Коллектив участка УП ЖКХ «Великие Дольцы» работает всегда слаженно

Общество

Участак УП ЖКГ “Вялікія Дольцы” лічыцца ва ўшацкай камунальнай арганізацыі адным з самых надзейных падраздзяленняў. Пра тое ж, наколькі дастойны і прафесійны тут склаўся калектыў, сведчыць факт, што да сёлетняга свята тры яго прадстаўнікі атрымалі граматы і падзякі абласнога і раённага ўзроўню. Гэта, між іншым, якраз палова ад усіх работнікаў – зараз у падначаленні майстра Леаніда Леанідавіча Стрыжонка працуюць пяць машыністаў-качагараў, якія з’яўляюцца сапраўднымі ўніверсаламі.

Л.Стрыжонак, А.Азевіч, А.Ізаітка.

А паколькі галоўная функцыя ўчастка – ацяпленне школы, бальніцы і трох жылых шматпавярховак аграгарадка, у халодны перыяд работнікі заняты пераважна тым, што рыхтуюць дровы для катлоў і сочаць за абсталяваннем. Сёлетняя зіма была не надта лютай, таму зрасходавалі каля 700 кубоў, у больш марозныя дні запускалі два з трох наяўных катлоў, а ў такія, як зараз, хапае і аднаго. Паліва ў асноўным сваё, нарыхтаванае брыгадай ЖКГ, якасцю дроў качагары задаволены. У двух акуратных дрывотніках, пабудаваных некалькі год таму, запас на некалькі тыдняў, у двары – ніводнай кучы пілавання, усё ідзе ў ход па меры назапашвання.

З абслугоўваннем сетак зараз праблем няма: некалькі год таму старую вонкавую трасу, якую пастаянна даводзілася латаць, планава замянілі на падземную з сучаснай пі-трубой. Сярод абавязкаў работнікаў ­– выкананне заявак па абслугоўванні жылфонду, але іх паступае няшмат. У цёплы ж перыяд апроч падрыхтоўкі абсталявання займаюцца будаўнічымі работамі: летась, напрыклад, абнавілі ганак аднаго з дамоў, сёлета ў планах рамонт казырка ў другім, перакрыццё даху кацельні. З надыходам вясны камунальнікі актыўна далучаюцца да работ па добраўпарадкаванні: удзельнічаюць у суботніках, абкошваюць грамадскія тэрыторыі, высякаюць кустоўе, акультурваюць могілкі. У бліжэйшы час плануюць прывесці ў парадак замацаваны за імі помнік у Малых Дольцах.

У зладжанай рабоце ўчастка, канечне, вялікая заслуга Л.Стрыжонка, які ўзначальвае яго з моманту стварэння ў 2008 годзе. Прыйшоў ён сюды вопытным спецыялістам: пасля заканчэння Гарадоцкага сельгастэхнікума 15 год адпрацаваў майстрам на даламітавым заводзе ў Рубе, калі ж давялося вярнуцца на малую радзіму, знайшоў прымяненне сваім тэхнічным і арганізатарскім талентам у камунальнай гаспадарцы. Бездакорная праца Леаніда Леанідавача была адзначана сёлета Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама. Сам жа майстар адзначае, што кіраваць такімі прафесіяналамі яму нескладана. З моманту стварэння ўчастка працуе тут Фёдар Бука, шмат год застаюцца вернымі калектыву касаране Сяргей Тычына і Аляксандр Азевіч, майстрам на ўсе рукі лічыцца Аляксей Ізаітка ды і Пётр Пахолак, які далучыўся да калег нядаўна, ужо стаў тут сваім.

…А наша размова з камунальнікамі ў іх сонечным двары завяршылася на рамантычнай ноце. “Глядзіце, журавы да нас вяртаюцца! – паказалі мужчыны ў бок, адкуль даносіўся птушыны клёкат. – І шпакі ўжо тут: прыляцелі да сённяшняга дня Васілісы – па народных прыкметах, вясна будзе цёплай!”. І бачна было, як любяць яны сваю малую радзіму, для жыхароў якой ствараюць утульнасць і камфорт.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *