В Ушачском районе завершается заготовка кормов

Сельское хозяйство

Ушацкі раён з’яўляецца адзіным у вобласці, дзе паказчыкі нарыхтоўкі кармоў плюсуюць да мінулагодніх. Па стане на апошні дзень кастрычніка было нарыхтавана 26,66 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 3,27 адзінкі больш, чым у мінулым годзе. Гэтыя лічбы яшчэ крыху падрастуць, бо ўбіралі яшчэ кукурузу ў КУСГП «Кублічы». На дробнаконтурных палях ва ўрочышчы Камароўка на мінулым тыдні раённыя зводкі папаўняў зводны атрад, прычым як механізатараў, так і тэхнікі.З-за няспраўнасці КВК, што, дарэчы, з’яўляецца адной з галоўных прычын такой позняй нарыхтоўкі кармоў у гаспадарцы, кормаўборачны агрэгат прыйшлося «выпісаць» у «Райаграсэрвісе», які сёлета ўбраў кукурузу адным з першых. У кабіне машыны — работнік райветстанцыі М.Ф.Гардзіёнак. Няпрофільным гэты занятак для яго не назавеш, бо зусім нядаўна Міхаіл Фёдаравіч уваходзіў у лік лепшых механізатараў раёна, а па выніках работы за 2011 быў удастоены звання «Чалавек года Віцебшчыны». Змянілася месца працы, але не змяніліся адказныя адносіны мужчыны да нялёгкай справы працаўнікоў сяла, а геаграфія дзейнасці нават павялічылася. Сёлета на розных відах сельскагаспадарчых работ М.Ф.Гардзіёнак працаваў амаль у палове гаспадарак раёна: у «Дземенцы», родным «Райаграсэрвісе» і вось зараз у «Кублічах».

— Не змог я адказаць, — расказвае Міхаіл Фёдаравіч, на некалькі хвілін прыпыняючы вялікі агрэгат. — Працую без адрыву ад асноўнага месца работы: аддзяжуру на ветстанцыі, а ў выхадны сюды, на поле. Цяжка, канечне: немалады ўжо. Мне б такую тэхніку гадоў дваццаць назад…

«Антыкрызісным механізатарам» жартоўна называюць М.Ф.Гардзіёнка занятыя на адвозцы працаўнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Маковіч і Арцём Грабоўскі. Нарошчаныя прычэпы іх МТЗ-82 умяшчальнасцю меншыя, чым ПІМ мясцовага механізатара Віктара Шаха, але спраўляліся мужчыны адвозіць кукурузу і нават крыху чакалі чаргі, бо траншэя закладалася непадалёк. Трактарысты ПМС таксама на працягу апошніх гадоў пастаянна аказваюць дапамогу сельгаспрадпрыемствам раёна. «З 15 верасня тут», — кажа В.Маковіч, які сёлета паспеў папрацаваць і ў «Арэхаўне».

Дарэчы, у бягучым годзе толькі ў гэтым сельгаспрадпрыемстве не перакрылі, а крыху не дасягнулі мінулагодніх паказчыкаў забяспечанасці кармамі — адбілася слабая ўраджайнасць менавіта кукурузы. Найвышэйшай яна была ў КУСГП «Вялікадолецкае» — амаль 300 цэнтнераў з гектара, 247,4 атрымалі ў «Ільюшынскім, 198,8 і 197,4 — адпаведна ў «Райаграсэрвісе» і «Глыбачанах». Па забяспечанасці кармавымі адзінкамі з паказчыкам 48,6 цэнтнера на ўмоўную галаву жывёлы выдзяляецца «Дземенец», тут і самы вялікі рост — плюс 18,95 цэнтнера, але гэта ў значнай ступені тлумачыцца невялікім пагалоўем гаспадаркі. Як заўсёды добра падрыхтаваліся да зімовага стойлавага перыяду ў «Вялікадолецкім», дзе нарыхтавана 29,69 цэнтнера кармавых адзінак. Значна прыбавілі да мінулагодніх паказчыкаў у «Райаграсэрвісе» — 29,16 цэнтнера (плюс 6,55). Трэба адзначыць, што ўвесь нарыхтаваны сёлета сілас у гэтай гаспадарцы закладзены з кансервантам, у «Ільюшынскім» такім спосабам нарыхтавана 84 працэнты — 9409 з 11162 тон.

Канечне, многае будзе залежыць ад забяспечанасці гаспадарак канцэнтратамі, камбікармамі і шротам, але закладзеная кукуруза, якая складае пераважную масу нарыхтаванага сіласу, разам з сенажом і сенам стане асновай зімняга рацыёну, а ад якасці нарыхтаванага корму, яго рацыянальнага выкарыстання будуць залежыць прывагі і надоі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *