На Ушаччине прошел районный субботник

Общество

Добраўпарадкаванне – не разавая акцыя. Каб жыць у камфорце і чысціні, трэба пастаянна падтрымліваць парадак, ствараць і будаваць. А таму 18 чэрвеня на Ушаччыне прайшоў чарговы раённы суботнік.

Адным з асноўных і самых працаёмкіх стаў аб’ект тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Градзянцы. Нядаўна ўстанова атрымала ў якасці спонсарскай падтрымкі тратуарную плітку, аказаць дапамогу сацыяльнікам па яе ўкладцы і было вырашана падчас раённага суботніка. А дакладней, правільна і якасна падрыхтаваць аснову пад яе. Справіцца з такой задачай пад сілу толькі моцнай палове, з шасці гадзін раніцы прыняліся за работу прадстаўнікі ДРБУ-105, УП ЖКГ, райвыканкама на чале з кіраўніком раёна С.Садоў­скім. Работа кіпела некалькі гадзін, крыху пазней будзе ўкладзена і плітка.

Працоўны дэсант высадзіўся ў гэты дзень і на пляжы возера Вечалля. Тут работнікі райвыканкама, райкама БРСМ, ЖКГ добраўпарадкоўвалі прыбярэжную зону. Многія ўшачане ўжо паспелі заўважыць, як сёлета змяніўся пляж – чаго варты цяпер вялікі расчышчаны бераг, на якім свабодна размесціцца вялікая колькасць адпачываючых! Менавіта яго ачышчалі падчас суботніка: выграбалі рэшткі трыснягу з пяску і вады, убіралі смецце, сеялі траву. “Прыемна тут папрацаваць, бо робім для сябе – кожны з нас прыйдзе сюды адпачываць, прывядзе дзяцей”, – адзначалі за работай усе без выключэння ўдзельнікі суботніка, а яшчэ жыва абмяркоўвалі далейшае пераўвасабленне пляжа: хутка запрацуе гандлёвая кропка Ушацкага філіяла, ЖКГ ужо закупіла шэзлонгі, у хуткай перспектыве з’явяцца тут і катамараны. Дарэчы, грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку, будуць у тым ліку накіраваны і на далейшае добраўпарадкаванне месца адпачынку.

Па традыцыі суботнік – добрая нагода прыбраць прылеглыя тэрыторыі і вытворчыя базы. Напрыклад, работнікі Ушацкай школы папрацавалі ў прылягаючым да ўстановы скверы, пры дапамозе камунальнікаў зноў зрабілі адкрытым уваход у яго. Палюбавацца дэкаратыўнымі раслінамі цяпер можна не праз агароджу, а непасрэдна прагуляўшыся па дарожках сквера.

Напярэдадні і ў дзень суботніка ў розных кропках раёна прадпрыемствы і арганізацыі наводзілі парадак на замацаваных воінскіх пахаваннях.

Унесці пасільны ўклад у навядзенне парадку, не чакаючы афіцыйных суботнікаў, можа любы жыхар раёна. Як трапна зазначаў вядомы пісьменнік Антон Чэхаў: “Калі б кожны на сваім кавалку зямлі зрабіў бы ўсё, што ён можа, якой бы цудоўнай стала наша зямля…”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *