Старт королевы полей

Сельское хозяйство

Кукуруза ўтрымлівае ў сабе шэраг карысных элементаў, вельмі патрэбных жывёле, з яе атрымліваецца пажыўны корм. Хоць каралева палёў і лічыцца затратнай культурай, аднак адмаўляцца ад яе вырошчвання ўсё ж немэтазгодна. Таму ў гэтым годзе кукуруза па-ранейшаму будзе расці на палетках усіх гаспадарак раёна.

Хоць і завершана сяўба зерневых, нельга сказаць, што пасяўная кампанія скончылася – зараз палеткі гаспадарак яшчэ засяваюцца кукурузай. Аптымальныя тэрміны сяўбы для гэтай культуры якраз у маі. План сяўбы кукурузы ў КУСГП “Арэхаўна” сёлета 350 гектараў. Аграрыі гаспадаркі ўпэўнены, што пад сілу справіцца з такой задачай.
– Больш тысячы гектараў засеялі зерневымі, зараз яшчэ дасяваем яравы рапс і вось ужо некалькі дзён – кукурузу, – расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Арцём Баяронак.
Для маладога спецыяліста гэта ўсяго толькі другая пасяўная кампанія, але, нягледзячы на небагаты вопыт, праяўляе старанне да работы, у цяперашнюю гарачую пасяўную кампанію пастаянна знаходзіцца на палетках, там, дзе працуе тэхніка. Многія механізатары працуюць у гаспадарцы шмат гадоў і далёка не першы сезон займаюцца сяўбой. Малады спецыяліст паважліва адносіцца да сваіх калег, прыслухоўваецца да іх.
На гэтым тыдні засталі агранома на полі бліз Арэхаўна, дзе сеяў кукурузу Аляксандр Леанідавіч Каваленка. Механізатар з немалым стажам шмат гадоў правёў за штурвалам трактара і камбайна, чацвёрты год запар сее кукурузу спецыяльным пасяўным агрэгатам. З ранку і да самага вечара ў полі, ужо засеяў больш 50 гектараў. Усяго ж па раёне ўжо пасеяна 1276 гектараў кукурузы.
Не паспееш азірнуцца, як неўзабаве поле каля Арэхаўна зноў зазелянее, а потым будзе стаяць высокай сцяной каралева палёў.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: А.Каваленка і А.Баяронак. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *