Абласныя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства “Лесаруб-2026” сабралі на мінулым тыдні ў Суражскім лясгасе больш за 120 прафесіяналаў з 18 лясгасаў Віцебшчыны. За званне лепшых змагаліся і ўшачане Міхаіл Карабань, Аляксандр Качан з Ушацкага і Уладзімір Кастаненка з Вялікадолецкага лясніцтваў, якія выдатна ведаюць сваю справу. У кожнага з іх быў вопыт удзелу ў такіх спаборніцтвах як раённага, так і абласнога ўзроўню.

Лесарубы дэманстравалі майстэрства ў валцы дрэва, мантажы ланцуга бензапілы, абрэзцы сукоў, эстафеце, дакладным і камбінаваным распілоўванні. А паколькі прафесія вальшчыка лічыцца адной з траўманебяспечных, на кожным этапе вялікая ўвага яшчэ звярталася і на ахову працы: адзін няправільны рух – і ўдзельнік выбываў са спаборніцтваў.
У каманднай эстафеце ўшачане паказалі такую дакладнасць і зладжанасць, што роўных ім не аказалася. І хоць у агульным заліку нашы лесарубы не трапілі на п’едэстал, але дастойна выглядалі на ўсіх этапах. Абсалютную ж перамогу святкавалі прафесіяналы з Пастаўскага лясгаса.

Разам з вальшчыкамі ў Суражскім лясгасе пабываў разьбяр па дрэве Дзмітрый Пашкевіч, якога запрасілі для правядзення майстар-класа. На вачах удзельнікаў ён пераўтвараў драўніну ў цудоўную скульптуру, якая ўразіла ўсіх прысутных і ўпрыгожыла тэрыторыю Суражскай школы.
За мінулы год вальшчыкі вобласці нарыхтавалі 1 мільён кубаметраў драўніны – трэць ад усяго аб’ёма. Гэта гаворыць не толькі аб высокім узроўні прафесіяналізму, а і запатрабаванасці ручной працы такіх спецыялістаў.
Вольга КАМАРКОВА.
