Об особенностях времени перед Пасхой рассказывает благочинный Ушачского православного округа Александр Талеренок

Общество

Прайсці Вялікі пост разам. Такую мэту ставіў благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі айцец Аляксандр Таляронак, калі кожны тыдзень знаёміў са святымі, якіх прыгадваюць у кожную нядзелю паста. Падчас гэтага інтэрв’ю хацелася ўвогуле даведацца пра асаблівасці часу перад Вялікаднём, паколькі большасць з нас далёкія не толькі ад тонкасцяў служб, але і ўвогуле ад пастулатаў веры.

– Айцец Аляксандр, чытала, што раней менавіта падчас Вялікага паста людзі, якія свядома прыходзілі да хрысціянства, рыхтаваліся да таямніцы хрышчэння – і Вялікдзень быў самым прыдатным для гэтага днём…

– Так, наогул было толькі тры дні ў годзе, калі ажыццяўлялася гэтая таямніца. Самы спрыяльны сапраўды ў Вялікую Суботу перад Вялікаднём, паколькі час перад ім і дадзены чалавеку для пераасэнсавання сваіх паводзінаў. Цяпер чалавек можа пахрысціцца ў любы час, галоўнае, каб ён прыходзіў да гэтага асэнсавана, а не як да працэдуры ачышчэння ад ранейшых грахоў і атрымання анёла-ахоўніка. У кожнага свой шлях да Бога, некаторыя звяртаюцца да яго ў вельмі сталым узросце. Нямала такіх прыкладаў і сярод ушачан, прычым, і ў сем’ях, адзін з членаў якіх быў глыбока веруючым, а другі атэістам. І я радуюся, калі бачу, што чалавек перарадзіўся духоўна.

– Аднак бацькі імкнуцца пахрысціць немаўля з першых тыдняў жыцця. Так было заведзена і ў нашых прадзедаў, так робіць і моладзь.

– Але паміж продкамі і нашчадкамі вялікая розніца. Дзяды расцілі дзяцей у веры, у тым ліку і ў анёла-ахоўніка, нават імёны даваліся па царкоўным календары. Зараз хрысцяць, каб атрымаць ахоўніка. На гэты конт я прыводжу такі прыклад. Вы звяртаецеся ў “Ахову”, каб сцераглі вашу маёмасць, пры гэтым кажаце, што ставіць абсталяванне і плаціць не жадаеце, і наогул больш няма для чаго бачыцца. Ці будуць на такіх умовах з вамі працаваць? Так атрымліваецца і з Богам: мы просім, каб Ён даў нам анёла-ахоўніка, а потым не жадаем звяртацца да Яго ў малітвах і дзякаваць за кожны пражыты дзень. Ёсць спецыяльная невялічкая малітва анёлу-ахоўніку. А ўвогуле менавіта бацькі ў адказе за тое, ці ў веры расце хрышчонае дзіця.

– Што датычыцца малітваў і служб. Праўда, што падчас Вялікага паста яны асаблівыя і варта абавязкова пабываць хаця б на будзённай?

– Адрозніваецца і Літургія, і часы, асаблівыя песнапенні і малітвы, у гэты перыяд службы больш працяглыя. Кожны тыдзень асаблівы: трэці, зараз – Крыжапаклонны. Крыж у гэты час знаходзіцца пасярод храма. Мы пакланяемся яму і молімся, прыгадваючы пакуты Хрыста дзеля нашага выратавання, становімся больш пакорлівымі і цярпліва нясём свой крыж. Таму прыходзіць у царкву варта. Нават калі не зразумееш адразу ўсяго сэнсу службы, то адчуеш яго душой. Не атрымліваецца на ўвесь час, можна пакінуць храм раней. Нагадаю, што службы ў храме Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры пачынаюцца ў сераду і суботу ў 8.30, у нядзелю – у 9.30, вячэрнія па суботах у 17 гадзін. Наогул, у веры, як у спорце, лепш рухацца паступова, каб не ўзяць “не свой груз” і не сарвацца. Ну а зразумець сэнс службы дапамагаюць пропаведзі свяшчэнніка, што адбываюцца ў канцы. Ёсць дамоўленасць з айцом Ціханам з Наваполацка наконт прыезду да нас – ён праводзіць асаблівыя службы – тлумачыць сэнс непасрэдна падчас Божай Літургіі. А яшчэ мяркуем акрамя дзіцячай нядзельнай школы зрабіць падобныя сустрэчы-заняткі і з дарослымі, каб гутарыць, абмяркоўваць незразумелае. Падобная за чаепіццем адбылася ў нас на Дараваную нядзелю.

2 красавіка – бацькоўская субота. Памінальныя паніхіды пройдуць у храмах: у 8.30 – ва Ушачах, у 9 гадзін – у вёсцы Вашкова (з Літургіяй) і ў 12.00 у Кублічах. У Арэхаўне ў 11.30 адбудзецца паніхіда, у 12.00 – таямніца саборавання, а ў нядзелю ў 9.20 – Божая Літургія.

– Непасрэдна на ўсяночную на Вялікдзень у царкве звычайна многа народу, служба працяглая, і непажадана ў гэтую раніцу прычашчацца?

– Наадварот, мне б хацелася, каб літаральна для ўсіх Вялікдзень стаў яшчэ і святам прычашчэння. У храме Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры зараз служаць два свяшчэннікі, таму гэта не зойме шмат часу. Паспавядацца лепш напярэдадні ў суботу або ў Чысты Чацвер, аднак можна і непасрэдна падчас усяночнай, галоўнае – падрыхтавацца.

– Прычасціццца зможа толькі той, хто пасціўся ўвесь час Вялікага паста?

– Дастаткова трох дзён перад спавяданнем. Ці зможа чалавек пратрымацца на скаромнай ежы 49 дзён – залежыць ад стану здароўя і сумлення. Хворым і тым, хто займаецца цяжкой фізічнай працай, гэта сапраўды можа быць шкодна. Ну а для большасці ўсё ж рэальна, хоць і складана: адмаўленнем ад мяснога, ласункаў мы вучымся ўтаймоўваць свае плоцевыя жаданні. Аднак не толькі ў гэтым сэнс падрыхтоўкі. Пост – як адно з вёсел у лодачніка, але патрэбна і другое – малітва, асэнсаванне. Любы перыяд перад спавяданнем – гэта Вялікі пост у мініяцюры, за карацейшы час. Трэба ўбачыць свае грахі і пакаяцца. Падчас Вялікага паста мы паўтараем пакутніцкі шлях Іісуса Хрыста перад распяццем і ўваскрэсеннем.

– Айцец Аляксандр, калі ў людзей паўстаюць асабістыя пытанні з адпяваннем, хрышчэннем, куды ім звяртацца?

– Раён падзелены па сельсаветах адносна храмаў, у якіх служаць свяшчэннікі. На тэрыторыі Ушач і Ушацкага сельсавета можна тэлефанаваць мне па нумары (8-029) 266-07-25 ці ў храм 3-15-48, па Вяркудскім, Глыбачанскім, Жарскім і Сарочынскім – да айца Вячаслава (8-029) 599-40-44, па Вялікадолецкім і Кубліцкім – да айца Яраслава – (8-033) 387-41-09.

– Дзякуй за тлумачэнні.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *