Дмитрий Плиговка из ОАО «Агро-Селище» первым в Ушачском районе перевез тысячу тонн зерна

Сельское хозяйство

Ушацкія хлебаробы не даюць сёлета сумаваць. Не паспелі мы ўшанаваць першага камбайнера-“тысячніка”, як узнікла новая нагода адправіцца на палеткі з прыемнай місіяй: у гэты раз маршрут пралёг у “Агра-Селішча”, вадзіцель якога Дзмітрый Плігаўка раней за іншых перавёз ад камбайнаў 1000 тон збожжа. А ў пачатку гэтага тыдня яго паказчык ужо перавысіў паўтаратысячны рубеж.

“Элітны клуб” карыфеяў жніва новымі імёнамі прырастае не так часта. І ўвогуле для многіх “скачок” селішчанца на вяршыню раённага рэйтынгу стаў нечаканасцю – тыдзень таму прозвішча Дзмітрыя нават не фігурыравала ў тройцы лідараў, але ён нібыта акумуліраваў сілы і тоны і першым узяў знакавы рубеж! З выдатным дасягненнем перадавіка павіншавала старшыня райсельгасхарча Ю.М.Ладнова, дыплом, вымпел і падарункі ўручылі яму кіраўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шэўчанка і райкама прафсаюза АПК К.А.Рэут.

А вось для дырэктара гаспадаркі С.А.Плігаўкі гэты вынік не стаў нечаканым. “Дзмітрый фактычна адзін адвозіць зерне ад усіх чатырох нашых камбайнаў. Дапамагае тое, што ўчасткі збожжавых сканцэнтраваны паблізу ад Селішча, таму плячо перавозак – не больш 10 кіламетраў. Кузаў МАЗа ўмяшчае тры бункеры, пры патрэбе выкарыстоўваецца і прычэп. Ну а старання і вынослівасці нашаму вадзіцелю не займаць!”, – тлумачыць Сяргей Аляксандравіч.

Селішчанцы апошнімі днямі ўзялі добры тэмп і ўжо ўбралі каля 2/3 жніўных плошчаў. Парадавала сёлета азімая пшаніца, неблагім было жыта, а вось трыцікале, якім засеялі восенню 217 гектараў, крыху падкачала. Тым не менш настрой у мясцовых аграрыяў станоўчы, бо іх унёсак у раённы каравай будзе дастойным.

Малады дырэктар, канечне, у няпростым становішчы: хваліць свайго блізкага роднага няёмка, але што зробішь, калі работнік гэта цалкам заслугоўвае. Ды ўжо і тое, што тры гады назад Дзмітрый пакінуў стабільнае працоўнае месца ў ААТ “Віцебскаграпрадукт” і пераехаў з Лепельшчыны ў не самую заможную ўшацкую гаспадарку, каб падтрымаць малодшага брата, назначанага яе кіраўніком, характарызуе мужчыну са станоўчага боку. Прэферэнцый (як, магчыма, нехта падумаў) Дзмітрыю не абяцалі – наадварот, атрымаў разукамплектаваны МАЗ, які дагэтуль два гады “стаяў колам” на мехдвары.

Увесь першы сезон даводзіў яго да толку, цалкам аднавіў хадавую частку. З тэхнікай Дзмітрый “на ты”: яшчэ хлапчуком круціўся ў гаражы ля бацькі-механізатара, а атрымаўшы правы на грузавую катэгорыю, сеў на МАЗ. Пачынаў яшчэ на савецкім “лабатым”, потым асвоіў і больш новыя мадэлі: здаецца, малады хлопец, а за плячыма ўжо паўтара дзясятка год за рулём. “Як калісьці казаў наш выкладчык па ўстройстве аўтамабіляў, “тэорыю я вам раскажу, але пакуль самі рукі не пазбіваеце – нічога не зразумееце!”. І гэта сапраўды так, тэхніку трэба адчуваць, яна любіць ўвагу і не даруе абыякавасці”, – разважае вадзіцель.

Вось і перад сёлетнім сезонам ён грунтоўна перагледзеў свой МАЗ: падціснуў цягі, памяняў трубкі, змазаў вузлы, а барты, нарошчаныя раней дошкамі, замяніў на металічныя. У выніку машына стала галоўнай баявой адзінкай прадпрыемства, надзейна адслужыла на адвозцы “зялёнкі”, а зараз дапамагла гаспадару стаць адным з герояў жніва. І нават устанавіць рэкорд: з поля ля Воцькавічаў, дзе вырасла цудоўная азімая пшаніца, адным днём ён прывёз на зернеток аж 127 тон збожжа! “Канечне, спёка ў кабіне неймаверная: “ловім ветрык” праз адкрытыя вокны, калі ж ужо зусім неяк трываць – спыняюся на хвіліну-другую ў цені. Ды ўсё ж надвор’ю такому толькі рады – хочацца хутчэй і без страт убрать неблагі сёлетні ўраджай!” – канстатуе перадавік.

Ю.Юркевіч.

А яшчэ падкрэслівае, што ніякіх рэкордаў не было б без самаадданай працы калег, а яму пашчасціла трапіць у калектыў выключных прафесіяналаў. За штурваламі камбайнаў сёлета шчыруе надзейны селішчанскі квартэт у складзе Алега Крывёнка, Генадзя Хадасевіча, Ільі Загародняга і Юрыя Юркевіча. Менавіта апошняму, дарэчы, быў давераны КЗС-1218, які папоўніў парк два гады таму. Юрый таксама з кагорты яшчэ маладых, але ўжо вопытных – 12-ты сезон дапамагае роднай гаспадарцы ўбіраць хлеб. Пра новую мадэль камбайна адгукаецца станоўча: відаць, што канструктары стараліся зрабіць яе работу больш эфектыўнай, а кіраванне – зручным. Ды ўсё ж на мінулым тыдні, заехаўшы апоўдні на селішчанскі мехдвор, убачылі там прыгаданы камбайн: Юрый чакаў прыезду заводскіх спецыялістаў, якія павінны былі ўхіліць непаладкі, што ўзніклі ў працэсе работы. “Хоць і вельмі дорага абыходзяцца зараз прастоі, але адкладваць тэхабслугоўванне немагчыма: зусім хутка скончыцца гарантыйны тэрмін”, – патлумачыў камбайнер.

І гэты выпадак можа служыць яскравай ілюстрацыяй слоў Прэзідэнта нашай краіны А.Лукашэнкі, які падчас нядаўняй паездкі па Брэсцкай вобласці зазначыў, што беларускім прадпрыемствам варта падоўжыць гарантыю на камбайны і трактары з двух да трох год. Часам пры хуткай распрацоўцы і стварэнні тэхнікі ў працэсе эксплуатацыі могуць выяўляцца тыя ці іншыя недапрацоўкі, і за гэта павінен адказваць вытворца. “Гэта чые праблемы? Не сялян жа!” – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

А.Крывёнак, І.Загародні.

Так, для важкасці агульнага караваю павінны зладжана дзейнічаць усе звёны, але галоўныя працоўныя подзвігі здзяйсняюцца зараз непасрэдна на залатых нівах, на якіх хлебаробы выкладаюцца без астатку. Вось і на пытанне, калі яму можна патэлефанаваць для кароткага інтэрв’ю, Д.Плігаўка зазначыў, што не раней дзесяці вечара. На час жніва, канечне, давялося крыху адкласці сямейныя гаспадарчыя справы, але родныя ставяцца да гэтага з разуменнем. Дзмітрый, да слова, з’яўляецца мнагадзетным бацькам, а спадарожніцу свайго жыцця знайшоў на ўшацкай зямлі, якую ўжо з поўным правам можа лічыць роднай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *