Жительница деревни Заборовно Зинаида Авдин помнит многое об ужасах Великой Отечественной войны

Общество

Зусім мала засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай, але ёсць даволі прадстаўнічая катэгорыя дзяцей вайны, сярод іх такія, што на яе пачатак былі ўжо падлеткамі і да сённяшніх дзён захавалі ў памяці акалічнасці тых страшных падзей. Адна з іх – Зінаіда Іванаўна Аўдзін з Забораўна. Сёлета яна папрасіла заехаць да яе, каб запісаць песню, якую яны склалі разам з сяброўкамі па лагеры.

“Вайна пачалася”, – выдаў з парога бацька І.Р.Целяпень, калі вярнуўся з Ушач, куды ездзіў па справах. Радыё ў вёсцы пасярод лесу, што насіла назву глухога аддаленага месца Закуткі, не было. Ды і вёскай яе можна было назваць толькі ўмоўна. Так, смалакурны завод, кіраваў якім Іван Радзівонавіч, ды тры хаты. Паблізу быў і фальварак таксама на некалькі сямей. Немцаў у лясным зацішшы не бачылі да самага 1944-га. А вось партызаны брыгады Дубава былі, можна сказаць, членамі сям’і. “Калі толькі ствараўся атрад, маці гатавала для іх ежу, прыходзілі мыцца да нас у лазню. Стаялі яны ў лесе паміж Завячэллем і Ушачамі, пакуль не перабраліся на Валову гару, што ў Чашніцкім раёне, – прыгадвае Зінаіда Іванаўна. – А вось страшна было ўсё роўна, тым больш што ў першыя дні да бацькі заязджаў з Лепеля кіраўнік, які курыраваў смалакурныя заводы, яўрэй па нацыянальнасці, і нагнаў жаху. “Нас жа ўсіх заб’юць”, – паўтараў ён…

Іван Радзівонавіч тым не менш дайшоў да Берліна і застаўся жывы. Ён быў у ліку тых, хто папоўніў брыгаду ў самым яе пачатку, як і яшчэ 12 маладых людзей з Завячэлля. А вось маці Зінаіды Іванаўны загінула ў іх жа хаце. Было гэта пасля прарыву блакады, калі мірнае насельніцтва разам з партызанамі спрабавала выйсці да чыгункі. Так і казалі паміж сабой: калі дойдзем, застанемся жывымі. Аднак пад Самоўкай трапілі пад моцны абстрэл. Маці была паранена ў абедзьве рукі, якімі прыціскала малых. А пятага мая немцы пагналі ўсё насельніцтва, што так і засталося на Ушаччыне, у фільтрацыйныя адстойнікі, дзе праходзіла сарціроўка. Зінаіду, якой было чатырнаццаць, разам з іншай моладдзю накіравалі ў лагер пад Пышна, адкуль іх штодня ганялі на будаўніцтва чыгункі. Жылі па 10 чалавек у бараках, спалі на зямлі. З ежы – скібка хлеба з пілавання і баланда. Саслабелыя, захварэлі яшчэ і на тыф. І нягледзячы на тое, што ніхто не лячыў, амаль усе выжылі. Маладосць брала сваё.

З наступленнем Чырвонай Арміі палонныя збеглі з лагера. А дома Зінаіду чакаў удар – маці больш не было: яе застрэлілі ў іх доме, дзе знаходзіліся паранены сваяк і хворы дзядок. Партызанскі шпіталь – палічылі немцы. Пахаваўшы дачку, ад гора праз тыдзень памерла і бабуля, а трое малых засталіся адны, пакуль не вярнуўся бацька…

…Нягледзячы на тое, што Зінаідзе Іванаўне ідзе 94-ы год, жанчына цалкам памятае песні лагерных часоў. Расказвае, што быт у няволі аздаблялі тым, што часта спявалі – як вядомыя песні, так і ўласную. З імі была журналістка, якая і аказалася галоўным складальнікам тэксту, тэмай якога, як ні дзіўна, стала жаночая нявернасць: маладая жонка не захацела чакаць франтавіка-калеку. Сюжэт, дарэчы, з інтрыгай, ён вярнуўся здаровы, а такім чынам проста правяраў каханую. Зінаіда Іванаўна праспявала нам і тую, што прыдумалі, і самыя “хадавыя”. Вось урывак з адной з іх.

Не для меня ручьи журчат,
Текут алмазными ручьями,
Девчина с чёрными бровями,
Она растёт не для меня.
Не для меня день первый май,
Ко всем родные соберутся,
Стакан с стаканами сомкнуться,
Но это всё не для меня.
А для меня одно – война.
Что день – то новое сраженье,
Сижу с штыком, сижу с гранатой,
А дома ждут давно меня.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *