Очередной районный субботник по благоустройству территории прошел на Ушаччине

Общество

Небагаты наш раён на вольныя сродкі – прывесці ж пасля зімы ў дастойны выгляд населеныя пункты, мемарыяльныя месцы і іншыя важныя аб’екты неабходна, вось і даводзіцца рабіць гэта падчас суботнікаў. Большасць жыхароў да патрэбы вылучыць на грамадска карысную справу некалькі гадзін выхаднога дня ставіцца з разуменнем – а таму літаральна на вачах на працягу красавіка прыгажэлі нашы дамы і вуліцы.

Напярэдадні ж велікодных святаў раённы суботнік ладзіўся ў пятніцу, таму арганізацыі дэлегавалі на яго абмежаваны дэсант. Тым не менш, зроблена ў гэты дзень было шмат. У наваколлі спарткомплексу каманда яго работнікаў, умацаваная памочнікамі з раёнаў газазабеспячэння і электрасетак, чысціла вадаёмы і высякала кустоўе. Працавалі з энтузіязмам. “Юнацтва-Ушачы” – наша візітоўка, тут павінен быць эталонны парадак!” – зазначалі энергетыкі Мікалай Каралькоў і Леанід Міхейка. А вось “пыльная” праца па разборы трухлявых адрын, якія псавалі панараму наваколля новага школьнага стадыёна, лягла на плечы брыгады, складзенай з работнікаў ПМК-66, РЭС і РВЭС. “Нічога, з гэтым мы хутка справімся: бурыць – не будаваць!” – жартавалі Іван Глінскі, Аляксандр Асяпёнак і Ігар Лабецкі. Далучыўся да суботніка прыватны прадпрымальнік Сяргей Мільчанін, які абнаўляў інтэр’ер ля свайго магазіна, а побач камунгасаўцы рыхтаваліся фарбаваць сцяну двухпавярхоўкі.

Увогуле ў райцэнтры было зроблена многае. Як, зрэшты, і ў Кублічах, якія пасля адкрыцця экспазіцыі, прысвечанай жыццю яўрэйскага мястэчка, трапілі ў турыстычныя маршруты. У гэты дзень кіпела работа па добраўпарадкаванні на шэрагу грамадзянскіх могілак, прыводзіліся ў парадак іншыя аб’екты ў розных куточках раёна.

Не так шмат часу застаецца да 5 мая, калі на Ушаччыне пройдзе VІІ абласная патрыятычная акцыя “Прарыў Перамогі”. Яе асноўныя мерапрыемствы будуць разгортвацца на мемарыяльным комплексе, і для нас справа гонару, каб у гэты дзень “Прарыў” выглядаў бездакорна. Асноўныя работы па навядзенні парадку тут ужо завяршаюцца. У час суботніка камунальнікі, дарожнікі, музейныя работнікі, прадстаўнікі райвыканкама і цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый аднаўлялі каменную накідку на ручаі, укладалі плітку, падпраўлялі выставу зброі, фарбавалі гранітную шчабёнку на верхняй пляцоўцы.

Старанні па добраўпарадкаванні комплексу высока ацанілі ўдзельнікі штаба па падрыхтоўцы да свята, які праводзіў ва Ушачах старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў. Пабывалі яны таксама на школьным стадыёне і ў адрамантаваным музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка – як вядома, урачыстае адкрыццё гэтых аб’ектаў адбудзецца ў рамках абласной акцыі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *