Как в Ушачах прошел республиканский референдум по внесению изменений и дополнений в Конституцию?

Общество

27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Па папярэдніх падліках, у галасаванні прыняў удзел 5359471 грамадзянін, або 78,63 працэнта ад унесеных у спісы выбаршчыкаў. За змены ў Асноўны закон краіны прагаласавала 65,16 працэнта беларусаў, не падтрымалі прапановы – 10,07. Традыцыйна высокай аказалася актыўнасць на Віцебшчыне: на рэферэндум прыйшло больш 81 працэнта жыхароў вобласці, 70 з іх падтрымалі новы праект Канстытуцыі. Канчатковыя вынікі рэферэндуму Цэнтрвыбаркам аб’явіць 3 сакавіка.

Члены камісіі ўчастка №12 Т.Іванюта і А.Гарбаценка прыехалі да Р.Лазаравай.

Многія ўшачане лічаць паход на выбарчы ўчастак святочнай падзеяй і накіроўваюцца туды цэлымі сем’ямі. Дарэчы, прытрымліваецца такой высновы і старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які прыйшоў галасаваць разам з жонкай і двума сынамі. Ну а калі б мы вызначалі рэкардсменаў у гэтым плане, то тут на лаўры пераможцаў прэтэндавала б дружная сям’я Сакаловых: на свой участак у адміністрацыйным будынку УП ЖКГ Наталля і Вячаслаў накіраваліся з чатырма дзеткамі, прычым малодшая дзяўчынка з’явілася на свет усяго каля месяца таму. Заўсёды бярэ з сабой на галасаванне сына і дачку жыхар Градзянца Сцяпан Каваленка, а члены ўчастковай камісіі нават падрыхтавалі для дзяцей салодкія пачастункі. З вельмі адказным выглядам апускаў у урну запоўненыя дзядулем і бабуляй бюлетэні пяцігадовы Кіруша – унук Мікалая і Галіны Ляцкіх.

Галасуе ўшачанка В.Карэйша.

Асаблівай падзеяй стаў сёлетні рэферэндум для маладых ушачан, якія нядаўна дасягнулі 18-гадовага ўзросту і атрымалі права ўдзельнічаць у галасаванні. Так, спецыяльна для гэтага прыехалі ва Ушачы з гарадоў, дзе зараз вучацца, Павел Спірыдонаў і Злата Клачок. Напамінам жа ўсім “дэбютантам” пра гэты дзень будуць сувеніры ад выбарчай камісіі і райкама БРСМ – маладзёжная арганізацыя таксама прапанавала ім, зарэгістраваўшыся па QR-кодзе на сайце, прыняць удзел у адмысловым розыгрышы прызоў.

На выбарчым участку №3.

Кожны грамадзянін павінен мець магчымасць выказаць сваю пазіцыю на рэферэндуме, і члены камісій займаліся забеспячэннем гэтага права. Як звычайна для асоб, якія па ўважлівых прычынах не могуць самі прыбыць на ўчастак, было арганізавана галасаванне на доме. Традыцыйна вельмі шмат такіх выбаршчыкаў на сяле. Так, практычна на працягу ўсяго дня ішоў аб’езд жыхароў Ушацкага сельсавета на ўчастку для галасавання №12. “З раніцы выглядала вас у акенца! Давайце, чайку налію, адпачнеце хвілінку! – гасцінна сустракала членаў камісіі жыхарка Ліпаўца Раіса Лазарава. – Вы ўжо прабачце, што на дом вас выклікала: чалавек я немалады, транспарту свайго няма, а да Градзянца адсюль далекавата”.

Члены камісіі накіроўваюцца да хворых ушачан.

Хапала жадаючых галасаваць на доме і сярод гарпасялкоўцаў: толькі а трэцяй гадзіне аб’ехалі з пераноснай урнай сотню адрасоў участка №2 Андрэй Агіевіч і Дзмітрый Лёля і адрапартавалі старшыні камісіі аб паспяховым выкананні задання. Не менш складаная місія лягла на плечы Сяргея Кіслага і Сяргея Качана, якія накіраваліся да пацыентаў стацыянара райбальніцы. Акрамя таго на кожным участку быў арганізаваны выезд да ўшачан, хворых на каранавірус. “Канечне, заданне не з прыемных, але мужчыны павінны браць на сябе складаную работу”, – апранаючы ахоўную экіпіроўку, дзяліўся меркаваннямі член камісіі ўчастка №1 Аляксандр Тарасеня. Тыя ж, хто прыйшоў галасаваць, мелі магчымасць у выпадку неабходнасці атрымаць першую дапамогу і пракантраляваць свой стан у медпункце. Так, жыхарка райцэнтра Тамара Чэвідаева, прагаласаваўшы, затрымалася ў фае райвыканкама, каб змерыць ціск і сатурацыю. “Людзі, асабліва пажылыя, ахвотна карыстаюцца прапановай і нават просяць даць пэўныя рэкамендацыі”, – патлумачыла вопытны медработнік Вольга Рубанік. Ну а моладзь, асабліва дзеці, больш цікавіліся асартыментам кропак грамадскага харчавання. “Асаблівым попытам сёння карысталіся піражкі, пірожныя, тарты. Дарэчы, у нас можна не толькі набыць, а і прадэгуставаць некаторы тавар: вось, паспытайце, калі ласка, новае пячэнне “Блюз з какавай”, – заклікалі нас да прылаўка тэхнолаг Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Ала Жахоўская і буфетчык Любоў Гарыслаўка.

Сям’я Сакаловых.

Добрай традыцыяй асноўнага дня галасавання сталі і канцэрты, якія ладзяцца на ўчастках. Асабліва прывабліваюць яны вяскоўцаў: напрыклад, у Сарочына, каб паглядзець выступленне аўтаклуба раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, прыехалі нават жыхары Славеняў і Кісялёва. Увогуле, хоць прыгаданы ўчастак №10 з’яўляецца самым вялікім па колькасці населеных пунктаў (іх 49, а асобныя знаходзяцца на адлегласці 25 кіламетраў), галасаванне тут прайшло вельмі актыўна і зладжана, з 637 зарэгістраваных выбаршчыкаў удзел у рэферэндуме прынялі 602, спецыяльна прыязджалі з гарадоў многія дачнікі, студэнты. “Хачу падзякаваць усім членам нашай участковай камісіі, склад якой, дарэчы, практычна не мяняецца ўжо на працягу некалькіх выбарчых кампаній, а таму кожны добра ведае сваю справу і вельмі адказна да яе ставіцца”, – пракаменціравала вынікі работы старшыня ўчастковай камісіі Людміла Аляксандраўна Пашута.

У час рэферэндуму ў Беларусі працавалі 5510 участкаў, у тым ліку 217 – у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, і 12 – у воінскіх часцях.

Думаецца, падобнай ацэнкі заслугоўваюць і ўсе іншыя людзі, якія займаліся падрыхтоўкай і правядзеннем рэферэндума. Застаецца толькі зазначыць, што беларусы зрабілі важны выбар, у адпаведнасці з якім будуць развіваць сваё грамадства.

Першае галасаванне П.Спірыдонава.
А.Жахоўская і Л.Гарыслаўка частуюць выбаршчыкаў на ўчастку №2.
Сям’я Ляцкіх.
У медпункце на ўчастку №1.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ,
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *