Медсестра-анестезист Роза Шерстакова любит свою работу и без нее не может себя представить

Общество

Да сітуацый, ад уяўлення якіх у жылах стыне кроў, Р.Г.Шарстакова даўно прывыкла. У рэанімацыйным аддзяленні цэнтральнай райбальніцы, дзе яна працуе медыцынскай сястрой-анестэзістам, бачыла нямала чалавечых пакут, смерцяў. Аднак сваю справу жанчына вельмі любіць – за тое, што можа дапамагчы людзям. І калі сустракаецца з ужо здаровымі землякамі, адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

– Мне вельмі пашанцавала пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча трапіць па размеркаванні менавіта на Ушаччыну, – прызнаецца Роза Генадзьеўна. – Пачынала з дзіцячага аддзялення, праз якое ў той час праходзіла значна больш малышоў, чым зараз. На якія толькі ўлоўкі яны не ішлі, каб пазбегнуць уколу ці атрымання “нясмачнай” таблеткі – спрабавалі падкупіць вафлямі, апельсінам… Добра памятаю хлопчыка, які меў цяжкую форму бранхіяльнай астмы і нярэдка трапляў у аддзяленне. Адзін укол – і імгненна прыходзіў у норму, прыступ адступаў. А адну дзяўчынку выратавалі раз, два, тры… а на чацвёрты не здолелі: і ўскладненняў назбіралася, і паступіла ў рукі спецыялістаў яна вельмі позна. Бацькі не ўлічылі, што многія паталогіі ў такім узросце развіваюцца за лічаныя гадзіны, адкладвалі візіт у бальніцу. Так, мне – тады яшчэ зусім юнай – было няпроста. Аднак самыя складаныя выпадкі – самыя цікавыя. Нярэдка і пасля адпрацаванай змены заставалася ў аддзяленні, каб у выпадку чаго аказацца побач з маленькім хворым.

Так прайшло 9 гадоў прафесійнай дзейнасці Розы Генадзьеўны. Калі ж у райбальніцы адкрывалася “рэанімацыя” (дагэтуль пры аддзяленнях былі палаты інтэнсіўнай тэрапіі), з радасцю туды перайшла, атрымаўшы спецыяльнае навучанне – з акцэнтам на работу з дзецьмі. Новая пасада медыцынскай сястры- анестэзіста прыйшлася па душы. Прысутнічала на аперацыях, разам з доктарам давала пацыентам наркоз, пільна сачыла за іх станам.

Калі ж у 2007-м стала галоўнай медыцынскай сястрой бальніцы, зразумела, што без рэанімацыі сябе не ўяўляе. Пры любой магчымасці бегла ў аддзяленне. А ў 2014-м зноў сюды вярнулася.

– Лёгкіх будняў у нас практычна не бывае, – расказвае жанчына. – Сур’ёзным выпрабаваннем стала і распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі. У аддзяленне, разлічанае на 6 ложкаў, трапляла і па 12 пацыентаў – даводзілася і дадатковыя ложкі падстаўляць, і працаваць звышурочна. Так, на 12-гадзіннае дзяжурства часам выходзілі і па дзве медыцынскія сястры – каб дакладна справіцца з усімі задачамі. Апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, кіслародныя канцэнтратары працавалі практычна без перапынку. Аднак колькі жыццяў удалося выратаваць! Так, напрыклад, каля месяца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх знаходзілася жанчына пенсійнага ўзросту (дарэчы, былы медык), шансы на выздараўленне былі мінімальныя. Аднак цуд здарыўся! Цяпер наша былая пацыентка адчувае сябе выдатна і абяцала прыйсці на мерапрыемства з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў.

Адказвае Р.Г.Шарстакова і за “экстру”, калі можа спатрэбіцца суправаджэнне пры транспарціроўцы цяжкіх пацыентаў, дзяцей. У вольны ж ад работы час займаецца рукадзеллем, вяжа дэкаратыўныя рэчы, прыгожыя ўборы для сябе і блізкіх. З дзяцінства любіць маляваць, зімой абавязкова ходзіць у басейн “Юнацтва-Ушачы, а летам актыўна адпачывае на ўлонні прыроды. Дарэчы, водпуск стараецца браць менавіта ў чэрвені-ліпені, каб пахадзіць у лес па ягады і грыбы. А яшчэ Роза Генадзьеўна – выдатная гаспадыня. Ад яе прысмакаў ломіцца стол, калі на выхадныя прыязджае дачка-студэнтка. У будучым яна будзе таксама лячыць, толькі жывёлу – дзяўчына вучыцца ў ветэрынарнай акадэміі.

Свайго ўзросту абаяльная гераіня нашага аповеду не хавае – гэтай вясной яна адзначыла 55-гадовы юбілей. Адзінае, пра што непакоіцца, дык гэта набліжэнне пенсіі, якая прымусіць развітацца з любімай справай. А яна і сілы дае, і жыццё сэнсам напаўняе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *