

6 жніўня на возеры Вечалле ледзь не патануў пяцігадовы хлопчык. Бабуля з маленькімі ўнукамі прыйшла на пляж, дзеці гулялі, акуналіся. Жанчына знаходзілася побач, але на імгненне выпусціла іх з-пад увагі . Малодшы ў гэты момант паспрабаваў нырнуць, але не справіўшыся з затрымкай дыхання, наглытаўся вады і пачаў тануць. На шчасце, трагедыі ўдалося пазбегнуць.
Мужчына, які вынес дзіця на бераг і жанчына-медык, што аказвала першую дапамогу і змагла рэаніміраваць яго, не пакінулі сваіх даных. Канечне ж, яны заслугоўваюць бязмерных слоў удзячнасці, і раённая арганізацыя таварыства выратавання на водах стала шукаць сціплых герояў. І ўжо на выхадных на базе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці ўшаноўвалі Уладзіміра Васільевіча Цупу – жыхар Санкт-Пецярбурга з сям’ёй прыехаў у наш раён у госці да сваякоў і ў той вечар завітаў на ўшацкі пляж адпачыць. Калі хлопчык у вадзе наглытаўся вады і пачаў тануць, Уладзімір не разгубіўся і зрэагаваў імгненна – падхапіў яго і панёс на бераг, дзе ўжо відавочцы пачалі выклікаць “хуткую дапамогу”. Інакш паступіць проста не мог, тым больш што сам тата – у сям’і падрастае трое маленькіх гарэзлівых дзетак. Разам з імі ён і завітаў на ўшанаванне, ганарацца сваім пляменнікам і Галіна Уладзіміраўна і Міхаіл Пятровіч Хомічы, у якіх сям’я гасціла гэтыя дні.
Кіраўніцтва абласной і раённай арганізацый таварыства на водах, райаддзела па надзвычайных сітуацыях шчыра падзякавалі Уладзіміру за ўчынак і ўручылі яму памятныя падарункі.
Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома і імя жанчыны, якая рэаніміравала хлопчыка. Гэта ўраджэнка нашага раёна Юлія Мікалаеўна Барадзіна, якая працуе ўрачом-неўролагам у Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы і прыехала ва Ушачы праведаць маці Вольгу Пятроўну Захарэнка.
“Вялікае шчасце, што ў тую хвіліну Юлія была на пляжы, – расказвае старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Мая Леанідаўна Пацэйка. – Калі яна ўбачыла, што побач патрэбна дапамога, сказала матросам-выратавальнікам паста: “Я ўрач і буду рэаніміраваць дзіця!”. І дзякуючы яе хуткім, дакладным дзеянням хлопчык прыйшоў у сябе. “Хуткая дапамога” даставіла яго ў бальніцу, зараз з малышом усё добра і яго здароўю нічога не пагражае. Ведаю, што родныя Юліі Мікалаеўны будуць чытаць гэты матэрыял, а таму яшчэ раз перадаю ёй шчыры “дзякуй” за выратаванае жыццё, прафесіяналізм і неабыякавасць!”.
Вольга КАМАРКОВА.
