На водоёмах района случилась очередная трагедия: утонул рыбак

Происшествия

На жаль, на вадаёмах раёна адбылася чарговая трагедыя.

Калі ў суботу вечарам 42-гадовага жыхара вёскі Ваўчо дома не аказалася, блізкія ўсхваляваліся. Прыгадалі, што ў іх адсутнасць той збіраўся парыбачыць на бліжэйшым вадаёме, вядомым пад назвай Любаўна. Гумовых ботаў на месцы не было, старэнькай драўлянай лодкі на беразе таксама. Адганяючы жудасныя думкі, пайшлі па знаёмых – спадзяваліся, што муж, бацька, зяць проста ў некага загасцяваўся. Пошукі выніку не далі – і ўжо ў нядзелю для высвятлення абставін справы на месца прыбылі выратавальнікі, праваахоўнікі. Плаўсродак быў знойдзены перакуленым, з вядром і сеткамі пад ім. Надзею, што мужчына ўсё ж здолеў выплыць, блізкія да апошняга не гублялі. Аднак у панядзелак яго цела дасталі з вады ў пяці метрах ад берага.

“Зусім крыху не хапіла, каб застацца жывым, – канстатаваў старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах А.Захараў. – Напэўна, сказаліся і халадавы шок, і цяжкая рыбацкая амуніцыя, і балоцістае дно, ступіць на якое часам немагчыма. А была б апранута спецыяльная камізэлька, шансы выбрацца пабольшалі б. Не перастаю нагадваць: ніякія акуні ды шчупакі не каштуюць таго, каб рызыкаваць жыццём!”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *