В Ушачах прошел митинг-реквием, посвященный 81-й годовщине начала Великой Отечественной войны

Общество

Мітынг-рэквіем, што прайшоў 22 чэрвеня ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у райцэнтры, пачаўся з гучнага голасу знакамітага савецкага дыктара Юрыя Левітана, які вяшчаў пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Кожны сказ гэтай горкай навіны адбіваецца ў сэрцы трывогай, хаця і прайшоў з таго страшнага дня 81 год.

Наша краіна паклала на алтар перамогі кожнага трэцяга жыхара. У межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета, карнікамі спалена больш за 9 тысяч вёсак. Шмат пакут вынесла і Ушаччына, якая на франтах страціла звыш 3,8 тысячы сваіх жыхароў, амаль 5 тысяч склалі ахвяры сярод партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян. На тэрыторыі раёна захопнікамі знішчаны 91 населены пункт, прычым, некаторыя – разам з людзьмі, 4 вёскі – Асавіна, Ралля, Тухаціна, Мурагі – не аднавіліся.

Урокі вайны не падуладныя часу, яны не падлягаюць забыццю. Пацвярджэнне гэтаму – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай, дзень болю і смутку. Адстойваць справу міру – свяшчэнны абавязак цяперашняга пакалення беларусаў. Пра гэта падчас мітынгу казалі старшыня раённага выканаўчага камітэта С.С.Садоўскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане У.Я.Андрыковіч.

А дванаццатай гадзіне нашы суайчыннікі адклалі свае справы і ўшанавалі памяць ахвяр фашызму падчас Усебеларускай хвіліны маўчання.

Прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто цаной свайго жыцця ўнёс уклад у Вялікую Перамогу і пацярпеў ад дзеянняў фашыстаў. Клірык прыхода храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры г.п.Ушачы іерэй Яраслаў адслужыў ліцію па памерлых. Сімвалам жалобы і смутку сталі вянкі і кветкі, якія прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, прадпрыемстваў і арганізацый, жыхары Ушаччыны ўсклалі да падножжа помніка і пліт з прозвішчамі загінуўшых. У рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Памяць сэрца” актывісты БРСМ запалілі лампадкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *