В Ушачском районе полным ходом идут посевные работы

Сельское хозяйство

Магутныя “беларусы” з культыватарамі няспешна рухаюцца па полі, услед ім трактары ўносяць мінеральныя ўгнаенні. Хутка па падрыхтаванай глебе пойдуць пасяўныя агрэгаты, а праз некаторы час засеянае поле зазелянее… 
На палях раёна поўным ходам ідуць пасяўныя работы. Штодня засяваецца 380-420 гектараў. У “Райаграсэрвісе” звычайна распачынаюць работы аднымі з першых. І не дзіўна, бо гаспадарцы неабходна выканаць немалы аб’ём работ – зерневых і зернебабовых трэба пасеяць 1160 гектараў. Сёлета пасяўная кампанія складаная для ўшацкіх аграрыяў не толькі павышанымі аб’ёмамі, але і значнай гібеллю азімых, якія прыйдзецца перасяваць.
Днямі работы ішлі на мосарскіх палетках каля ажыўленай шашы Полацк-Мінск, адкуль выдатна было бачна, як арганізавана вядзецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу. На іншых палетках актыўна працавалі пасяўныя агрэгаты.
– На тэхніцы ўсе вядомыя нашы перадавікі гаспадаркі, без якіх не абыходзіцца ні адна падобная важная кампанія – механізатары Канстанцін Казакевіч, Сяргей Крывёнак, Сцяпан Басак, Міхаіл Гардзіёнак, Руслан Апёнак (на здымку). Добра ведаюць, што і як трэба рабіць, а таму ніякіх праблем не ўзнікае, а ўсе арганізацыйныя пытанні хутка здымаюцца, – гаворыць аграном “Райаграсэрвіса” Таіса Аляксандраўна Чарняўская.
Сёлета гаспадарка амаль на 100 працэнтаў забяспечана поўным комплексам мінеральных угнаенняў, што дазваляе ўносіць іх пад усе культуры ў неабходнай колькасці, чаго не было ў апошнія гады. Падрыхтоўка глебы і сама сяўба выконваецца па ўсіх агратэхнічных патрабаваннях – усё для таго, каб вырасціць добры ўраджай.
У сельгаспрадпрыемстве пакуль засеяна зерневымі 248 гектараў, што складае 21 працэнт да плана. Тэмпы залежаць не толькі ад працаўнікоў, але і ад надвор’я, якое ў апошні тыдзень спрыяе хлебаробам. Зусім некалі ім расслабляцца, а таму работа кіпіць з 6 гадзін раніцы да позняга вечара. Для падсілкавання хлебаробаў арганізавана двухразовае насычанае харчаванне.
В.ПОЛАЗАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *