В Стайском бору православные верующие отметили День святого пророка Ильи

Общество

На гэтым тыдні праваслаўныя вернікі адзначылі дзень святога прарока Іллі. Разам з Міколам Цудатворцам ён належыць да адных з самых шануемых святых. Другога жніўня шмат дзе праходзяць святочныя богаслужэнні, але ў нашым раёне яно асаблівае, любімае і народнае.

Штогод на мерапрыемства ў Стайскі бор едуць ушачане з усіх куткоў раёна. Менавіта там некалі стаяла драўляная царква ў гонар прарока Іллі, і нават калі не засталося яе рэшткаў, не адно пакаленне ўшачан у дзень святкавання святога збіралася сюды за вадой. Крыніца са спецыфічным прысмакам, якая б’е ў нізіне, у балаціне, лічыцца гаючай незалежна ад пары года.

Вось і сёлета яшчэ да пачатку службы лясная дарога была застаўлена аўтамабілямі, некаторыя дабіраліся спецыяльна арганізаваным рэйсам аўтобуса з гарпасёлка. Пра абкос тэрыторыі, навядзенне парадку напярэдадні паклапаціліся работнікі Вялікадолецкага лясніцтва, аддзела ідэалагаічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, вернікі. Прама ў лесе працавала гандлёвая кропка Ушацкага філіяла, у якой можна было набыць розныя ласункі і прахаладжальныя напоі, традыцыйна дзяжурылі медыкі.

Святочнае богаслужэнне і вадасвятны малебен правёў айцец Яраслаў. Пасля асвячэння вады кожны жадаючы мог набраць яе са святой крыніцы. Для зручнасці тут даўно ўстанавілі помпу і некалькі кранаў. Каб узяць асвечаную ваду ў першай палавіне дня, трэба было выстаяць чаргу, але гэта ніколькі не засмучала людзей, якія завіталі сюды. Многія налівалі яе ў вялікія ёмістасці: не толькі для сябе, а і знаёмых, у якіх не атрымлівалася прыехаць у святое месца.

“Стараемся штогод прымаць удзел у гэтым богаслужэнні і прыязджаем у Стайкаўскі бор абавязкова разам. Летась запрасілі сваіх знаёмых з Полацка, ім тут вельмі спадабалася, сёлета днём працуюць, але завітаюць да крыніцы вечарам”, – расказвае сям’я Івановых.

Гэты дзень назаўсёды застанецца ў памяці, 2 жніўня пазначана і ў пасведчанні аб хрышчэнні ў кожнага з адзінаццаці новых праваслаўных, для якіх анёлам-ахоўнікам назаўсёды будзе прарок Ілля. Сярод тых, хто прымаў таямніцу, быў і хлопчык з такім імя, дарэчы, самы маленькі ўдзельнік свята. Бацькі Ільюшы прыехалі да родных ва Ушачы і вырашылі пахрысціць дзіця. “Стайскі бор – месца асаблівае, прыгожае і святое, таму мы вырашылі пахрысціць тут свайго малодшага сына Жэню. Тым больш што жывём побач, у Вялікіх Дольцах”, – падзялілася мнагадзетная мама Таццяна Бука. Першыя ахоўныя крыжыкі атрымалі ў гэты святочны дзень і дзеці сям’і Паршонак з аграгарадка. Хрысцілі ж не толькі малых, але і старэйшых, якія падышлі да таямніцы асэнсавана.

Калі свята прыпадае на выхадныя, на богаслужэнне прыязджае ў разы больш людзей. Аднак кожны год 2 жніўня сцяжына да крыніцы застаецца люднай да позняга вечара.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *