На территории Ильюшинской школы заложили аллею памяти имени Героя Советского Союза Ф.Ф.Дубровского

Общество

У Дзень народнага адзінства, які наша краіна адзначала 17 верасня, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб’явіла месячнік “Разам за чыстую і зялёную краіну”, падчас якога ў гарадах і вёсках рэспублікі высаджваліся маладыя дрэўцы. А 29 кастрычніка ў яго рамках прайшоў адзіны дзень азелянення, які таксама стаў працягам акцыі “Дрэва героя”, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці.

Актыўна далучыўся да рэспубліканскай акцыі і наш раён. Новыя пасадкі з’явіліся, напрыклад, на тэрыторыі Ільюшынскай школы, на вуліцы Цэнтральнай аграгарадка Глыбачка. Узначалілі працоўны дэсант супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а яго актыўнымі ўдзельнікамі сталі вучні і настаўнікі мясцовых школ, работнікі Глыбачэнскага сельвыканкама і іншыя жыхары населеных пунктаў.

Для ільюшынцаў гэта акцыя была асабліва адметнай. Як мы ўжо расказвалі, сёлетні навучальны год мясцовая школа распачала з новай назвай – ёй прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Фёдара Фаміча Дуброўскага, а на мінулым тыдні тут была закладзена алея памяці легендарнага камбрыга Полацка-Лепельскай партызанскай зоны.

– Кожны, хто прымае ўдзел у пасадцы алеі, выказвае такім чынам удзячнасць герою, які змагаўся за вызваленне Беларусі ад ворагаў, за тое, каб над нашай галавой было мірнае неба. Дрэвы заўсёды лічыліся сімвалам працягу жыцця, яднання продкаў і нашчадкаў, надзей будучага і памяці пра мінулае, – з такімі словамі звярнулася да ўдзельнікаў акцыі дырэктар навучальнай установы Жанна Анатольеўна Крамін.

– У адзіны дзень азелянення на нашай прыгожай Ушаччыне з’явілася 15 новых рабінак і 30 клёнаў. Усяго ж у прыдзвінскім рэгіёне пасаджана больш 1800 дрэў і кустоў, – падвёў вынікі акцыі начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.І.Шук.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *