В Ушачах прошел 3 этап областного форума молодых специалистов Витебщины «Молодежь. Развитие. Будущее»

Образование и молодежь

Энергетыкі і інжынеры, настаўнікі і ўрачы, лесаводы і аграрыі – больш 200 маладых спецыялістаў Віцебшчыны прынялі ўдзел у абласным форуме «Моладзь. Развіццё. Будучае». Ён прайшоў у тры этапы, моладзь прымалі тры гарады – Міёры, Дуброўна, Ушачы. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і абласны камітэт БРСМ. Забягаючы наперад адзначым, што форум атрымаўся цікавым, пазнавальным і насычаным.

“Ушацкай моладзі пашанцавала!”

Удзельнікі папярэдніх этапаў пабывалі на знакамітым Міёрскім металапракатным заводзе, паглядзелі, як працуе Дубровенскі льнозавод і філіял “Оршагаз”. Праграма форуму ва Ушачах стартавала з наведвання “Юнацтва-Ушачы”. На працягу ўсёй экскурсіі маладыя спецыялісты Бешанковіцкага, Лепельскага, Полацкага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Расонскага, Глыбоцкага раёнаў не выпускалі з рук тэлефонаў. Не, не таму што былі заняты сваімі пытаннямі ў мэсэнджарах, а каб сфатаграфаваць наш цудоўны спартыўны аб’ект. “Чулі, што ва Ушачах ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, аднак не ўяўлялі, што такога маштабу! Полацкі басейн, бясспрэчна, саступае вашаму. Трэнажорных залаў у нас хапае, аднак такому абсталяванню можна толькі пазайздросціць. Універсальны зал, скаладром, дзіцячы пакой – ну проста казка! Ушацкай моладзі пашанцавала. Абавязкова цяпер прыедзем сюды ў вольны час і параім знаёмым”, – падзяліліся сваімі ўражаннямі прадстаўнікі “Полацк-Шкловалакно”.

І паспяховаму кіраўніку патрэбна каманда

А вось у музей народнай славы моладзь завітала не толькі дзеля экскурсіі, а і каб паўдзельнічаць у спецыяльных трэнінгах. Нават самыя сціплыя ўключыліся ў абмеркаванне актуальных тэм, і атрымаўся цікавы дыялог. “Заўсёды задавайцеся пытаннем, ці падабаецца вам ваша справа. Гэта раней лічылася, што прафесію абіраеш на ўсё жыццё. Зараз жа наадварот, прэстыжна мець некалькі спецыяльнасцей. Калі адчуваеш, што “не маё”, не трэба мучыцца, варта шукаць сваё, спрабаваць новае, – параіла моладзі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Уладзіміраўна Навіцкая падчас трэнінгу “Лайфхакі паспяховага кіраўніка”. – А калі вы марыце стаць кіраўніком, трэба разумець, што гэта надзвычай няпростая і адказная ноша”. У ліку спікераў на гэтай пляцоўцы была намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама В.Л.Хамёнак, якая падзялілася з прысутнымі сваім шляхам да пасады. Дарэчы, пачынаўся яе працоўны шлях з дыспетчара. Кар’ерны рост не быў для яе цвёрдай мэтай, проста заўсёды кампетэнтна і вельмі адказна ставілася да справы, а такі падыход, як правіла, не застаецца непрыкмечаным. “Не бойцеся цяжкасцей, яны робяць вас мацней, не складайце рукі, калі нешта не атрымалася”, – дала параду Валянціна Леанідаўна. А лайфхак ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама П.А.Алексяёнка быў такім: нічога не атрымаецца без жадання працаваць, а яшчэ для поспеху кіраўніку патрэбна моцная і надзейная каманда.

Пра ўласны брэнд і ініцыятывы

На пляцоўцы, дзе абмяркоўвалася стварэнне асабістага брэнду маладога спецыяліста, тым часам было вельмі горача. Яно і не дзіўна: сярод моладзі хіба толькі адзінкі не зарэгістраваны ў сацсетках. Спікер трэнінгу – першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў заклікаў маладых спецыялістаў больш расказваць пра свае прафесіі, прадпрыемствы ў акаунтах. Як гэта зрабіць, паказваў на ўласным прыкладзе. Аднак у гэтым пытанні меркаванні раздзяліліся, адны згаджаліся, бралі на заметку пэўныя прыёмы, дзяліліся сваімі, прыводзілі ў прыклад маладую працаўніцу з “Атланта”, акаунт якой у “ТіkТоk” набірае папулярнасць. Другія не падзялялі такога падыходу: адцягванне ўвагі ад працоўных спраў – не на карысць, асабліва, калі ты, скажам, урач-афтальмолаг. Ды і глядзець на свет, падзею сваімі вачыма куды прыемней, чым праз экран тэлефона.

Яшчэ на адной пляцоўцы ішла гаворка пра маладзёжныя ініцыятывы. Тут вопытам падзяліліся маладыя работнікі Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. На рэспубліканскі конкурс маладзёжных ініцыятыў яны падалі праект “Ударнае жыццё”. Ён накіраваны на тое, каб людзі з інваліднасцю маглі граць на інструментах, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Праект выйграў гранд на 5 тысяч рублёў, на гэтыя сродкі былі закуплены музычныя інструменты і ў каледжы ўжо адбыўся справаздачны канцэрт.

Падтрымалі эстафету цяпла

Пасля дыскусій і трэнінгаў удзельнікі форуму накіраваліся ва Ушацкі лясгас не толькі з экскурсіяй, а і каб падтрымаць эстафету цяпла. Натхніўшыся ўмелай тэхнікай колкі дроў, якую нядаўна прадэманстраваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запусціў марафон па колцы дроў пад такой назвай. За сякеры і пілы ўзяліся актывісты БРСМ ва ўсіх кутках краіны. Дапамагаюць з нарыхтоўкай дроў ветэранам і людзям з інваліднасцю, якія жывуць у прыватных дамах. Фота і відэа пра гэта размяшчаюць у інтэрнэт пад хэштэгам #эстафетатепла.

На вытворчай тэрыторыі лясгаса таксама застукалі сякеры. Майстар-клас паказаў галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса А.М.Апёнак. Смела ўзяліся за сякеры не толькі хлопцы, а і дзяўчаты. І нават устроілі спаборніцтва паміж раёнамі. Ну а наколатыя дровы ў гэты дзень адправіліся аднаму з ветэранаў.

Памяць у сэрцах жыве

Улічваючы гераічнае мінулае Ушаччыны, госці раёна не маглі абмінуць знакавыя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай. Удзельнікі форуму ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. Дарэчы, там была адкрыта стылізаваная шыльда з QR-кодам у рамках гісторыка-міжнароднага праекта “Лічбавая зорка”, які рэалізуецца БРСМ. На спецыяльнай інтэрнэт-платформе маецца інфармацыя пра воінскія пахаванні Віцебшчыны. Навёўшы смартфон на код, можна даведацца пра гісторыю помніка. Шыльда ў нашым скверы стала 20-й па ліку ў рамках прыгаданага праекта. Першымі праверылі работу кода маладзёжныя лідары Уладзімір Бабічаў і першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель.

Сімвалічна, што фінальнай кропкай форуму стаў мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Нягледзячы на ўстойлівы мінус на вуліцы, стомленасць у канцы дня ўсе ўважліва слухалі аповед пра мемарыял і няспешна клалі кветкі да пліт з імёнамі загінуўшых. Былі запалены і дзясяткі лампадак – з іх моладзь склала слова “Памяць”, аддаўшы такім чынам даніну павагі тым, хто здабываў перамогу.

* * *

“Хто з вас сёння знайшоў новых сяброў, абмяняўся кантактамі ці адкрыў для сябе штосьці новае?” – такое пытанне ўдзельнікам форуму напрыканцы сустрэчы задала М.У.Навіцкая. І практычна ўсе маладыя спецыялісты не раздумваючы паднялі руку. А гэта значыць, што мерапрыемства для моладзі, праведзенае ў новым фармаце сапраўды прынесла плён і карысць. Ну а развітваючыся прадстаўнікі раёнаў казалі, што пра Ушаччыну ў іх засталіся самыя пазітыўныя ўражанні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *