Столовая УП «Сафийские дары» обеспечивает питанием более 100 участников уборочной компании

Общество

Апоўдні на жніўных палетках на кароткі час заціхае гул рухавікоў. “Ну, што ў нас сёння на абед?” – нецярпліва адкрываюць механізатары дастаўленыя на поле кантэйнеры і тэрмасы. Стравы ў іх розныя, але абавязкова гарачыя, апетытныя і сытныя. Напружаныя працоўныя змены паглынаюць шмат энергіі, і ад таго, як аднаўляюцца “рэсурсы”, залежыць колькасць паступіўшых на зернеток тон. Кіраўніцтва ўшацкіх сельгаспрадпрыемстваў гэта добра разумее і стараецца наладзіць харчаванне зручна, эканомна і без адрыву ад вытворчых працэсаў.

Работнікі сталовай УП “Сафійскія дары” Т.Каваленка, К.Карэйша, Н.Рудзёнак.

Штогод гаспадаркі бяруць на сябе асноўную частку выдаткаў на харчаванне. Памер даплаты замацаваны ў калектыўных дагаворах. Так, аграрыі “Сафійскіх дароў” і “Ільюшынскага” пакрываюць 30 працэнтаў, “Вялікадолецкага” і “Агра-Селішча” – 20. Па словах дырэктара “Дземенца” Васіля Хамёнка, абед і падвячорак тутэйшым хлебаробам абыходзіцца ўсяго ў 50 капеек. Ну а ў “Глыбачанах” харчаванне для работнікаў увогуле бясплатнае, аднак у тых, хто парушае дысцыпліну, кошт абедаў вылічуць з зарплаты.

Галоўную ролю ў кулінарскай місіі ўзяла на сябе сёлета сталовая УП “Сафійскія дары”. Калі летась кропка апроч сваіх работнікаў абслугоўвала толькі дземянецкіх, то зараз клапоціцца таксама пра вялікадальчан і селішчанцаў. “Гатуем штодня прыкладна 120 порцый, стараемся разнастаіць меню. Уключаем нават такія працаёмкія стравы, як клёцкі. Сёння ж, як бачыце, будзем узбагачаць арганізмы хлопцаў “фосфарам”, – тлумачыла загадчыца сталовай Кацярына Аляксандраўна Карэйша, паказваючы на вялікія ёмістасці з сырой і ўжо пасмажанай рыбай. У гарачых кухонных справах ёй дапамагаюць Таццяна Міхайлаўна Каваленка і Ніна Фёдараўна Рудзёнак – работніцы ўмелыя і адказныя. Усё тут у парадку і з арганізацыяй працэсу. Як засведчыў маніторынг, праведзены ў гэты дзень старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыяй Аляксееўнай Шаўчэнка, патрабаванні па ўмовах працы, нормах харчавання, захоўванні прадуктаў у сталовай выконваюцца, станоўчы вердыкт вынеслі і правяраючыя з санітарнай службы.

Прыемнае ўражанне пакінула і глыбачанская сталовая. Гаспадарка аддаленая і, пралічыўшы ўсе нюансы, тут вырашылі, што больш рэнтабельна гатаваць на месцы. Повар Алеся Літвін ў адзіночку штодня фарміруе 20-25 порцый. “Прыходжу а палове восьмага, завёўшы дачку ў сад. А ў выхадныя мне даюць падмену, так што кіраўніцтва стварыла ўсе ўмовы, – зазначае жанчына. – Калі ёсць магчымасць, работнікі прыязджаюць на абед у сталовую, дастаўляем ежу і ў поле. Каларыйныя ў нас і падвячоркі: напрыклад, гэта могуць быць дзве вялікія катлеты з агурком і хлебам”. Ну а ацэнку работы повара мы пачулі, як кажуць, з першых вуснаў. “Усё вельмі смачнае, дамашняе! І разнастайнае: бываюць і дранікі з мясам, і бліны з рознымі начынкамі, а сёння вось, бачыце, пячонка з падлівай. Стараецца наша Алеся Уладзіміраўна!” – рэзюмаваў механізатар Аляксандр Лях (на здымку). Вядома ж, прадукты глыбачанцы імкнуцца набываць па выгадных цэнах. “Мяса ў асноўным сваё – з пачатку сезона ўжо трох бычкоў з’елі. Агародніну, масла, каўбасу бяром ці ў нашых кааператараў, ці ў “Залатой Ніве” Полацкага малочнага камбіната, а хлебабулачныя вырабы самыя танныя ў Глыбокім. Адным словам, максімальна зніжаем сабекошт”, – распавядае галоўны эканаміст гаспадаркі Тамара Мікалаеўна Сурынава.

На эксперымент сёлета пайшлі ў “Ільюшынскім”: прывозяць ежу са сталовай ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, размешчанай у Лепельскім раёне. Напэўна, маюць рацыю, бо, напрыклад, ад старасельскіх палеткаў, на якіх стартавала жніво, гэта не так і далёка. “Порцыя каштуе 6-8 рублёў, закупілі два камплекты тэрмасаў і нават мыць посуд самім не трэба. Так што цалкам знялі з сябе харчовае пытанне”, – зазначае дырэктар Сяргей Анатольевіч Халімоненка. “Прынамсі, не толькі ў гаспадаркі, а і ў мяне клопатаў паменела: муж-эканаміст перастаў дамоў на абед хадзіць, заказвае лепельскую порцыю ў кантору! – з гумарам дадае бухгалтар гаспадаркі Таццяна Сісковіч.

А ўвогуле ж, няма зараз больш сур’ёзнай тэмы, чым жніво і, канечне, усе моманты, звязаныя са зладжаным яго правядзеннем, знаходзяцца пад самай пільнай увагай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *