Молодой специалист Алексей Щепта работает по распределению в КУСХП «Великодолецкое» и не боится трудностей

Образование и молодежь

Аляксей Шчэпта са жніўня мінулага года працуе ў КУСГП “Вялікадолецкае”. Прыехаў на Ушаччыну па размеркаванні і за гэты час паспеў нават крыху падрасці ў пасадзе – з інжынера да галоўнага. Юнак лічыць, што цяплічныя ўмовы могуць быць шкоднымі для станаўлення маладых спецыялістаў, таму работу ў гаспадарцы з няпростым фінансавым становішчам лічыць карысным этапам для далейшага жыцця.

Аляксей перакананы, што зможа адшукаць прымяненне і рукам, і ведам, куды б ні трапіў. “Я ж вясковы, не баюся ніякай работы, з дзяцінства з тэхнікай – у бацькоў ёсць свой трактар. Да таго ж у маці ўласная свінаферма, даводзілася шмат будаваць, наогул дапамагаць. Затое практычна пасля школы яны купілі мне машыну. Вадзіцельскае пасведчанне атрымаў у Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, тры гады вучобы далі не толькі тэарэтычныя веды – была і працяглая практыка пасля заканчэння. Раю не баяцца ісці да вышэйшай адукацыі паступова, бо ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце па профілі інжынера-рамонтніка сельскагаспадарчых машын я вучыўся па скарочанай праграме. Давалася лёгка, паколькі прафесію “памацаў рукамі”. Паралельна пастаянна падпрацоўваў таксістам, грузчыкам, рознарабочым на будаўніцтве, электрамантажнікам, і на другую сваю машыну зарабіў”.

У свае 23 гады Аляксей лічыць сябе самастойным чалавекам, ды такім і з’яўляецца. Добра ладзіць з людзьмі, што вельмі дапамагае як з мясцовымі механізатарамі – вопытнымі, граматнымі і “з характарам”, так і з папяровымі абавязкамі, якіх у галоўнага інжынера шмат. Допускі тэхнікі, падрыхтоўка да пасяўной. Першачарговым лічыць зараз рамонт сеялак, як і ўвогуле праходжанне тэхагляду. Адшукаць неабходныя запчасткі можна, вось толькі з аплатай паўстаюць праблемы.

Аляксей падкрэслівае, што ў яго склаліся добрыя стасункі з супрацоўнікамі гаспадаркі, а ўзаемадзейнічаць даводзіцца як мінімум з двума дзясяткамі чалавек, ды і выконваць самыя розныя справы, нават не звязаныя з займаемай пасадай. У гарачую пару працоўны дзень можа зацягнуцца і на 14 гадзін, а заканчваецца, калі ўсё зроблена, а не па графіку. Па тым, як упэўнена хлопец прыгадвае Новае жыцце, Скачыхі, Рагозіна, імгненна прыкідваючы адлегласці да гэтых вёсак, бачна, што ён добра азнаёміўся з тэрыторыяй гаспадаркі, ды і з раёнам.

Хоць сельгаспрадпрыемства прапанавала жыллё, Аляксей не захацеў марнаваць час на догляд за вялікім домам і здымае кватэру ў гарпасёлку. Паспрыяла такому рашэнню і наяўнасць ва Ушачах шыкоўнага комплексу ­“Юнацтва-Ушачы”, трэнажорную залу якога ён наведвае штодня. Са спортам у юнака з Краснагорска Салiгорскага раёна асаблівыя адносіны: з 7 гадоў займаўся боксам. Трэніроўкi і зборы, у тым ліку за мяжой, адышлі на другі план, калі стала зразумела, што далей з-за траўм будзе бесперспектыўна звязваць з ім жыцце. Аднак загартоўка засталася, невыпадкова Аляксей мае першую групу здароўя і гатовы выбраць падчас службы ў войску адну ў элітных спецыяльнасцяў. Калі зноў не атрымае адтэрміноўку, як восенню. Ён не толькі “не косіць” ад арміі, але спадзяецца атрымаць яшчэ адзін жыццёвы вопыт.

– Маладым людзям у цэлым было б карысна нейкі час пажыць і папрацаваць самастойна, удалечыні ад дому, – кажа А.Шчэпта. – Разумееш, што жыццё складанае і паўсюды трэба будзе шукаць нестандартныя рашэнні, кантактаваць з людзьмі, у якіх розны настрой, характар, свае праблемы. Ну а як складзецца далейшы лёс – пакажа час. Я не баюся спрабаваць. А вопыт, атрыманы ва Ушацкім раёне, абавязкова спатрэбіцца.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *