Деревня Волчо — привлекательное место для жизни со всеми удобствами

Общество

“Раней бы нам такія выгоды, калі дзеці малыя былі. Гэта ж так добра, вада ў доме, хутка будзе гарачая і ацяпленне”, – выказвае свой аптымістычны настрой на падвядзенне вода- і газаправодаў Ларыса Міхайлаўна Антановіч, якую і сустракаю ў двары дома па Садовай ля яркай жоўтай трубы. Менавіта гэтыя маякі беспамылкова падказваюць, у каго з жыхароў Ваўча хутка з’явіцца блакітнае паліва. Наколькі хутка жыллё пяройдзе з разраду вясковага ў камфартабельнае, з усімі выгодамі, залежыць ужо ад саміх жыхароў. Прасцей зрабіць тым, у каго было паравое ацяпленне – застанецца толькі ўстанавіць кацёл, заказаць праект на ўвод у дом. Вулічныя ж работы спецыялісты “Віцебскгазаправода” завяршалі на мінулым тыдні, а дакладна, бетанавалі аснову пад падвод, наносілі неабходныя пазначэнні, пасля чаго правялі пробныя выпрабаванні трубаправода пад высокім ціскам.

Свеце і Лёшу Макаравым больш не трэба насіць у дом дровы.

Праўда, у гэтай працяглай вёсцы налічыла толькі 8 дамоў з газам. ”У кааператыў спачатку запісалася 22 чалавекі, але пакуль чакалі сваёй чаргі, у людзей з’явіўся выбар – электраацяпленне па танным кошце, – тлумачыць старшыня газавага кааператыва П.П.Кляшчонак. – Мы ж вялі газ таксама з вельмі адчувальнай падтрымкай, усяго за 30 працэнтаў кошту работ, бо 70 бярэ на сябе дзяржава. Ёсць магчымасць узяць льготны трохпрацэнтны крэдыт на рэканструкцыю дома, у які ўваходзіць і газіфікацыя, на 10 гадоў, або канкрэтна на апошнія мэты – на 2 гады”.

Так, калі ў людзей з’явіўся выбар, многія аддалі перавагу электраацяпленню. Напрыклад, Вольга Аркадзьеўна Кавалеўская. “Такі варыянт таннейшы менавіта на пачатковай стадыі – падводу і мантажу абсталявання, хаця і даражэйшы ў працэсе эксплуатацыі. Але каб не цягнуць па доме трубы, купляць кацёл, я і некаторыя іншыя спыніліся на канвектарах. Павесіў на сцяну – і ўсё, прычым, на кожным можна ўстанаўліваць сваю асобную тэмпературу”.

Газаправод па вёсцы Ваўчо працягласцю 1180 метраў з падводамі да дамоў па вуліцах Садовая і Рачная спецыялісты “Віцебскгазаправода” пракладалі чатыры тыдні.

Варыянтаў ацяплення на сённяшні дзень шмат. Напрыклад, у доме Макаравых ужо ўбачыла еўрарамонт, але без труб. Аказалася, яны ёсць, але пакладзены пад падлогу, якая і будзе ацяпляцца газам.

Ну а што з’явілася практычна ў кожным доме вёскі, так гэта вада. “Бязмерна ўдзячны нашаму дэпутату Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку, да якога звярталіся, і вёска была ўключана ў праграму “Чыстая вада”, – кажа старэйшына Ваўча Мікалай Сцяпанавіч Леднік – Летась у вёсцы з’явіўся вулічны вадаправод, прычым абсалютна бясплатна, нам заставалася толькі за свой кошт зрабіць падвод да дома. Ускочылі ў апошні вагон – бо праграма фінансавалася Еўрапейскім банкам развіцця, які зараз часова спыніў падтрымку праграмы.

Такім чынам Ваўчо стала проста вельмі прывабным месцам для жыцця – у непасрэднай блізкасці да гарпасёлка, і з усімі выгодамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *