В.П.Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах

Общество

Хоць на прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі запісалася ўсяго 5 чалавек, працягваўся ён даўжэй за вызначаны час. Уладзімір Паўлавіч як заўсёды ўдумліва і скрупулёзна ўнікаў у сутнасць літаральна кожнага звароту. Напрыклад, Уладзімір Кірылавіч Гарыслаўка атрымоўваў па сваім “зямельным пытанні” ўжо не адзін адказ і ад раённых, і ад абласных службаў, а ўсё роўна прыходзіць на прыёмы. “Добра, мы яшчэ раз накіруем да вас з абследаваннем адпаведных спецыялістаў, – паабяцаў У.П.Андрэйчанка, аднак памятайце, што на падобныя выезды расходуюцца немалыя дзяржаўныя сродкі”.
Звароты бываюць розныя, таксама як і людзі, і нярэдка з дапамогай прыёмаў спрабуюць вырашыць уласнае пытанне толькі станоўча. Напрыклад, па адным і тым жа пытанні група людзей звярнулася ў розныя інстанцыі 154 разы. Гэта не ўшацкі прыклад, такую лічбу на рэспубліканскім семінары кіраўнікоў СМІ агучыў віцэ-прэм’ер А.А.Тозік. І канечне, дзяржава не можа траціць сродкі на высвятленне адных і тых жа выпадкаў бясконца.
Валянціна Мікалаеўна Карпёнак пыталася, ці магчыма перарэгістраваць чэкі “Жыллё” зараз. Хоць працэс перарэгістрацыі чэкаў спынены, Уладзімір Паўлавіч паабяцаў высветліць, ці не падпадаюць абставіны жанчыны пад выключныя: чэкі могуць быць перарэгістраваны пазней вызначанага тэрміну, калі чалавек дакажа, што па ўважлівых прычынах не мог гэта зрабіць своечасова.
На пытанне жыхаркі вуліцы Дзяржынскага, 8 адказваў старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. Датычылася яно добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі. Алег Анатольевіч адказаў, што асфальтаванне тэрыторыі ля дзіцячага сада № 2, а не толькі прыгаданага дома, плануецца ў наступным годзе, пасля таго як закончыцца замена трасы.
Быў і калектыўны зварот ад трэнераў ДЮСШ аб прысваенні катэгорый. На гэтае пытанне адказаў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама М.П.Партны, які ў гэты дзень знаходзіўся ва Ушачах. Было абмеркавана і пытанне будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Хоць у краіне ідзе скарачэнне новабудоўляў, праект Ушацкага ФАКа, як і планавалася, сёлета будзе зроблены.
В.КАРАЛЕНКА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *