Напэўна, калі б з паліц зніклі макароны, грэчка ці нават мука, не было б такой занепакоенасці, як праблемы з пастаўкамі “другога хлеба”, што ўзніклі ў апошні час. Беларусам без бульбы, як без вады. Таму і столькі публікацый на гэты конт у сродках масавай інфармацыі. Ці пакутуюць ад адсутнасці агародніны ўшачане? Гэта мы і высвятлялі, зазірнуўшы на паліцы магазінаў райцэнтра.
Ад буракоў да патаі
І вось мы ў “Еўраопце”. Аддзел садавіны-агародніны пярэсціць зелянінай маладой капусты, фіялетавай цыбуляй, аранжавымі апельсінамі і нават ружовай патаяй. Ёсць і бульба, памытая, таму і дарагая, ажно па 3.99. “Сёння раніцай была і па 1.50, разабралі, аднак вечарам зноў падвязуць”, – тлумачыць сітуацыю адказны за аддзел прадавец Наталля Гайко (на здымку), падкладаючы дадатковыя пакеты. “Наша кіраўніцтва зарыентавалася ў сітуацыі недахопу бульбы і цыбулі па краіне, сумела заказаць вялікія партыі і ўсе нашы заяўкі выконваюцца, – дадае загадчык магазіна Аксана Саднікава. – Прычым, літаральна ўся бульба – беларуская. Адзінае, што адчулі мы і пакупнікі – знізіўся асартымент і бывалі дні, калі на паліцах ляжаў толькі адзін від”.
Аднак у гарпасёлку не адзін магазін. Пахваліла выдатную па захаванасці і памеры белую цыбулю пакупніца павільёна “Фрукты. Агародніна”. Дарэчы, у гэтай гандлёвай кропцы даводзілася чуць і пра самыя лепшыя таварныя якасці клубняў “другога хлеба”. У маладой пары, што набыла ў “Еўраопце” пакет з фіялетавымі галоўкамі, пацікавіліся, ці доўга шукалі цыбулю. “Не, у “Санце” таксама ляжыць, аднак гэта мне больш падыходзіць па памеры, не люблю вялікую”, – адказала жанчына. І сапраўды, у апошняй гандлёвай кропцы была і белая, і чырвоная, а таксама памытая і танная бульба, а пра часы, калі яна разляталася як гарачыя піражкі, тут забыліся, бо падстрахаваліся. “У сакавіку мы не паспявалі вывозіць яе на залу – запыт перавышаў прапанову. Аднак на сховішчах галаўнога прадпрыемства яна была заўсёды, і мы таксама пачалі заказваць больш. У месяц разыходзіцца каля дзвюх тон, – патлумачыла загадчык гандлёвай кропкі Святлана Вусько.
Запасаемся загадзя
Як бачыце, гэта зусім невялікая колькасць для прадукта нумар 1. Ушачане ў сваёй пераважнай большасці належаць да той катэгорыі, што бульбу вырошчваюць самі. Ці назапашваюць патрэбную колькасць мяхоў на восеньскіх кірмашах. Так што ў магазіны наведваюцца тыя, хто не разлічыў ці каму няма дзе яе трымаць. Праз аўтакрамы, напрыклад, вазілі бульбу выключна па персанальных заказах вяскоўцаў: сетку або кілаграм. А за тыдзень са сховішча Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства па ўсіх кропках, улічваючы вялікую вагу аддзела грамадскага харчавання, разыходзілася 1000-1200 кілаграмаў.
Таму і не было ніводнай скаргі аб адсутнасці прыгаданай агародніны ў рэдакцыю. Асабіста я адчула “няладнае” па знікшых перад Радаўніцай у магазінах кааператараў клёцках. Гатовыя, марожаныя яны карыстаюцца попытам, але зараз часова не вырабляюцца.
Самы важкі інгрэдыент
Грамадскае харчаванне аказалася асноўным заложнікам сітуацыі. Пюрэ, супы – ва ўсім патрэбны бульба і цыбуля (апошняя ў філіяле з’явілася), тэхрэгламент не дазваляе выкінуць ці замяніць хоць адзін інгрэдыент. І наяўнасць прыгаданых тавараў у гандлёвых кропках сеткавікоў сведчыць не аб праблеме з бульбай па краіне, а аб нягібкасці кааператараў, прычым не раённага звяна.
Ушацкі філіял працуе з пастаўкамі садавіны і агародніны па адладжанай схеме, а дакладней, па папярэдне заключаных дагаворах. Морквы і буракоў патрэбна нямнога, таму яны восенню ў патрэбнай колькасці завозяцца на сховішча. А вось яблыкі, капуста, бульба, цыбуля, паступаюць па меры неабходнасці і ўжо ёсць пастаўкі ўраджаю гэтага года. Апошні раз 20 тон “другога хлеба” прывезлі 19 лютага і хапіла гэтага прыкладна да Вялікадня. “У нас два асноўныя пастаўшчыкі. Фермер з Рубы і сельгаспрадпрыемства “Вармас”, – расказвае дырэктар філіяла Ганна Хамёнак. – Набывалі ў іх бульбу па 83 капейкі за кілаграм. Аднак паколькі прапановы выраслі ў 4-5 разоў, то вытворцам, зразумела, выгадней паставіць бульбу на экспарт, напрыклад, у блізкую Расію, дзе на яе таксама павышаны запыт. Больш таго, мы не можам набываць клубні любога памеру, патрэбны добрай кандыцыі, немаленькая, інакш не будзе тэхналагічнага выхаду пры прыгатаванні. Аднак меры прымаюцца і сітуацыя гэта часовая”.
Так, нечаканы дэфіцыт на запатрабаваны прадукт атрымаўся з-за неўраджаю і павышанага попыту ў Расіі. Бо з сабраных летась 800 тысяч тон (па даных Мінсельгасхарча – на 400 тысяч меней за папярэдні) на ўласныя патрэбы ў міжсезонне беларусам хапае і 90 тысяч тон. Есці больш мы не сталі, значыць, яна пайшла туды, дзе выгадней заплацілі. Ну а на рынках ужо з’яўляецца маладая.
Вольга Караленка.