Игорь Владимирович Климашевский

Общество

Армрэстлінг – найстаражытны від спорту. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ён быў адроджаны ў Амерыцы, а ў 90-х атрымаў распаўсюджанне на нашым кантыненце. Знешняя прастата стварае ілюзію таго, што займацца ім лёгка. Аднак гэты від тэхнічна складаны і траўманебяспечны. Дастаткова сказаць, што частата сардэчных скарачэнняў у час паядынку даходзіць у рукаборцаў да 200 удараў за хвіліну. Звязваюць сваё жыццё з армрэстлінгам выключна моцныя і целам, і духам людзі. Менавіта такія, як Ігар Уладзіміравіч Клімашэўскі, дырэктар Ушацкай ДЮСШ.

З маленства Ігар быў прывычны да фізічнай працы, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а з чацвёртага класа працаваў летам на калгасным зернетаку поруч з дарослымі. Назіраў за старэйшымі вясковымі хлопцамі, якія практыкаваліся ля Жарскай школы з самаробнай штангай. Па іх прыкладзе майстраваў сабе імправізаваныя “гіры” з мяшочкаў з пяском, прыладзіў на дубе ля хаты турнік.
Фізічная моц і ўпарты характар дапамаглі яму праз колькі год пераадолець армейскія выпрабаванні – нярэдка даводзілася пастаяць за сябе, а некаторыя “спрэчныя” пытанні вырашаліся ў казарме, дарэчы, праз… паядынак на руках. Наўрад ці мог тады здагадвацца хлопец, кладучы адзін за адным сапернікаў запясцямі на стол, што менавіта армрэстлінг стане справай яго жыцця…
Яшчэ да арміі Ігар спрабаваў паступіць у Мінскі інстытут фізічнай культуры, адвучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні, паспяхова здаў іспыты, але ў апошні момант медыцынская камісія “адшукала” ў яго нязначны дэфект зроку. Было да таго крыўдна – амаль што ўпершыню ў жыцці юнак не мог стрымаць слёз…
Але мара засталася… Пасля арміі ён прыйшоў працаваць ва Ушацкую школу і завочна паступіў у Віцебскі педінстытут. У 1993 годзе ўпершыню паспрабаваў сябе на спаборніцтвах па армрэстлінгу. Вельмі боязна было самавучку, пабачыўшы вялізную афішу з пералікам славутых удзельнікаў, падумваў нават збегчы. Але спаборніцтвы склаліся амаль трыумфальна: Ігар дайшоў да фіналу, ды ў вырашальным баі з-за нявопытнасці надарваў звязкі. Потым было яшчэ мноства паядынкаў, на якіх наш зямляк дастойна прадстаўляў Беларусь на еўрапейскім узроўні.
Неўзабаве пачалася і яго трэнерская кар’ера. Калі Ігару прапанавалі ўзначаліць ДЮСШ, вагаўся: вельмі ўжо змрочна і непрыстасавана выглядаў на той час стары будынак, адведзены юным спартсменам – напаўразбураныя печы, адсутнасць водаправода і каналізацыі. Але новы дырэктар прыйшоў сюды, як кажуць, сур’ёзна і надоўга. Аддзел адукацыі райвыканкама вылучыў сродкі, будынак адрамантавалі. Атрымаўся, вядома, не палац, але больш-менш утульная “спартыўная хата” (так, дарэчы, яе ў народзе і завуць). Хата, праўда, цеснавата – у ёй поруч “жывуць” пяць відаў спорту: дзюдо, самба, настольны тэніс, футбол і, вядома, армрэстлінг. Апошні папоўніў скарбонку дасягненняў Ушаччыны, і, калі б ён уваходзіў у алімпійскую праграму, ДЮСШ магла б разлічваць на куды больш значную дзяржаўную падтрымку.
Але ёсць як ёсць, і Ігару Уладзіміравічу застаецца толькі працаваць, шчыра і штодзённа, укладваць сваю душу па часцінках у кожнага выхаванца, таленавітага і не вельмі – калі душа такая вялікая, яе на ўсіх хопіць. Дарэчы, вось яны, на стэндзе за рабочым сталом дырэктара, кожны здымачак – нібы пазл у складанай жыццёвай мазаіцы, з кожным звязана пэўная спартыўная гісторыя…
1998 год – дэбют Ігара ў якасці трэнера, спаборніцтвы ў Баранавічах. Сціплая дзяўчынка з Долец Алеся Пепелка нечакана заняла другое месца, выканаўшы нарматыў КМС. 2001 год – першы выезд за мяжу ў Швецыю і першы буйны поспех: Аляксандр Смаргун стаў трэцім у Еўропе. У наступным годзе Таня Пархоменка на першынстве свету ў Славакіі змагалася ў фінале за першае месца і саступіла славачцы – суддзі крыху “дапамаглі” гаспадыні спаборніцтваў.
Далей быў цэлы парад зорак армрэстлінгу: Валерый Сматроў і Уладзімір Ігнатовіч – срэбраныя прызёры чэмпіянатаў Еўропы, Аляксандр Лабань, які выйграў два гады таму ў Сафіі першынство Еўропы на абедзве рукі, і, вядома, Жэня Каваленка – сёлетні пераможца еўрапейскага чэмпіянату, надзвычай перспектыўны 16-гадовы юнак, максімаліст, для якога як мэта існуе выключна першае месца. Трэба было бачыць, як засмуціўся хлопец, калі саступіў у фінальным паядынку на правую руку, зноў-такі, не без судзейскага прыціску (беларусам, каб перамагаць, трэба быць на галаву мацнейшымі за сапернікаў).
Увогуле ж, за сваю трэнерскую кар’еру Ігар Уладзіміравіч падрыхтаваў 27 кандыдатаў у майстры і 11 майстроў спорту па армрэстлінгу, а таксама 7 КМС і 2 майстроў па гіравым спорце.
Зараз у трэнера новыя выхаванцы – летась ён набраў эксперыментальную групу 9-10-гадовых хлопчыкаў. Каб не адштурхнуць дзяцей манатоннасцю трэніровак, праводзіць заняткі ў гульнявой манеры і з гонарам адзначае, што хлопчыкі, якія прыйшлі да яго слабенькімі, зараз ужо падцягваюцца па 20 разоў.
З вялікай цеплынёй расказвае Ігар Уладзіміравіч пра сваю жонку Алену і дзяцей, бо лічыць, што без сямейнага дабрабыту сапраўднае жыццёвае шчасце немагчыма, а ўсе спартыўныя рэкорды недарэчны, калі радасць за іх няма з кім падзяліць. Не забываецца ён і пра сваю малую радзіму – вёску Жары, даглядае бацькоўскую хату. Маці з бацькам даўно ўжо пайшлі з жыцця, але ўсё так жа стаіць на родным двары стары дуб, на месцы і той турнічок, што майстраваў Ігар амаль сорак год таму. Толькі ён так шчыльна ўрос у дрэва – не адарваць. Вось так і гаспадар – прыкіпеў і прырос душой да сваёй справы, да тых, хто побач, да роднай Ушаччыны…
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: І.У.Клімашэўскі і Улад Гайко.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *