Выпускник Глыбочанской школы Андрей Бритик о своей учёбе в Военной академии

Образование и молодежь

Ваенкамат, дом, школа, сустрэча з сябрамі. Водпуск у курсантаў непрацяглы, але Андрэй Брыцік даўно ўмее рацыянальна размяркоўваць час і рабіць яго максімальна насычаным. Знайшоў хвіліну і на размову з журналістамі. Усё па паліцах, скрупулёзна і дакладна, як і належыць будучаму афіцэру. Аб тым, што зрабіў правільны выбар, сведчыць не толькі лёгкасць навучання ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Юнак – арганізатар па натуры, а менавіта зносіны з людзьмі, прыняцце рашэння стануць галоўнымі яго абавязкамі.

А пакуль “практыкуецца” на былых аднакласніках. За паўтара гады вучобы не толькі не разгубілі сувязяў, а замацавалі школьнае братэрства. Абавязкова сустракаюцца летам, падчас усіх канікулаў, падтрымліваюць стасункі на працягу года, тым больш што графік у пяцярых выпускнікоў Глыбачанскай школы 2022 года практычна супадае. Вось і ў першую суботу ўсе былі на вечары сустрэчы. Ну а збіраў іх, канечне, Андрэй.

Не завітаць да настаўнікаў не можа. Дзякуючы Ларысе Валянцінаўне Каліноўскай і Іне Аляксееўне Сяліцкай без праблем даецца тэарэтычная механіка і іншыя дакладныя дысцыпліны. А класнаму кіраўніку Кацярыне Дзмітрыеўне Літвін удзячны за сяброўства. Ну а выкладчык ваеннай падрыхтоўкі і фізічнай культуры Арцём Іванавіч Церашкавец дапамог вызначыцца з выбарам і паспрыяў яго рэалізацыі. Хоць і адменена была пры яго паступленні здача нарматываў, фізічная загартоўка для будучага афіцэра застаецца на першым месцы. Сведчаннем таму – 30 адлічэнняў з курса толькі за год. Андрэй жа прызнаецца, што хіба жым ад полу “падцягваў”, з астатнім – ніякіх праблем. Курс маладога байца прайшоў лёгка, ну а па тэнісе, якім як і валейболам займаўся ў Глыбачанскай СШ, наогул у ліку пераможцаў на факультэцкіх спаборніцтвах.

У спартыўную залу, аснашчаную рознымі трэнажорамі, наведваецца і ў час самападрыхтоўкі. Дакладней, атрымаў неабходны для гэтага дазвол, паколькі паспяхова спраўляецца з вучобай. Выдатная і бібліятэка акадэміі. Ну а выбар менавіта агульнавайсковага факультэта юнак лічыць самым трапным. Іх, падкаваных літаральна па ўсіх вайсковых спецыяльнасцях, могуць накіраваць у любую часць краіны, ад блізкай да дому – у Заслонаве, да мінскіх ці гродзенскіх.

Налягае на спецыяльныя прадметы і малодшы брат Вадзім, якому Андрэй дае слушныя парады. Ён таксама вырашыў стаць ваенным. На сямейным савеце маці адобрыла выбар. Немалаважным аказалася і тое, што Ганна Анатольеўна адна выхоўвае сыноў, а зарплата ў повара дзіцячага сада не надта вялікая. Наўрад ці змагла б здымаць для сына жыллё ў сталіцы ды дапамагаць капейкай. А курсанты, як вядома, знаходзяцца на поўным забеспячэнні і стыпендыю атрымліваюць. Але галоўнае, рада жанчына, што ўсё там Андрэю па душы. Пацвярджае гэта заўжды бадзёры голас па тэлефоне – на сувязі штодня ўвечары. Ды і дадому прыязджае шчаслівы. Камунікабельны юнак падтрымлівае сувязі і з зямлячкай Лізай Казловай, якая таксама вучыцца на агульнавайсковым факультэце, толькі на псіхолага і на першым курсе. І канечне, ганарыцца, што Глыбачанская школа так прадстаўлена ў галоўнай вайсковай ВНУ краіны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *