Посевная кампания в ОАО «Агро-Селище»

Сельское хозяйство

Штогод на пасяўной кампаніі і іншых важных работах сустракаем на палетках раёна адных і тых жа работнікаў – вопытных і адказных, хто забывае пра асабістыя справы і клопаты, самааддана працуе з раніцы да вечара дзеля адной агульнай і важнай мэты. Накіроўваючыся ў ААТ “Агра-Селішча”, не сумнявалася, што на пасяўным агрэгаце зноў працуе Пётр Феліксавіч Караткевіч (на здымку). Работа ішла на двух палях, на адным з іх – за вёскай Рыбакі Пётр Феліксавіч сеяў ячмень. Не злічыць, колькі гектараў засеяў механізатар з вялікім стажам за час працы ў гаспадарцы. Добра разбіраецца ў тэхніцы. І ў пасяўным агрэгаце многае падрамантаваў, зрабіў сваімі ўмелымі рукамі. Ведае ўсе магчымыя нюансы і недахопы, якія могуць прывесці да паломак, тым больш што машына не на гарантыйным абслугоўванні. На другім полі працаваў Алег Юльянавіч Крывёнак. Наогул, у гэтым годзе ўся тэхніка была добра падрыхтавана да выхаду ў поле.  
Сёлета план сяўбы зерневых і зернебабовых у “Агра-Селішча” павялічаны да 500 гектараў. Трэба перасяваць і значную колькасць азімых культур. Аграрыі гаспадаркі гатовы засяваць і больш, аднак зямлі тут не так многа. Ды і вялікіх палёў, дзе можна было б размахнуцца тэхніцы, няма. Большасць іх – невялікія кавалкі зямлі па некалькі гектараў, на якіх шасціметровы пасяўны агрэгат не можа праявіць усе свае вартасці.
Работы ідуць поўным ходам: рыхтуецца глеба, уносяцца мінеральныя ўгнаенні, і да вызначанага тэрміну – 1 мая – у сельгаспрадпрыемстве плануюць завяршыць сяўбу зерневых. Аднак гэта не азначае, што будзе магчымасць расслабіцца – прыступяць да сяўбы рапсу, а затым надыдзе час і для пасадкі не менш важнай культуры – бульбы.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *