В музее народной славы работает выставка картин «Свет души человеческой», посвященной памяти художника Михаила Козицкого

Культура

Гэту выставу на Ушаччыне чакалі многія – і даўнія прыхільнікі таленту нашага земляка М.А.Казіцкага, і зусім юныя яго “паслядоўнікі”. У апошнія дні снежня ўсе яны сабраліся ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка на ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі, якая адбылася дзякуючы жонцы мастака Валянціне Сцяпанаўне, іншым блізкім – сям’я прадставіла карціны Міхаіла Антонавіча з уласнай калекцыі. Унікальнасць выставы яшчэ і ў тым, што побач з бацькавымі пачэснае месца занялі работы малодшай дачкі Антаніны.

М.А.Казіцкі нарадзіўся ў 1949 годзе ў Архангельску. На Ушаччыну сям’я пераехала, калі той вучыўся ў трэцім класе. Яго аднакласніца Людміла Рыгораўна Карабань расказала прысутным, якім творчым быў Міхаіл Антонавіч ужо ў юным узросце – не толькі выдатна маляваў, але і пісаў вершы, спяваў. Запісы яго песень, дарэчы, прагучалі на мерапрыемстве і выклікалі ў прысутных слёзы, як і верш Міхаіла Антонавіча, які прадэкламавала ўнучка Яначка.

Многія карціны М.Казіцкі пісаў па сваіх снах. Адна з такіх – “Міражы”, на якой адлюстраваны мастак, які бачыць у небе храм і ідзе да яго. Самай жа глыбокай яго работай многія называюць “Бацькаўшчыну”.

М.А.Казіцкі працаваў мастаком-афарміцелем у Наваполацку і на маторным заводзе ў Мінску, паралельна наведваў лепшыя студыі выяўленчага мастацтва. Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута быў мастаком-пастаноўшчыкам спектакля па п’есе В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. У 1980-м вярнуўся на Ушаччыну, працаваў у мастацкай майстэрні, Доме рамёстваў, больш 20 гадоў узначальваў студыю выяўленчага мастацтва ў цэнтры пазашкольнай работы. Дарэчы, многія яго выхаванцы сталі студэнтамі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.Машэрава.

Аўтапартрэт мастака.

Калі Міхаілу Антонавічу было 40, ён прыняў хрышчэнне і пачаў працаваць над стварэннем карцін біблейскай тэматыкі. У свой час вырабіў іканастасы, для Святапараскевінскай царквы ў Арэхаўне і вялікамучаніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ў г.п.Ушачы. У 2013-м імя мастака ў ліку лепшых прадстаўнікоў прафесіі ўнесена ў рэспубліканскую энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь” (стар.107). Многія работы М.А.Казіцкага знаходзяцца ў прыватных калекцыях не толькі ўшачан, але і ў Расіі, Ізраілі, Германіі, Латвіі, Польшчы, ЗША.

Аўтарскія мішкі тэддзі, асабліва “ўзроставыя”, высока цэняцца і нярэдка перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Ва ўсім свеце нямала калекцыянераў такіх работ. Да іх ліку можна аднесці і вядомую расійскую тэлевядучую Алену Малышаву, якая заўсёды прыходзіць на падобныя выставы ў Маскве і абавязкова штосьці набывае. Ёсць у яе і работы Антаніны Казіцкай.

Кажуць, што на дзецях таленавітых бацькоў прырода адпачывае. Але гэта дакладна не пра сям’ю Казіцкіх. Антаніна пайшла па слядах таты – скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва, працавала ў розных сферах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: ткала габелены, стварала мадэлі адзення, размалёўвала фарфор, кафлю і шкло, была мастаком-дэкаратарам ГУМа, займалася дызайнам мэблі. У апошнія ж гады галоўная яе любоў – аўтарскія лялькі і мішкі тэддзі (звяркі на шплінтавым злучэнні з пілаваннем унутры). Першыя Антаніна выконвае ў змешанай тэхніцы з выкарыстаннем тэкстылю, пластыку, які сам цвярдзее, вышыўкі. Матэрыял выбірае ў залежнасці ад вобразу – аддае перавагу вінтажным тканінам, старым гузікам, плюшу. А.Казіцкая – пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў, напрыклад, неаднойчы запрашалася на выставу “Fantanima” ў Японіі, яе работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Германіі, Італіі, Латвіі.

А.Казіцкая з дачкой Янай.

Ні адзін экспанат выставы Казіцкіх і ў дзень адкрыцця, і пасля яго не застаўся без порцыі захопленых водгукаў. Дарослыя наведвальнікі падоўгу ўглядаліся ў карціны Міхаіла Антонавіча, знаходзячы на іх і ўшацкія пейзажы, і да болю знаёмы позірк мастака. Школьнікі ж з захапленнем вывучалі лялькі Антаніны, са сваімі педагогамі з цэнтра дзяцей і моладзі бралі на карандаш творчыя знаходкі, якія гэтак жа паспрабуюць рэалізаваць.

Калі вы яшчэ не паспелі пазнаёміцца са “Светам душы чалавечай”, паспяшайцеся – экспазіцыя будзе працаваць да канца студзеня.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *