Ушачский Дом ремесел принял участие в национальном фестивале белорусской песни и поэзии «Молодечно-2022»

Культура

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2022”, які прайшоў на мінулым тыдні, здзівіў не толькі сузор’ем талентаў, але і незвычайнымі лакацыямі. На пешаходнай вуліцы Прытыцкага каля кінатэатра “Радзіма” да Года гістарычнай памяці ўстановы культуры прапанавалі гасцям ажыццявіць падарожжа ў часе, паказаўшы жыццё на малой радзіме ў розныя эпохі. У стварэнні такога “парталу” прыняла ўдзел і дэлегацыя Ушацкага раёна.

Прадстаўніцы «Дома рамёстваў» К.Кляшчонак, І.Качынская.

Нашы землякі, а гэта прадстаўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Дома рамёстваў, падрыхтавалі цікавую выставу з трох тэматычных блокаў. На першым – “Ушаччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” – былі прадстаўлены матэрыялы аб партызанскім руху, мемарыяльным комплексе “Прарыў”, музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Адметна, што ад стэнда пра апошні доўга не адыходзіла пажылая жыхарка Маладзечна, якая на адным са здымкаў пазнала свайго бацьку. Як высветлілася, у гады Вялікай Айчыннай ён быў ад’ютантам Уладзіміра Елісеевіча. І хоць у 40-я жанчына была зусім маленькай, добра захавала ў памяці аблічча камбрыга, з якім была асабіста знаёмая. Пра ўсё гэта яна расказала прадстаўнікам ушацкай дэлегацыі і свайму ўнуку Юрыю, праўнуку партызана брыгады імя І.Сталіна Яршова. Дзякуючы такому знаёмству, музей атрымаў новыя звесткі пра партызан нашага краю, а нашчадкі аднаго з іх – копію прыгаданага фотаздымка, зробленага ў Антуноўскім лесе.

Нямала прыхільнікаў знайшлося і ў літаратурным блоку выставы. Прычым, што цікава, Ушаччыну многія асацыіруюць менавіта з творчасцю нашых землякоў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Петруся Броўкі. Актыўна набывалі госці і сувенірную прадукцыю, выпушчаную ЦБС, з выявамі славутасцяў нашага краю.

Ну а па-суседстве “гаспадарылі” ўшацкія майстры – знаёмілі ўсіх жадаючых з традыцыйнымі народнымі промысламі, прапаноўвалі ўнікальныя рэчы з тканіны, гліны, саломкі.
“Удзел у фестывалі стаў выдатнай магчымасцю для нас зай­мець новых сяброў, падзяліцца вопытам, штосьці пераняць ад іншых, – кажа дырэктар Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Лідзія Міхайлаўна Шкаруба. – А яшчэ было вельмі ганарова і адказна стаць адзінай дэлегацыяй, якая прадстаўляла ўсю Віцебскую вобласць”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *