Одним ударом сломаны две судьбы…

Общество

Адным ударам зламаны два лёсы. Гэтую гісторыю памятаюць, мяркую, многія ўшачане, бо яна выклікала грамадскі рэзананс. На танцах у Доме культуры аграгарадка Кублічы двое юнакоў пасварыліся. Па сутнасці, і сваркі быццам асаблівай не было: так, адзін ударыў другога, той не сцярпеў, адказаў… Адзін усяго раз. А ў выніку таго адзінага ўдару – ненаўмысная смерць.
Сяргей толькі што вярнуўся з арміі, меў сяброў, сям’ю, работу, планы… Жыццё толькі распачыналася. І абарвалася мала таго, што раптоўна, аднак і недарэчна.
Аляксандр, яшчэ маладзейшы, зараз знаходзіцца ў месцах, дзе не будзеш рабіць тое, што мог бы і жадаў. Сваю віну, дарэчы, ён прызнаў часткова, на судзе не папрасіў прабачэння ў маці загінуўшага юнака. Таму што не прадбачыў такіх вынікаў. Таму што смерць наступіла не ў клубе: пасля таго як Сяргей паваліўся на кафельную падлогу і атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, ён з пабочнай дапамогай дайшоў да дому, дзе і памёр. Па заключэнні медыкаў, была нанесена смяротная рана, з якой чалавек мог жыць, дарэчы, яшчэ некалькі дзён.
Так. Аляксандр не жадаў гэтай смерці. Усё адбылося выпадкова. Як, дарэчы, часта здараецца ў жыцці. Вось менавіта гэтага, на жаль, і не ўсведамляюць маладыя людзі: бывае, дастаткова аднаго ўдару рукой, нагой – і жыццё абарвецца.
Аляксандр за прычыненне смерці чалавеку па неасцярожнасці атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго лёс таксама пакалечаны. І ўжо ніколі не вярнуць Сяргея. Мабыць, і бессэнсоўна заклікаць моладзь да разважлівасці, аднак тым не менш падобныя выпадкі проста крычаць нам пра тое, што трэба быць цярплівей, дабрэй, і не пускаць у справу рукі там, дзе можна спакойна высветліць сітуацыю.
І яшчэ на адным моманце хацелася засяродзіць увагу. У той вечар у Кубліцкім Доме культуры не было дабравольнай дружыны, як і наогул не было графіка яе выхаду на верасень, між тым як яна створана пры Кубліцкім сельвыканкаме ў складзе 15 чалавек яшчэ ў 2009 годзе. Як высветлілася, ахова грамадскага парадку ажыццяўлялася на дыскатэках толькі па святочных днях, і гэта адна з прычын, па якой стала магчымым злачынства.
С.УРБАНОВІЧ,
памочнік пракурора
Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *