на Ушаччыне. У вёсцы Усвіца Глыбачанскага сельсавета гарэла гаспадарчая пабудова. Абышлося без чалавечых ахвяр, пабудова і маёмасць пашкоджаны агнём. Па папярэдняй версіі ўзгаранне адбылося па прычыне парушэння правіл пажарнай бяспекі – гаспадар напярэдадні праводзіў у памяшканні зварачныя работы.

З пачатку года ў раёне назіраецца павелічэнне колькасці пажараў – толькі за першыя шэсць дзён 2022-га іх адбылося тры. На тэрыторыі ўсіх сельсаветаў і гарпасёлка ўзмацнілі сваю работу аглядавыя камісіі. Увесь мінулы тыдзень, уключаючы калядныя выхадныя, абследаваліся домаўладанні грамадзян, у першую чаргу з так званай групы рызыкі.

“Я ў ложак з цыгарэтай не кладуся, а побач за сталом магу курыць. Ну не выходзіць жа ў такі холад на вуліцу!” – адказ такога кшталту не раз давялося чуць членам камісій, у склад якіх уваходзяць не толькі выратавальнікі, а і прадстаўнікі міліцыі, сацыяльнай службы, сельвыканкамаў. Пра курэнне ў памяшканні сведчыў як устойлівы пах дыму, так і раскіданыя каля печы акуркі, напоўненыя попельніцы. У кожным такім выпадку суб’екты прафілактыкі нагадвалі, што гэта небяспечна. Трапіўшы на розныя паверхні, акурак можа тлець некалькі гадзін і тым самым выклікаць узгаранне.

Пільную ўвагу аглядавыя камісіі ў кожным доме звярталі на печы. У асобных выпадках іх нельга эксплуатаваць без боязі за жыццё.

– Людзі павінны разу­мець, што гэта не нам патрэбна, не для галачкі, а ім, што ад гэтага залежыць іх здароўе! Тым жа, у каго печ спраўная, хачу нагадаць, што паліць яе трэба не пазней, чым за дзве гадзіны да сну і не больш дзвюх гадзін, не дапускаць перакалу. Ачыстка дымаходу хаця б раз за сезон павінна стаць звычкай, – зазначае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкін.

Сярод распаўсюджаных парушэнняў у абследаваных дамах – эксплуатацыя няспраўных электрапрыбораў, а аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі не змаглі “падаць голас” з-за адсутнасці батарэек.

Толькі за тры выхадныя дні рэйдавых мерапрыемстваў абследавана звыш сотні домаўладанняў, праінструктавана каля 300 чалавек. Падчас размоў члены камісій не стамляліся нагадваць, што ў выпадку надзвычайнай сітуацыі выклікаць выратавальнікаў можна па нумарах 101 і 112. Як бы гэта дзіўна ні гучала, аднак у прыгаданым вышэй выпадку ў Усвіцы гаспадар не ведаў, як патэлефанаваць у пажарную службу. Заўважыўшы ўзгаранне, прасіў зрабіць гэта суседзяў, губляючы каштоўныя ў такіх выпадках секунды.

Прафілактычная работа, безумоўна, будзе працягвацца, але сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, калі самі людзі зразумеюць, што да трагедыі можа быць адзін крок.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *